Спадчыну сваіх землякоў зберагаюць вучні і настаўнікі Гудагайскай школы

09:31 / 02.04.2019
1304
Астравеччына пакуль што не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. 

Першы школьны музей арга­нізаваны ў раёне ў  1973 годзе –   менавіта тады ў Спондаўскай школе нама­ганнямі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка  Івана Мартынава быў створаны музей баявой славы імя Героя Савецкага Саюза Ф.Р. Маркава.

Пазней   у іншых школах Аст­равеччыны пачалі ўзнікаць музейныя куткі, пакоі  і экспазіцыі, якія  з часам перараслі ў музеі.
Пра кожны з іх мы пастараемся расказаць у новым праекце «Астравецкай праўды»  –  «З экс­­пазіцыі школьнага музея». 

IMG_4187.jpg

Музей Гудагайскай сярэдняй школы «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае»

Як усё пачыналася
Датай адкрыцця школьнага музея «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае» лічыцца 26 мая 2004 года. 
На працягу пяці гадоў да гэтага настаўнікі-энтузіясты на чале з былым дырэктарам школы Ігарам Клімянком  рупліва збіралі матэрыялы і экспанаты. Неацэнную дапамогу  ў папаўненні фонду аказаў і ўраджэнец гудагайскай зямлі  прафесар Адам Мальдзіс. У 2015 годзе па ініцыятыве  тагачаснага дырэк­тара школы Ганны Капцюг музей размясціўся ў  больш прасторным  памяшканні і ат­рымаў новае афармленне.

З таго часу і да мінулага года нязменным кіраўніком школьнага музея была настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Васілёнак. І толькі некалькі месяцаў назад ён перайшоў пад апеку колішняй выпускніцы школы, а зараз яе настаўніцы Ірыны Жалток.

31.jpg

Марыя Васілёнак

– Экспазіцыя  музея  складаецца з шасці раздзелаў: гісторыя зямлі гудагайскай і  гудагайскай школы, знакамітыя людзі, мастакі, этнаграфічны і нумізматычны зборы. Апошні з іх зараз знаходзіцца на стадыі пераафармлення, – расказвае загадчык музея Ірына Жалток. –  Канешне, усё, што сёння ёсць у нашым музеі, – гэта заслуга Марыі Карлаўны Васілёнак. Дзякуючы яе працы аформлены экспазіцыі, падрыхтаваны мноства прэзентацый і даследчых работ, школьнікі ўдзельнічалі ў навуковых канферэнцыях і заваёўвалі ўзнагароды, пашы­раў­ся фонд школьнага музея.

Неацэнны скарб 
Сёння збор музея – гэта 877 экспанатаў  асноўнага фонду і 876 – навукова-дапаможнага. Усе яны звязаны з гісторыяй  і людзьмі зямлі гудагайскай. 
Самыя значныя – кніга паэзіі Гераніма Марцінкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1845 го­дзе, факсімільнае выданне Канстытуцыі 1791 года, калекцыя манет і папяровых купюр Расійскай імперыі і часовых урадаў Грамадзянскай вайны. 

IMG_4178 в печать.jpg

Ёсць сярод каштоўных экс­па­натаў і матэрыяльная спад­чы­на гудагайцаў: акардэон 40-х гадоў мінулага стагоддзя, настольныя вагі пачатку 20 стагоддзя, кросны, лямпавы радыёпрыёмнік, чорна-белы тэ­левізар 50-х гадоў. Некаторыя з  экспанатаў на­столькі каштоўныя, што іх хацелі забраць у свае фонды многія музеі нашай краіны – ды хто ж аддасць? 

Дарэчы, ужо  і новае памяшканне не можа змясціць усе сабраныя матэрыялы і прадметы. І таму часовыя выставы музей прадстаўляе  ў фае школы або ў празрыстым кубе, размешчаным у музеі.

