Островецкий танцевальный коллектив «Нон-стоп» победил в областном фестивале-конкурсе «Таленты Прынямоння – 2024»

15:00 / 26.04.2024


Выхаванцы Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі скарылі танцавальны алімп XXVI абласнога фестывалю-конкурсу «Таленты Прынямоння – 2024»: сталі пераможцамі ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць”.

Прадстаўлялі наш раён на фестывалі дзяўчаты, якія займаюцца ў гуртку Наталлі Янкоўскай “Нон-стоп”, – яны адзіныя, хто прайшоў рэгіянальны адбор з правам удзельнічаць у абласным гала-канцэрце.

– Гэта адзін з самых складаных конкурсаў – на ўзроўні рэспубліканскага “Прывітанне, свет!”. Журы прад’яўляе высокія патрабаванні да якасці выступленняў – не толькі зладжаныя рухі, складаныя элементы, але і эмоцыі, каб атрымаўся танцавальны спектакль. Там узнагароды за так не раздаюць, – расказвае педагог.

Выхаванцы расказалі, што падчас рэгіянальнага адбору ўзровень майстэрства іншых канкурсантаў ацаніць не змаглі – кожны раён паказваў на сцэне свой творчы блок без гледачоў.

– І гэта дапамагло не даць разыграцца хваляванню, маўляў, яны класна станцавалі, касцюмы лепшыя. Мы проста атрымлівалі задавальненне ад таго, што робім, – усміхаюцца гурткоўцы. – Дарэчы, падчас гала-канцэрта спалохацца таксама не паспелі: стоячы за кулісамі, пачулі, што зайграла наша танцавальная кампазіцыя – нумар не аб’явілі, але мы хутка зарыентаваліся і выйшлі на сцэну. А ўвогуле канцэрт быў цудоўны, лічым, што ў якасці гледачоў на яго трэба запрашаць тых, хто не прайшоў адбор, каб павучыліся. Мы, да слова, ўзялі на заметку некаторыя моманты.



Фота з архіва гуртка “Нон-стоп”.

Текст: Рита Дремо