Сямейны экіпаж КСУП “Гервяты” першы ў раёне намалаціў тысячу тон збожжа
Хлебаробы раёна наблізіліся да рубікону жніва: абмалочана палова занятых збажыной плошчаў. З самага пачатку ўборачнай кампаніі – нагадаю, першымі ў раёне сёлета пачалі ўбіраць новы ўраджай у КСУП “Гервяты” – у лідарах жніўнага спаборніцтва сярод камбайнерскіх экіпажаў трывала замацаваліся працаўнікі гэтай гаспадаркі. Заканамерна, што яны першымі і ўзышлі на жніўны алімп.
Тысячу тон збожжа першымі намалацілі Андрэй Іванавіч Вінцкусь і яго сын Мікіта. Хоць сын упершыню дапамагае бацьку ўбіраць ураджай, відаць, што бацькава навука ідзе хлопцу на карысць.
Прама ў полі першыя “тысячнікі” прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі, райкама прафсаюза работнікаў АПК і прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства.
– Нарэшце прыйшло свята і на нашу зямлю, – віншуючы пераможцаў жніўнага спаборніцтва і ўручаючы ім грашовыя прэміі, сказаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін. – У мінулы раз, віншуючы вас і вашых калег з першай намалочанай тысячай тон збожжа, я пажадаў, каб вы і надалей былі ў лідарах. Як бачыце, прагноз спраўдзіўся. Трымайце гэтую дынаміку і надалей, і няхай вас не падводзіць ні тэхніка, ні надвор’е.
Першым “тысячнікам” заслужаную ўзнагароду ўручае старшыня Астравецкага райвыканкама І.Я. Шалудзін
Акрамя грашовай прэміі ад Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Андрэй Іванавіч і Мікіта Вінцкусі атрымалі грашовыя прэміі ад кіраўніцтва КСУП “Гервяты”.
Па ўмовах жніўнага спаборніцтва, грашовай прэміяй быў адзначаны і галоўны аграном КСУП “Гервяты” Аляксандр Паўлавіч Кавалька.
Віншаванні прымае галоўны аграном КСУП “Гервяты” А.П. Кавалька
Лепшым хлебаробам музычны падарунак зрабілі артысты раённай культуры.
З першых вуснаў
Камбайнер Андрэй Іванавіч Вінцкусь:
– Летась я другім у раёне намалаціў тысячу тон збожжа, сёлета – першы, ды яшчэ разам з сынам: ад гэтага ўдвая радасней.