Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных у Гудагаі абнаўляецца
07:00 / 20.11.2018
Памяць пра савецкіх воінаў, якія знайшлі тут апошні спачын, была ўвекавечана ў 1954 годзе. Тады на месцы воінскіх пахаванняў устанавілі невялікі драўляны помнік. У 1975 годзе ён быў рэканструяваны.
Да 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў зменіцца тэрыторыя каля брацкай магілы і абновіцца помнік.
– Дзякуючы пошукавай рабоце ўсіх неабыякавых людзей, а таксама вучняў і настаўнікаў мясцовай школы штогод у Гудагай прыязджаюць нашчадкі загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Але гэтае месца святое не толькі для родзічаў ваеннапалонных, якія тут пахаваны, але і для ўсіх, хто жыве на гэтай зямлі, – гаворыць старшыня Гудагайскага сельвыканкама Віктар Станіслававіч Карповіч. – Таму вырашана добраўпарадкаваць тэрыторыю каля брацкай магілы і абнавіць бетонныя пліты.
Вакол помніка залілі сцяжку і павялічылі мемарыяльныя пліты, у хуткім часе будзе выкладзена дарожка з пліткі, з’явяцца лавачкі.
70 прозвішчаў савецкіх воінаў, пахаваных у брацкай магіле ў Гудагаі, устаноўлена за апошнія гады.