На Астравеччыне завяршылася акцыя «Наш жывёлавод»

12:24 / 20.03.2020
760

Ушанаваннем працаўнікоў КСУП «Варняны» на Астравеччыне завяршылася прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод».

Нагадаю, па традыцыі падчас зімне-стойлавага перыяду райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначае работу жывёлаводаў усіх гаспадарак раёна – незалежна ад вытворчых паказчыкаў.

Напрыканцы мінулага тыдня старшыня прафсаюза аграрыяў Юрый Адула і лідар прафсюзнай пярвічкі КСУП «Варняны» Таццяна Лісоўская з падарункамі і Падзякамі наведалі лепшых работнікаў жывёлагадоўлі гэтай гаспадаркі.

– Мэта акцыі – не толькі ўзнагародзіць лепшых працаўнікоў, але і сустрэцца з калектывамі, даведацца, што турбуе людзей, у якіх умовах яны працуюць, дапамагчы вырашыць праблемы, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі прафсаюза, і не толькі, – падкрэсліў Юрый Аляксандравіч.

Вытворчасцю малака ў КСУП «Варняны» займаюцца на трох малочна-таварных комплексах «Кярняны», «Беразоўка», «Газа» і 4 малочна-таварных фермах.

На жаль, у апошні час варнянцы не могуць пахваліцца ні вялікімі надоямі, ні якасцю малака. Тым не менш, з дня ў дзень, часта без выхадных, некалькі разоў на дзень працаўнікі спяшаюцца на фермы, каб накарміць і падаіць жывёлу.

МТК «Трокенікі»

Не першы год аператарамі машыннага даення ў «Трокеніках» працуюць Марыя Вашкевіч і Ганна Лукашэвіч. У кожнай даяркі свая група – а гэта больш за 50 галоў. Трокеніцкае малако трапляе на апрацоўку толькі першым і вышэйшым гатункам. Яго якасць шмат у чым залежыць ад кармоў – у дзень нашага прыезду на кармавых сталах з большага ляжаў толькі сілас.

IMG_3584.jpg

Лепшыя работніцы МТК «Трокенікі» Ганна Лукашэвіч і Марыя Вашкевіч


МТФ «Варона»

Жывёлавод Павел Гасцевіч клапоціцца пра сотню цялят рознага ўзросту. Развозіць кармы яму дапамагаюць кабылы Маша і Васіліса, след у след за якімі ступаюць іх жарабяты Цыган і Каштан.

Мужчына адмовіўся фатаграфавацца, але пагадзіўся сказаць некалькі слоў пра сябе:

– На ферме працую не першы год. Работа мне падабаецца; цялят кармлю тры разы ў дзень, – адзначыў нешматслоўны жывёлавод.

Аператар машыннага даення Тарэса Лойка кожны дзень доіць 50 кароў. За суткі ў сярэднім па групе карова дае толькі 10 кілаграмаў малака.

IMG_3596.jpg

Варонская выдатніца – Тарэса Лойка


– У сельскай гаспадарцы працую больш за сорак гадоў. Як прыйшла пасля заканчэння Ваўкавыскага тэхнікума – так і засталася, – з умешкай гаворыць жанчына. – Пры маёй памяці найбольш ад каровы надаілі ў 2008 годзе – валавы надой склаў 5 200 кілаграмаў малака, а ў мінулым годзе , на жаль, – 4 180 кілаграмаў.

МТФ «Карвэлі»

Пасля ўзнагароджання аператара машыннага даення Валянціны Калпак і жывёлавода Генадзя Тумаша старшыня райкама прафсаюза аграрыяў пагутарыў з калектывам.

IMG_3603.jpg

Юрый Адула і жывёлавод МТК «Карвэлі» Генадзь Тумаш


IMG_3604.jpg

Даярка Валянціна Калпак


Самая востая праблема, да слова, не толькі для работнікаў МТК «Карвэлі», але і ў цэлым для КСУП «Варняны» – незабяспечанасць работнікаў спецыяльным адзеннем і абуткам. Таксама працаўнікі ўзнялі пытанне дрэннага стану вясковай дарогі ў Карвэлях і графіка работы аўталаўкі. Па іх словах, магазін «на колах» прыязджае ў вёску два разы на тыдзень: у аўторак і чацвер – свежага хлеба даводзіцца чакаць амаль пяць дзён, не кажучы пра іншыя прадукты.

Юрый Аляксандравіч паабяцаў жывёлаводам данесці іх праблемы да адказных асоб.

МТФ «Варняны»

Загадчыца фермы і па сумяшчальніцтву аператар машыннага даення Іна Кузміцкая працуе ў «Варнянах» не адзін год. Дойны статак – а гэта 186 галоў – дояць пяць даярак, адна з якіх падменная.

IMG_3612.jpg

МТК «Беразоўка»

Лепш за ўсіх, па меркаванні прафсаюзных лідараў, на комплексе працуюць аператар машыннага даення Аксана Дземідовіч, у якой у дзень нашага візіту быў выхадны, і жывёлавод Наталля Лакуцэвіч. Разам з напарніцамі кожны дзень жанчына выпойвае цёплым малаком 150 малышоў у прафілакторыі і корміць столькі ж падрослых цялят. Стаж работы цялятніцы ў раённай жывёлагадоўлі – 21 год.

МТК «Газа»

Жывёлаводаў Надзею Сянюць і Алену Туркіну заспець на комплексе не атрымалася – яны былі на абедзе. Загадчыца паабяцала, што перадасць жанчынам Падзякі і падарункі. Затое прафсаюзныя лідары змаглі пагутарыць з людзьмі. Па словах работнікаў, напярэдадні новага года яны атрымалі спецадзенне. Адзінае, што хвалюе, – гэта паломка душавой кабіны.

МТК «Кярняны»

Жывёлаводы Надзея Юкша і Святлана Радута старажылы на ферме – усё жыццё жанчыны даглядаюць тут цялят. У выхадныя дні клапаціцца пра жывёлу бабулі Надзі дапамагае ўнук Ваня.

IMG_3626.jpg


Цытата дня

Юрый Адула, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

– Наша краіна, як і раён, аграрныя. Не будзе працаўнікоў вёскі – не будзе мяса і малака. Жывёлаводы цяжка працуюць на працягу ўсяго года. Такія акцыі – добрая нагода сказаць ім дзякуй за нялёгкую працу.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений