Для каго жніво – сямейная справа

08:47 / 28.07.2020

Жніво – справа сямейная для многіх камбайнерскіх экіпажаў Астравеччыны.

У КСУП «Гервяты» ўбіраюць збожжа адразу некалькі сямейных падрадаў. Як гэта – быць разам 24 гадзіны ў суткі? З родным чалавекам працаваць на ўборцы прасцей ці наадварот? Пра гэта і многае іншае я даведалася ў пазалеташніх «тысячнікаў» бацькі і сына Андрэя і Мікіты Вінцкусяў і ў мужа і жонкі Дзмітрыя і Веранікі Янковічаў (дарэчы, жанчына – адзіная прадстаўніца прыгожай палавіны ў кагорце памочнікаў камбайнераў). Для гутаркі надвор’е спрыяла, чаго не скажаш пра ўборку – у дзень майго прыезду тэхніку ў поле не пускаў дождж. У кабінах камбайнаў, выстраеных ля рамонтна-механічных майстэрань, хлебаробы нецярпліва чакалі сонейка…

IMG_6993.jpg

Браты Аляксандр Маркун і Арцём Бабойць пазалетась першыя ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў намалацілі тысячу тон збожжа. Пасля двухгадовага перапынку камбайнеры вырашылі паўтарыць пераможны вынік – сёлета яны зноў працуюць на КЗС-1218.


Вінцкусі

На п’едэстал раённага жніўнага спаборніцтва сямейны экіпаж бацькі і сына Андрэя і Мікіты Вінцкусяў падняўся ў першы год іх сумеснай працы – у 2017 годзе.

IMG_6977.jpg

Дарэчы, ужо некалькі гадоў запар менавіта гервяцкія хлебаробы першымі ў раёне намалочваюць па тысячы тон збожжа.

– Пазалетась разам з напарнікам наперад прапусцілі таварышаў па працы Андрэя Масейку і Вячаслава Бабарыку, а ў мінулым годзе ўдача ўсміхнулася нам з сынам, – з усмешкай расказвае Андрэй. – Хоць давялося добра папрацаваць і на ўборцы, і падчас падрыхтоўкі камбайна.

Для Вінцкуся-старэйшага сёлетняе жніво – шаснаццатае. Хлебаробы працуюць на «Джон-Дзіры».

– Умовы працы і сама тэхніка за гэты час змяніліся, як і патрабаванні. Раней ніхто на ўзрост не звяртаў увагі: з трынаццаці гадоў працаваў памочнікам камбайнера, – працягвае механізатар. – Той досвед дапамагае мне і цяпер.

Мікіта – выпускнік Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Ён можа поўнасцю замяніць бацьку на любым этапе ўборкі. Пачысціць жатку, прадуць фільтры – з гэтым і многім іншым хлопец спраўляецца на «выдатна». За заробленыя на жніве грошы хлопец збіраецца купіць аўтамабіль.

На развітанне цікаўлюся ў камбайнераў, ці хочацца ім зноў стаць першымі «тысячнікамі» ў раёне?

– Канешне! – прызнаецца Мікіта.

– Кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць пра генеральскія пагоны, – жартаўліва адказвае і хуценька заскоквае ў кабіну «Джон-Дзіра» Андрэй Вінцкусь.

На гадзінніку – 16.00. Вецер паспеў прасушыць збажыну – галоўны аграном дае каманду «У поле!»… І хлебаробам ужо не да размоў – у іх кожная хвіліна на вагу золата.


Янковічы

Дзіма і Вераніка разам убіраюць збожжа другі сезон – хоць абодва працуюць у КСУП «Гервяты» не адзін год: ён – механізатарам, яна – бухгалтарам.

IMG_6972.jpg

Летась маладому трактарысту даверылі новы камбайн айчыннай вытворчасці КЗС-1218. Дзмітрый расказвае, што ўпершыню камбайнерскі хлеб ён паспрабаваў у 2011 годзе, калі дапамагаў убіраць ураджай Андрэю Махоньку.

