Островецкие гимназисты посетили Варшаву

19:00 / 07.05.2013
Гімназія №1 Астраўца падпісала дагавор аб супрацоўніцве ў культурнай і адукацыйнай сферах з адной з польскіх школ. У рамках гэтага пагаднення 20 красавіка бягучага года адбылася экскурсія педагогаў і гімназістаў у Варшаву.

Сталіца Польшы сустрэла нас цёплым красавіцкім ранкам ва ўсёй сваёй прыгажосці. Прыграе ласкавае вясенняе сонейка, велічная Вісла нясе воды ўздоўж берагоў, якія дыхаюць гісторыяй, – і так хочацца даведацца як можна больш новага і цікавага.
Экскурсія пачалася ад помніка польскаму кампазітару Фрэдэрыку Шапэну ў Саксонскім парку. Гэты парк з’яўляецца любімым месцам адпачынку варшавян. Кожную нядзелю з сярэдзіны мая і па верасень у ім гучаць вальсы і паланэзы Шапэна.
Далей пешшу крочым на Старуўку, або Стары горад. Гэта ўнікальнае месца. Разбураны амаль на 90 працэнтаў падчас Другой Сусветнай вайны, затым адноўлены з такой дакладнасцю, што ЮНЕСКА ўнесла яго ў Спіс сусветнай спадчыны. Непаўторную атмасферу Старуўкі ствараюць утульныя кафэ на адкрытым паветры (літаральна на кожным кроку), а таксама вулічныя мастакі са сваімі карцінамі.
Далей – Канонія. Гэта маленькая трохвугольная плошча, у цэнтры якой стаіць велізарны бронзавы звон 17 стагоддзя. Гімназісты і педагогі, трымаючыся рукамі за звон, загадваюць патаемныя жаданні. На плошчы Канонія знаходзіцца саамы вузкі дом сталіцы Польшы – “дом на адно акно” (зямля ў цэнтры была вельмі дарагая, аплата вылічвалася па шырыні фасада). Так гаспадары хітравалі ў аплаце за зямлю.
Далей двухпавярховы аўтобус вязе нас у заапарк. Варшаўскі заапарк – гэта не толькі 5 тысяч жывёлін, але і 40 гектараў зялёнага парку з чыстым паветрам і пышнай расліннасцю. На першы погляд здаецца, што драпежныя жывёлы свабодна гуляюць па тэрыторыі. Прыгледзеўшыся, заўважылі, што велізарныя вальеры акружаны вадой. Большасць гімназістаў упершыню ўбачыла на свае вочы экзатычных жывёл і птушак: сланоў, гібонаў, насарогаў, жырафаў, пінгвінаў, пеліканаў. Эмоцыі перапаўнялі не толькі вучняў, але і педагогаў. Сапраўды, лепш адзін раз ўбачыць, чым некалькі разоў пачуць.
Стомленыя, але задаволеныя, ідзём у аўтобус. Напрыканцы – Макдональдс і супермаркет. Цяпер праграма выканана. Дарога дамоў заўсёды карацейшая. Сонных, стомленых, але шчаслівых гімназістаў сустакалі не менш шчаслівыя таты і мамы.


-----------------------------------------------------------
Паліна ВАЛЬЧУК, 6 “А” клас гімназія №1.