Её песни никого не оставляют равнодушным

17:00 / 03.04.2013
Дома і на працы гучаць песні. Нават тады, калі дзяўчына засынае, дзесьці побач кружаць знаёмыя з дзяцінства і дагэтуль невядомыя мелодыі – і яна патанае ў музыцы, хвалі чароўных спеваў прыносяць доўгачаканы сон…

Яна пераступіла парог Варнянскага Дома культуры адразу пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў – і не пазнала родны клуб. Прасторныя залы, утульны кабінет, новае сталяванне і падлога, сучасная апаратура. А галоўнае – у памяшканнях было цёпла.
Мая памятала той час, калі была вучаніцай Варнянскай школы, і пасля заканчэння ўрокаў бегла сюды, каб зліцца ў адно сваім моцным голасам з музыкай – і нарадзіць новую песню.
Кожны нумар, кожнае выступленне каштавала дзяўчынцы непамерных высілкаў: яна да дрыжыкаў у каленках баялася сцэны. Калі вядучы аб’яўляў прозвішча дзяўчынкі, яна моцна хвалявалася, але прымушала сябе выйсці да слухачоў. І з першых нот хваляванне знікала, растваралася. Заставалася толькі Мая – і яе песня. Для дзяўчыны музыка – сэнс жыцця. Пагэтаму хваляванне, якое прысутнічала першым часам, паступова змянілася ўпэўненасцю ў сваіх сілах.
Калі Мая вучылася ў старэйшых класах Варнянскай СШ, падлічыла, што праспявала каля 150 песень. Родную школу і клуб прадстаўляла на раёне і вобласці. У складзе студэнцкага хору “Верасы” разам са сваімі аднагрупнікамі Мая падымалася на трэцюю прыступку рэспубліканскага конкурсу. Праект “Зорны дождж 2” падарыў дзяўчыне магчымасць увайсці ў фінал…
За плячыма была спецыяльнасць “народная творчасць і харавая музыка” – студэнцтва пакінула пасля сябе мноства ідэй і задум. А ў жыцці пачыналася праца… Дзяўчыне прапанавалі пасаду дырэктара Варнянскага СДК – і яна згадзілася. Мая моцна перажывала з-за таго, ці зможа знайсці агульную мову са сваімі падначаленымі, таму што ў калектыве, які налічваў пяць чалавек, яна была самай маладой. Хвалявалася: ці апраўдае надзеі, ускладзеныя на яе дзявочыя плечы?
Ірына Іванаўна Расамацкая, якая першай выявіла талент Маі і дзякуючы якой дзяўчына звязала сваё жыццё з музыкай, прыйшла на дапамогу сваёй былой вучаніцы. Дапамагала прафесійнымі парадамі і добрым словам. Падтрымка роднай цёткі – Таццяны Вітольдаўны Клышко, харэографа Варнянскай школы мастацтваў – таксама дапамагала ў першых працоўных кроках Маі.
Дзяўчына часта ўспамінала бабулю, Марыю Ляшчэўскую, першую спявачку на вёсцы. Моцны голас і матывы народных песень не пакідалі раўнадушнымі ніводнага слухача Чыжоўшчызны, у тым ліку і маленькую ўнучку. Да Марыі Іванаўны прыходзілі людзі, якія збіралі этнаграфічныя матэрыялы, і запісвалі на дыктафон песні ў яе выканні, каб захаваць чароўны скарб.
Бабуля радавалася ў песні і сумавала. І Мая зразумела, што галоўную ролю іграе не музычная адукацыя, а душа, якую ты ўкладваеш у песню. Дзяўчына вырашыла, што ўсе свае сілы і намаганні аддасць працы.
Калектыў прыняў Маю Ляшчэўскую з першых дзён, нягледзячы на адсутнасць вопыту ў маладога дырэктара.