– Андрэй для мяне быў настаў­нікам: уводзіў у курс спраў, расказваў пра нюансы работы камбайна – я яму вельмі ўдзячны. Пазалетась адчуў, што «дарос» да камбайнера і магу самастойна ўбіраць ураджай, –  расказвае малады чалавек. – У мінулым годзе за вячэрай падзяліўся з Веранікай праблемай:  не магу знайсці сабе памочніка.

– Нашы позіркі сустрэліся – і мы зразумелі, што павінны працаваць разам, – нітачку размовы перахоплівае дзяўчына. – Страху не было: у Дзіме я ўпэўнена на ўсе сто працэнтаў. Ды і да тэхнікі  прывыкла з дзяцінства: мой бацька – механізатар. Пры першай магчымасці станавілася галоўнай пасажыркай татавага трактара, з чатырох гадоў ён браў мяне з сабой на работу – я не ленавалася прачынацца ў шэсць гадзін раніцы. Калі бацька быў на рамонце, мяне цікавіў кожны шуруп і болцік!

Дзяўчына водзіць машыну і дапамагае мужу з рамонтам тэхнікі.

– Камбайну, на якім мы працуем, тры гады, ён знаходзіцца на гарантыйным абслугоўванні, – расказвае Вераніка. – Неяк прыехалі спецыялісты, Дзіма некуды адышоў. Бачу, нешта шукаюць. Аказваецца, лом! Я прынесла – яны моцна здзівіліся, – дзяўчына ўсміхаецца. – Як памочнік камбайнера, дапамагаю мужу падчэпліваць жатку, запісваю ў рэестр прозвішчы вадзіцеляў, якія возяць намалочанае намі збожжа. Дзіма шкадуе мяне: большасць тэхналагічных аперацый робіць сам. А я яго падтрымліваю маральна!

Душа да тэхнікі ў камбайнера ляжыць з дзяцінства. У старэйшых класах ён вывучыўся на трактарыста ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце і пасля заканчэння школы пайшоў працаваць у мясцовы калгас.

– З Дзімам у «Гервятах» працуем з 2012 года. За гэты час ён паспеў адслужыць у арміі. Лёс звёў нас толькі ў 2015-м, хоць мы вучыліся ў адной школе і ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Пажаніліся тры гады назад, – расказвае дзяўчына.

– З Веранікай мне камфортна працаваць, –  гаворыць Дзіма. – Мы і навіны абмяркоўваем, і плануем, што зрабіць на ўчастку – у нас свой дом, таму спраў хапае. Па ўсім бачна, што  збажына сёлета лепш урадзіла, чым у мінулым годзе. Вось толькі дажджы не даюць развярнуцца напоўніцу.

Летась  Янковічы запісалі на свой рахунак крыху больш за тысячу тон збожжа. Цікаўлюся ў сямейнага экіпажа планамі на гэтае жніво.

– Як мінімум тысячу! – у адзін голас адказалі муж і жонка.

Верыцца, што ў іх гэта абавязкова атрымаецца: Дзіма і Вераніка разумеюць адзін аднаго без слоў і добра ведаюць, што больш надзейнага і вернага напарніка на жніве не знайсці.


На жніве разам з сямейнымі экіпажамі  шчыруюць:

Валерый Кірпа па выніках раённага жніўнага спаборніцтва пазалетась прызнаны лепшым сярод вадзіцеляў на адвозе збожжа.

IMG_6986.jpg

Больш за сорак гадоў у сельскай гаспадарцы працуе Раман Макевіч. У свой час мужчына ўбіраў ураджай на камбайне «Ніва», пазней – на «Доне». Цяпер вадзіцель сочыць за пажарнай бяспекай у полі – калегі яго называюць галоўным гервяцкім пажарным.

IMG_7000.jpg

З 1981 года ў гаспадарцы працуе Генадзь Кардзіс. На жніве ён адвозіць збожжа ад камбайнаў. За рэйс мужчына перавозіць каля 5 тон.

IMG_7006.jpg

На ўборцы Уладзімір Хаткевіч звычайна перавозіць збожжа ў межах зернесушылак, сёлета ён шчыруе і на палях. Вадзіцель з асаблівай настальгіяй успамінае тыя часы, калі ў гаспадарцы праходзілі «Зажынкі». 

IMG_7023.jpg



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алена Ганулич