Умеют ли островчане экономить интересовался корреспондент "Астравецкай праўды"

10:20 / 23.06.2012
В качестве иллюстрации использовано изображение с сайта bbcont.ru

Цэны за апошні год узраслі літаральна на ўсё. І не на некалькі працэнтаў, а ў разы. Канешне, падымаюцца і зарплаты, павялічваюцца пенсіі і датацыі на дзяцей, але ўзровень жыцця насельніцтва тым не менш знізіўся.
Ці навучыліся пасля гэтага нашы людзі эканоміць? Калі так, то на чым? З гэтымі пытаннямі і звяртаўся наш карэспандэнт да сустрэчных на вуліцах Астраўца.
 


 Наталля Уладзіміраўна Грышчук, паштальён:
– Перш за ўсё трэба навучыцца жыць па сродках. Плануючы рабіць пакупкі, добра падумаць, ці так гэта неабходна. А яшчэ пара зганяць з сябе прыродную ляноту, бо пад ляжачы камень вада не цячэ. Хочаш добра жыць – умей круціцца! Сваёй працай заробленую капейку  куды папала траціць не будзеш і дзе можна – сэканоміш.
 


  


Норберт Іосіфавіч Мацясовіч, госць з Вільнюса:
– Лічу, што крызіс унутры людзей куды страшнейшы, чым любы фінансавы. Ён душы губіць, а гэта выправіць няпроста – амаль немагчыма.
Жыць стала цяжэй тым сем’ям, у каго дзеці вучацца, хто плаціць крэдыты ці адзін корміць усю сям’ю.
Мы з жонкай атрымліваем добрую пенсію, нам хапае на аплату камунальных паслуг і на пражытак. Але пакуль ёсць сілы і жаданне, я працую вартаўніком. Грошы ж, як вядома, не бываюць лішнімі.
 


Вольга Мікалаеўна Міхновіч з сынам Паўлам, жыхары в. Маркуны:
– Мы з мужам працуем на ферме. Заробак невялікі, таму і магчымасці нашы абмежаваны. Прыходзіцца эканоміць. Добрае падспор’е – падсобная гаспадарка. Мы перажылі больш цяжкія 90-я гады, так што да крызісу прызвычаіліся, а маладым цяжка ўраўнаважыць свае патрэбы і жаданні.
Зараз вось сыну хочам купіць камп’ютар. З зарплаты зрабіць гэта не атрымаецца, давядзецца браць крэдыт у банку  або купляць у растэрміноўку.
 


Іван Мар’янавіч Субач, жыхар в. Спонды:
– Многія лічаць, што вяскоўцам жыць лягчэй, бо яны трымаюць сваю гаспадарку. Але ніхто не падлічваў, колькі для гэтага трэба працаваць, асабліва летам – і рана ўстаць, і позна легчы, і не жаліцца, калі рук не чуеш ад стомы. Я працую вадзіцелем на школьным аўтобусе, а жонка ўвесь вольны час праводзіць на агародзе. Мы трымаем гаспадарку, але лішніх грошай няма. Але спадзяемся толькі, што з часам жыць стане лягчэй.
 Ніна Станіславаўна Андрушкевіч:
– На чым зможа сэканоміць пенсіянер? Ну, на адзенні – у старым паходзім… Але есці ж трэба, за кватэру плаціць – таксама.
У маладых, хто не лянуецца і не ляжыць, чакаючы з мора надвор’я, сітуацыя іншая – ёсць магчымасць  зарабіць грошы на свае патрэбы. Я ведаю людзей, якія, нягледзячы на крызіс, сталі паспяховымі. Так што працуйце, не лянуйцеся, пакуль маеце сілы і здароўе – тады і крызісу не будзе.


 


Гутарый Іван ПЕТРЫК.