“Культурная” сям’я Варнянскага СДК невялікая – пяць чалавек працуюць разам пад адным дахам. Наталля Уладзіславаўна Стакун з’яўляецца мастацкім кіраўніком; Наталля Валер’еўна Літвін – хормайстрам народнага ансамбля народнай песні “Світанак”. Вялікую адказнасць за музычнае афармленне мерапрыемстваў і канцэртаў нясуць акампаніятары: Ірына Іванаўна Расамацкая і Аляксандр Пятровіч Альховік, які, дарэчы, піша песні для рэпертуару “Світанка”.
Пры Доме культуры працуюць розныя гурткі, як для дзяцей, так і для дарослых. У хуткім часе работнікі культуры спадзяюцца парадаваць варнянцаў тэатральнай пастаноўкай па п’есе Самуіла Маршака “Кошкін дом”. Дэкарацыі і касцюмы ствараюць уласнымі рукамі – каб толькі дзеці прыходзілі і ўдзельнічалі ў самадзейнасці. У маі запланаваны дабрачынны канцэрт: сабраныя сродкі пойдуць на рамонт праваслаўнага храма Свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Цудатворцы… На аматарскае аб’яднанне “Вячоркі”, якое ўзначальвае Мая Валянцінаўна, кожны месяц прыходзяць сямейныя пары. Конкурсы, гульнявыя праграмы, абмеркаванне “вострых” тэм дапамагаюць любячым людзям рабіць разнастайным свій досвед.
Дуэт Маі Ляшчэўскай і Аляксандра Альховіка, якія выбралі для сябе цыганскую тэматыку, цешаць вока яркімі касцюмамі, а слых – цудоўным выкананнем рамансаў.
Маладому кіраўніку ўдалося наладзіць цесныя сувязі і з каталіцкім касцёлам, і з праваслаўнай царквой, і са школай мастацтваў. Работнікі Варнянскага Дома культуры заўсёды ідуць насустрач і дапамагаюць арганізацыяй мерапрыемстваў усім жадаючым. Мая Валянцінаўна шчыра ўдзячна СВК “Варняны” за тое, што кіраўніцтва кааператыва падтрымлівае матэрыяльна і забяспечвае транспартам.
Складанасці ўзнікаюць тады, калі насельніцтва трэба інфармаваць аб мерапрыемствах – адсутнічае інфармацыйная дошка. А аб’явы, створаныя рукамі Наталлі Уладзіславаўны, больш чым два дні “не жывуць”. Камусьці моцна свярбяць рукі і – яны знікаюць.
Дзяўчына ўспамінае: як толькі прыйшла на працу, адразу ўзняла пытанне аб прыцягненні моладзі ў Дом культуры. Андрэй Сянюць, мясцовы жыхар, стварыў суполку ў “Укантакце” і запрасіў на варнянскую дыскатэку каля ста чалавек. У запланаваны дзень прыйшло з дзясятак людзей. Аднак усё роўна дыскатэка адбылася.
Для таго, каб лепш зразумець, што патрэбна людзям, чым іх можна зацікавіць, дзяўчына паступіла на факультэт практычнай псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы…
Мая Ляшчэўская ўзначальвае Варнянскі Дом культуры трэці год. Часта дзяўчына не ходзіць на абед і застаецца на працы дапазна. Яна верыць, што ёй дапамагае чалавечнасць і тое, што яна заўсёды намагаецца ўваходзіць у сітуацыю кожнага чалавека. Дзяўчына імкнецца быць не толькі патрабавальным кіраўніком, але і справядлівым. Калі трэба – працягвае руку дапамогі. Яна лічыць, што калектыў Варнянскага СДК – адзін з самых моцных у раёне. І вельмі ўдзячна сваім калегам за падтрымку, якую яна адчула ў пачатку свайго прафесійнага шляху.
На маё пытанне аб тым, як яна ацэньвае работу Варнянскага Дома культуры, Мая прызналася, што пра гэта лепш запытацца ў людзей.
...Энергічная дзяўчына, якая вылучае аптымізм, заўсёды крочыць па жыцці з песняй. Верыцца, што матывы Маіных песень знойдуць водгук у людскіх душах і нікога не пакінуць раўнадушнымі.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.