О том, как строилась Ольховка, вспоминает Виктор Ожег
10:37 / 21.09.2019
Сапраўды: людзей помняць і паважаюць не за пасады, якія яны займалі, а за справы, якія зрабілі. У гэтым сэнсе колішняму дырэктару фабрыкі – адзінаму, хто на ўсё жыццё застаўся ў Альхоўцы – не сорамна перад аднавяскоўцамі, большасць з якіх – работнікі той жа фабрыкі. Не толькі прадпрыемства, але і вёска, якая была, па сутнасці, невытворчым падраздзяленнем фабрыкі, пераўтвараліся, набывалі новае аблічча ў час, які зараз старэйшыя вяскоўцы называюць коратка і ёмка – «Пры Ожэгу».
Хоць калі добрушскі хлапчук Віцька Ожэг пасля школы прыйшоў працаваць рабочым на мясцовую папяровую фабрыку, ён і падумаць не мог, што некалі, сустрэўшыся з сябрамі дзяцінства, будзе казаць: «Я рады, што пабачыўся з вамі, пагаварыў, – але ўжо час дахаты вяртацца». І што непаўторнай прыгажосці мясціны, якія сталі для яго другой радзімай, акажуцца за сотні кіламетраў ад не менш, але па-іншаму прыгожай роднай Гомельшчыны.
Віктар увесь час працаваў – і вучыўся: спачатку паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага політэхнічнага тэхнікума, затым – у інстытут. Рабочым пабыў нядоўга – хутка прызначылі майстрам, начальнікам змены, неўзабаве – галоўным інжынерам Пухавіцкай кардоннай фабрыкі. А праз два з паловай гады прапанавалі пасаду дырэктара Альхоўскай кардоннай фабрыкі. У кастрычніку 1971 года Віктар Дзям’янавіч Ожэг прыехаў на Астравеччыну – каб застацца тут на ўсё жыццё.
– Да мяне фабрыку ўзначальваў Леанід Рыгоравіч Леўчанка, – расказвае Віктар Дзям’янавіч. – У яго былі вялікія планы па пераўтварэнню Альхоўкі: рэканструкцыя вытворчасці, развіццё рабочага пасёлка. Мне яны, як кажуць, леглі на душу – і я прадоўжыў справу свайго папярэдніка.
Для развіцця вытворчасці патрэбна жыллё – кватэрай можна спакусіць любога спецыяліста. Вось і ў Альхоўцы перш за ўсё пачалі будаваць для сваіх рабочых дамы: спачатку чатырохкватэрныя, затым на восем і нават на 34 кватэры. Будавалі не толькі за кошт уласнага прыбытку, грошы выдзялялі і цэнтралізавана. Зноў-такі – не па першай просьбе: трэба было абгрунтаваць, даказаць, што тое, на што прасілі дадатковае фінансаванне, сапраўды патрэбна.
Але ж нават калі тое фінансаванне паступала – з грошай дом не складзеш. Галоўнай праблемай у той час былі матэрыялы і людзі. На фабрыцы стварылі будаўнічы ўчастак, дзе працавала каля трыццаці чалавек. Ну а матэрыялы здабывалі, як маглі.
Дамы будавалі – а як іх ацяпляць, ваду падаваць? На фабрыцы была свая кацельня, якая забяспечвала парай вытворчыя патрэбы прадпрыемства. Больш таго: рэшткі пары, якая выкарыстоўвалася для вытворчасці кардону, грэлі… паветра. Як зрабіць, каб не было страт цяпла, а кацельня абагравала кватэры рабочых? – задумаліся ў дырэкцыі – і пабудавалі цеплатрасу. Затым закальцавалі водаправод.
Фабрыка, якая выпускала ў той час чамаданны кардон – у многіх дамах жыхароў былога Савецкага Саюза ў якасці прывітання з тых далёкіх часоў захаваліся колішнія чамаданы, – знаходзілася на пад’ёме. У людзей была работа, прыстойная зарплата, дах над галавой. У вёсцы заставаліся мясцовыя хлопцы і дзяўчаты, прыязджалі маладыя спецыялісты, ствараліся новыя сем’і.
А калі ёсць хлеб – душа просіць песні. Толькі вось заспяваць яе не было дзе: сельскі клуб месціўся ў прыстасаванай драўлянай хаціне. І дырэкцыя фабрыкі замахнулася ні многа, ні мала – на сучасны Дом культуры! Звярнуліся да кіраўніцтва канцэрна «Белпаперапрам», пераканалі – грошы на яго будаўніцтва выдзелілі.