IMG_4159 в печать.jpg

Напрыклад, на цяперашняй часовай выставе  прадстаўлены  школьныя прыналежнасці савецкага перыяду і музейныя экспанаты з гісторыі піянерскай дружыны школы – сённяшнія школьнікі з цікавасцю  іх разглядаюць і знаёмяцца з гісторыяй. 

Нашчадкі
На працягу 15 гадоў існавання школьнага музея тут працуе гурток «Нашчадкі» – хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі праводзяць экскурсіі для гасцей, але і ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях.

На працягу апошняга дзе­ся­цігоддзя школьнікі пад кіраў­ніцтвам Марыі Карлаўны вялі  і працягваюць вялікую работу па пошуку родных савецкіх салдат, якія трапілі ў нямецкі палон, загінулі ў лагеры ваеннапалонных «Шталаг-342» і пахаваны ў брацкай магіле паблізу пасёлка Гудагай. 

IMG_4157.jpg

Дзякуючы іх працы, у апошнія гады месца пахаванняў сваіх родных наведалі сем’і з Навасібірска, Валгаградскай вобласці, Стаў­ра­поль­скага краю Расійскай Федэрацыі і беларускага Мазыра. А гісторыя гудагайскага «Шталага»  і про­з­вішчы ваеннапалонных  цяпер вядомы не толькі мясцовым жыхарам, але Беларусі і нават замежных краін. 

У сусветнай павуціне
Снежань 2016 года  –  яшчэ адна значная дата ў гісторыі школьнага музея. Тады з’явілася старонка музея на сайце  Гудагайскай сярэдняй школы.
Цяпер землякі, якія жывуць далёка за межамі Гудагая, маюць магчымасць пазнаёміцца з гісторыка-культурнай і края­знаўчай спадчынай роднай зямлі.
 За два гады работы сайта ў яго амаль 24 тысячы наведвальні­каў. І сярод іх былі не толькі жыхары Беларусі,  але і Расіі, ЗША, Ізраіля, Нідэрландаў, Францыі і іншых краін свету.

121.jpg

А каб замежным навед­валь­­нікам было лягчэй арыентавацца ў спадчыне зямлі гудагайскай, былі распрацаваны віртуальныя экскурсіі на англійскай і польскай мовах. Як сведчыць статыстыка сайта, яны таксама карыстаюцца папулярнасцю.

Градаўшчыз­ненскія  закапянкі
Ірына Жалток працягвае работу сваёй няўрым­слі­вай папярэдніцы. 
Апошні цікавы праект «Ся­лянскі абутак жыхароў Аст­равеччыны канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў», які рэалізуецца пры падтрымцы настаўніцы гісторыі Галіны Шлыковіч, удзельнічае ў міжнародным інтэрнэт-праекце  «Прастора адкрытых магчымасцей».

Пра  абутак, які насілі жыхары Астравеччыны, наведвальнікам музея расказваюць падчас аднайменнай экскурсіі і музейных урокаў для школьнікаў.  Сярод экспанатаў,  прадстаўленых  на часовай выставе,  размешчаны закапянкі – зімовыя боты, зробленыя з сукна і абшытыя скурай.  

IMG_4189.jpg

Дзве пары абутку трапілі ў школьны музей дзякуючы Галі­не Малышцы з  Градаўшчызны.   Адну з іх – навейшую –  жанчына калісьці насіла «на выхад» – у касцёл. 

Закапянкі на Астравеччыну трапілі з Польшчы – школьнікі мяркуюць, што сваю назву яны атрымалі ад польскага горада Закапанэ.
У планах Ірыны Жалток і яе выхаванцаў шэраг цікавых ідэй. З бліжэйшых – атрыманне музеем звання народнага: дакументы ўжо пададзены ў Міністэрства культуры. 

IMG_4175.jpg

Будзем спадзявацца, што ў нас хутка з’явіцца нагода віншаваць музей Гудагайскай школы з гэтым ганаровым званнем.

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений