Як астравецкія сейбіты рыхтуюцца да вясны
11:33 / 11.02.2019
– З восені была праведзена дэфектоўка сельскагаспадарчай тэхнікі, мы вызначылі, якія запчасткі трэба набыць. Камітэтам сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага аблвыканкама перад аграрыямі вобласці пастаўлена задача падрыхтаваць тэхніку, занятую ў пасяўной кампаніі, да 1 сакавіка. Гэтым цяпер і займаюцца ў гаспадарках. Акрамя гэтага, стараемся зрабіць неабходны запас паліва, масел, фільтраў.
З кастрычніка 2018 па студзень 2019 года на рамонт сельгастэхнікі зрасходавана 545 300 рублёў. Фінансавую падтрымку гаспадаркам раёна аказаў раённы выканаўчы камітэт – гэтая дапамога асабліва адчувальная для гаспадарак, у якіх складаная эканамічная сітуацыя.
У раёне ёсць 284 трактары, з якіх 34 – энерганасычаныя, 18 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 22 камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты; 15 збожжавых сеялак, 15 сеялак кукурузы і цукровых буракоў, 55 плугоў, 24 дыскавыя бараны, 54 культыватары, 24 машыны для ўнясення мінеральных ўгнаенняў, 46 машын для ўнясення арганікі і іншая тэхніка. Па стане на 1 лютага гатоўнасць камбінаваных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў складае 64%, дыскатараў – 64%, плугоў – 75%, збожжавых сеялак – 67%, сеялак кукурузы і цукровых буракоў – 73%, апрысквальнікаў – 73%.
Актыўную дапамогу ў рамонце тэхнікі гаспадаркам аказвае Астравецкая сельгастэхніка, набываць запчасткі дапамагае райагразаб.