Пра энергетыку жніва расказвае хлебароб Валерый Дэнюш
08:45 / 19.11.2018
1466
Валерый Феліксавіч ДЗЕНЮШ, КСУП «Міхалішкі»
У жніва магутная энергетыка, якой немагчыма не падпарадкавацца. Хлебаробы гатовы працаваць суткамі навылёт, каб запісаць як мага больш тон намалочанага збожжа на свой рахунак.
У аднаго з лепшых міхалішкаўскіх механізатараў Валерыя Феліксавіча Дзенюша цікаўлюся: ці ёсць дух спаборніцтва падчас жніва?
Кожны год Валерый Феліксавіч менш за тысячу тон хлеба не намалочвае. Сёлета на жніве яму дапамагаў сын – разам яны намалацілі 1 420 тон збожжа. Да слова, бацькава любоў да зямлі перадалася Антону: хлопец вучыцца на агранома ў Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы.
– З сынам працавалі разам другі сезон. Сёлетняе жніво для мяне дванаццатае, а калгаснага стажу дык і ўвогуле пад 30 гадоў набярэцца, – расказвае мужчына. – Найбольш люблю ўбіраць пшаніцу – яна звычайна добра сыплецца. Працаваць імкнуся добра, рабіць абы з рук не прывучаны з маленства, як і браты. Светлай памяці Гена быў дырэктарам саўгаса, Юра працуе ў «Падольскім» галоўным энергетыкам, Іван – у сувязі...
– Летам працую на жніве, вясной і восенню – на касавіцы, зімой важу арганіку, – гаворыць мужчына. – За тэхнікай трэба глядзець – тады яна не падвядзе ў полі. А на жніве, вядома, кожная хвіліна на вагу золата.
Хоць і працуе Валерый Феліксавіч ад цямна і да цямна, без святаў і выхадных, якіх, у хлебароба, вядома, не бывае, – місію сапраўднага мужчыны ён ужо выканаў: уласнымі рукамі пабудаваў дом, разбіў сад і выгадаваў разам з жонкай сына і дачку.