Пабудавалі Дом культуры, фабрыка купіла музычныя інструменты, з’явілася мастацкая самадзейнасць і нават вакальна-інструментальны ансамбль, слава аб якім грымела па ўсім раёне і далёка за яго межамі. А затым і філіял музычнай школы ў Альхоўцы адкрылі – і ў мясцовых дзяцей з’явілася магчымасць займацца музыкай, не выязджаючы ў суседнюю вёску. Дарэчы, музычная школа, як і ФАП, для якога фабрыка выдзеліла адну з пабудаваных кватэр, і комплексна-прыёмны пункт, створаны ў Альхоўцы пры падтрымцы фабрыкі, дзейнічаюць у вёсцы да гэтага часу. Праўда, урач-стаматолаг і цырульнік, як раней, сюды не прыязджаюць...
Асобная размова пра будаўніцтва школы. Васьмігодка месцілася ў старым будынку, і дырэктар фабрыкі пры падтрымцы раённых улад задумаўся пра новую школу – цагляную, двухпавярховую. Тут ужо рашэння рэспубліканскага кіраўніцтва было мала – давялося абіваць парогі маскоўскіх кабінетаў. Віктар Дзям’янавіч прызнаецца, што і сам не паверыў, што ўсё атрымалася, калі Міністэрства лясной і папяровай прамысловасці прыняло рашэнне аб будаўніцтве за ўласныя сродкі дзвюх школ у Савецкім Саюзе – у горадзе Усць-Іліме і ў Альхоўцы Астравецкага раёна. Па праекту школа павінна была быць васьмігодкай, але два дырэктары – фабрыкі Віктар Ожэг і школы Валянціна Маркоўская – зрабілі ўсё, каб яна стала сярэдняй.
– Сорак гадоў працуе Альхоўская школа, – гаворыць Віктар Дзям’янавіч. – Дзеці, якія пайшлі сюды ў першы клас у год яе адкрыцця, ужо выгадавалі сваіх дзяцей і нават унукаў. Значыць, памяць жыве…
Дырэктарам кардоннай фабрыкі Віктар Дзям’янавіч працаваў 14 гадоў. Потым пачаліся праблемы: узніклі перабоі з пастаўкамі цэлюлозы, дабаўленне ў сыравіну макулатуры не давала належнай якасці прадукцыі. На адну з партый кардону фабрыка ў снежні атрымала рэкламацыю, у выніку не выканала гадавы план – а ў часы планавай эканомікі гэта былі не жартачкі! І дырэктар паплаціўся за гэта пасадай.
Ды не за гэта баліць душа ў Віктара Ожэга, які, пакінуўшы кіруючае крэсла, яшчэ 18 гадоў працаваў на фабрыцы намеснікам дырэктара – і не адчуваў сябе пакрыўджаным. Крыўда ў яго іншая: што прадпрыемства, якому аддадзена практычна ўсё жыццё, прыходзіць у заняпад.
Так, здараліся тут крызісы і раней. Да прыкладу, калі змянілася кан’юнктура рынку і чамаданны кардон стаў непатрэбны. Знайшлі выйсце: пачалі рабіць пасылачныя скрынкі, потым выпускалі кардонную тару для сметанковага масла – наладзіўшы іх вытворчасць, фабрыка зноў стала на крыло. Але неўзабаве і гэтая прадукцыя перастала быць запатрабаванай.
– Скажу, як ёсць, – з горыччу гаворыць Віктар Дзям’янавіч. – Фабрыка зараз на самавыжыванні: што хочаце і можаце – тое і рабіце. Ніхто нічога не плануе, як раней. Дасталі сыравіну – добра, знайшлі спажыўца – цудоўна. Не – вашы праблемы. Камандаваць ёсць каму, а вось дапамагчы ніхто не спяшаецца. А на фабрыцы ж людзі працуюць, практычна ўсё насельніцтва вёскі – у іх сем’і, дзеці, якіх карміць трэба…
…Альхоўка за гэтыя паўсотні гадоў стала лёсам Віктара Дзям’янавіча Ожэга: тут выраслі яго дзеці – дарэчы, нявестка Сняжана Сцяфанаўна Ожэг працуе начальнікам планава-эканамічнага аддзела прадпрыемства ЦБК «Кардон», у склад якога пасля рэарганізацыі ўвайшла і фабрыка «Альхоўка». Ужо і ўнучкі дарослыя – дзед чакае, калі яго парадуюць праўнукамі. Тут яго запаветныя грыбовішчы, нават сын-ляснік не ведае, дзе знаходзіцца тая паляна, на якой у самы неўраджайны год бацька кашамі збірае лісічкі.
– Альхоўка – гэта, па сутнасці, і ёсць мая малая радзіма: самыя радасныя і сумныя моманты жыцця звязаны з ёй, – гаворыць Віктар Дзям’янавіч. – І прыемна, што след свой тут я пакінуў, і след гэты неблагі.