Астраўчанка Галіна Гіцэвіч стала пераможцай абласнога фестывалю
З дыпломам і падарункамі вярнуліся на Астравеччыну ўдзельнікі абласнога фестывалю творчасці інвалідаў па зроку «Сэрцам бачым, творым і жывём!»
У чарговы раз Гродна прымаў самых таленавітых і творчых прадстаўнікоў Беларускага таварыства інвалідаў па зроку – сярод іх былі і члены Астравецкай раённай арганізацыі.
Сёлета прадэманстраваць таленты на фестываль адправілася астраўчанка Галіна Гіцэвіч. Яна выканала песню «На кургане», якую прысвяціла юбілейным датам гэтага года – 75-годдзю з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь і 75-годдзю з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці.
Яе творчасць, сцэнічны вобраз і імправізацыя былі ацэнены журы – Галіна Віктараўна ўзнагароджана дыпломам і падарункам.
Па-за конкурсам удзельнічала ў фестывалі Святлана Мешкіс. Жанчына выканала песню на словы сваёй сястры Людмілы Кухарэвіч, і таксама атрымала высокую ацэнку.
Тамара ЛУКША,
старшыня Астравецкай РА БелТІЗ.