С областного конкурса-фестиваля по зрению островчане вернулись с наградами
12:22 / 15.06.2016
Прадэманстраваць майстэрства ў розных творчых намінацыях сабраліся калектывы, ансамблі, тэатральныя студыі і сольныя ўдзельнікі – члены грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” – з усёй вобласці. І яны прадэманстравалі сапраўдны калейдаскоп разнастайнасці жанраў і крэатыўнага выканання: фальклор, народнае і акадэмічнае спяванне, эстрада, бардаўскае, інструментальнае, мастацкае выкананне і нават тэатральныя мініяцюры – кожны з самадзейных нумароў адрозніваўся цікавым падыходам, шчырасцю і харызмай.
Удала прадэманстравалі сваю творчасць і астравецкія ўдзельнікі. Мілагучная песня “Бацькоўская хата”, якую выканала яе аўтар Людміла Іванаўна Кухарэвіч, не пакінула нікога раўнадушным і выклікала шчырыя апладысменты. У выніку Людміла Іванаўна атрымала Дыплом першай ступені і падарунак.
Вышытыя карціны таленавітага майстра Святланы Іванаўны Мешкіс заўсёды выклікаюць захапленне і высокую ацэнку на разнастайных выставах – і абласны фестываль-конкурс не стаў выключэннем. За прыгажосць, якую яна стварае сваімі рукамі і актыўную жыццёвую пазіцыю Святлана Іванаўна атрымала Падзячны ліст і падарунак.
Ад імя ўсіх членаў Астравецкай раённай арганізацыі “БелТІЗ” віншуем Людмілу Іванаўну Кухарэвіч і Святлану Іванаўну Мешкіс з узнагародамі. Яны – наглядны прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі людзей з праблемамі зроку. Запрашаем уступаць у наша аб’яднанне – не варта быць паасобку, калі можна радавацца жыццю і ствараць прыгажосць усім разам.
Юзэфа Адынец, старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”.
Фото с сайта 21zmi.ru