Якія планы на лета? – пацікавіўся журналіст у астраўчан

09:12 / 01.06.2023

Вось і лета прыйшло… Мы так доўга марылі пра яго доўгімі асеннімі вечарамі, кароткімі зімовымі днямі, не па-вясенняму халоднымі майскімі ранкамі… «Лето – это маленькая жизнь», – сцвярджаў вядомы расійскі бард Алег Міцяеў. Як збіраюцца сёлета пражыць гэтае «маленькае жыццё» некаторыя з жыхароў Астравеччыны, пацікавіўся наш карэспандэнт.

2.jpg

Валянціна Міхайлава, настаўніца пачатковых класаў Альхоўскай СШ:

– На праваслаўную Тройцу збіраемся з'ездзіць на радзіму мужа ў Пскоўскую вобласць. Там такая традыцыя: у гэты дзень збіраецца на могілках уся радня, памінаюць продкаў. І мы хочам пабыць там, пабачыцца з роднымі. У чэрвені буду працаваць: у школе арганізоўваецца летнік з дзённым знаходжаннем дзяцей. А потым, калі пачнецца водпуск, буду працаваць бабуляй: дачка выйшла на работу пасля дэкрэтнага адпачынку, унукаў прывязуць да нас у вёску – тут ім раздолле. Ну а нам з дзедам – радасць! Хоць і клопаты, вядома ж…

1.jpg

Эльвіра Казлоўская, выпускніца Варнянскага НПК:

– Гэтае лета ў мяне асаблівае, выпускное: крыху радаснае, крыху сумнае, вельмі хвалюючае. Экзамены мы ўжо здалі, наперадзе – выпускны, тэсціраванне, паступленне. Збіраюся падаваць дакументы ў педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Мару стаць настаўнікам пачатковых класаў – вельмі люблю дзяцей і хачу, каб будучая прафесія была звязана з імі. Спадзяюся, што ўсё ў мяне атрымаецца. А затым буду адпачываць і набірацца сіл перад новым этапам жыцця. Гэты год быў вельмі напружаны: падрыхтоўка да экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання. Да таго ж наша школьная каманда вясёлых і знаходлівых “Сям’я” амаль увесь навучальны год рыхтавалася то да раённага конкурсу, то да абласнога, то да рэспубліканскага – гэта забірала шмат сіл і энергіі. Хоць вынік – першае месца ў рэспубліцы – кампенсаваў усё і падарыў нашай “Сям’і” ні з чым не параўнальную радасць і эйфарыю. Адпачываць буду дома. Гэта лепш за ўсё: займацца тым, чым хочацца,  з роднымі людзьмі, у камфортнай абстаноўцы.

4.jpg

Саша Івашка, гімназіст:

–Лета ўжо распланавана. Спачатку – экзамены за 9 клас. Затым – работа ў студэнцкім атрадзе. Пасля – спаборніцтвы “Скураны мяч”. Ці наадварот? У любым выпадку, чэрвень – гэта экзамены, фубол і студатрад. Пасля гэтага паеду на два тыдні ў летнік, мама запісала. Назву забыўся, але кажуць, цікава там. Пабачым… А напрыканцы лета плануем усёй сям’ёй выбрацца куды-небудзь на адпачынак.

3.jpg

Марына Крэкава, майстар па манікюры і педыкюры:

– Ох, лета-лецейка… Як доўга яго чакаеш, як хутка яно пралятае… Тым больш што летам я буду ў асноўным працаваць. А як інакш? Не намі сказана: мы ў адказе за тых, каго прыручылі. У кліентаў ручкі-ножкі павінны быць у парадку, і займацца гэтым трэба рэгулярна. Да таго ж, па шчырасці, грошы патрэбны: машыну рамантаваць, кватэру… Ну, можа, з дзецьмі на пару дзён у Маскву зганяю. Хай пацешацца. І ўсё ж мару, што напрыканцы лета вырвуся на мора! Хоць на некалькі дзянькоў. Без мора ў мяне ломка пачынаецца…

Генадзь Галяк, рэгіянальны прадстаўнік інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Мінфіна (без фота):

– Чым летам буду займацца? Тым, чым ужо доўгі час займаюся: рамонтам дома, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Даўно вядома: рамонт можна толькі пачаць і прыпыніць, закончыць яго немагчыма. Хоць я спадзяюся сёлета ўсё ж паставіць кропку ў гэтай справе. А адпачываць плануем на Сарачанскіх азёрах: час ад часу выбіраемся на Ёдзі ці Тумкі сяброўскай кампаніяй з сем’ямі.  

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива респондентов