Адзін дзень жніва КСУП “Міхалішкі”

14:20 / 01.08.2018
Як працуюць хлебаробы, якія цяжкасці ўзнікаюць падчас уборкі – гэтыя і іншыя пытанні мы вырашылі высветліць у КСУП «Міхалішкі»

Найлепш ахарактарызаваць сёлетняе жніво можна зашмальцаваным журналісцкім штампам «бітва за ўраджай»: за кожны каласок – ды дзе там, за кожнае зярнятка – з плаксівым надвор’ем змагаюцца хлебаробы… 

IMG_3194.jpg

   Варта адзначыць, што ў іх гэта спорна атрымліваецца: напачатак тыдня абмалочана  40% раённых ніў.
Плошча пад збожжавымі і зернебабовымі ў гаспадарцы сёлета ў па­раў­нанні з мінулым годам значна не змянілася і складае 2 706 гектараў. Агульнымі нама­ганнямі васьмі камбайнаў за дзень у КСУП «Міхалішкі» абмалочваецца 135 гектараў збажыны.

– Маглі б, канешне, і больш, – прызнаецца адзін з  самых вопытных міхалішкаўскіх камбайнераў Іван Юшчык, які напрыканцы мінулага тыдня ўбіраў пшаніцу ў Страчанцы. – Самі бачыце, палі тут дробнаконтурныя, мясцовасць «парэзаная» ўзгоркамі. Здаецца, толькі ўвойдзеш у смак – а трэба пераязджаць. Гэтыя пераезды і забіраюць каштоўны час.

IMG_3143.jpg

Адзін з самых вопытных камбайнераў Іван Юшчык

У КСУП «Міхалішкі» Іван Юшчык працуе з 1995 года і пятнаццаць гадоў запар штогод шчыруе на жніве. 

 – Ці хочацца быць у лідарах жніва? – перапытвае камбайнер і на хвіліну задумваецца. – Гады ўжо не тыя: трэба дарогу саступаць моладзі. На першы план цяпер выходзіць не рамантыка, як у маладосці, а разуменне таго, што ў кароткія тэрміны трэба ўбраць збажыну. Рапс ужо абмалацілі. Колькі працую, а такога маленькага яшчэ не бачыў. Крыжакветкавы вось такі павінен быць, – мужчына рукой праводзіць па поясе. – Шкада, што людзі ўцякаюць з сельскай гаспадаркі. Праца ў нас цяжкая, часам – без выхадных. Але ж некаму трэба расціць хлеб і гадаваць жывёлу. 

Гэтага меркавання прытрым­ліваецца яшчэ адзін аксакал жніва – камбайнер Валянцін Куркуль.

– Першы дзень на жніве, –  расказвае мужчына. – Усё ніяк не мог да толку давесці камбайн. «Мега-208» па сённяшніх мерках лічыцца пенсіянерам, але, спа­дзяюся, сёлета мяне не падвядзе. Працую без памочніка. Камбайн сам перабіраў: балазе, усе патрэбныя для рамонту запчасткі набылі. Хлопцы значна раней за мяне выйшлі жаць. А ў мяне ж таксама душа рвецца! Рамонт скончыў, заскочыў у кабіну – і ў поле, нават рукі не паспеў памыць. Галоўнае, каб не капрызіла мая «Мега» – тады і ўраджай своечасова ўбяром. Хоць, прызнацца, збажына сёлета не радуе – не ўраджайны год. 

IMG_3173.jpg

Камбайнер Валянцін Куркуль

Акрамя ўборкі збожжавых і зернебабовых, на парадку дня аграрыяў – корманарыхтоўка і абмалот траў. 
Чатыры камбайны побач з вёскай Туроўе абмалочвалі цімафееўку, якая, у адрозненні ад збожжа, вымахала па плячо. 

– Збажыну, канешне, цікавей малаціць: яна лепш сыплецца, –  гаворыць камбайнер Аляксей Жусін, якому сёлета на жніве дапамагае пляменнік Ілья. – Працую ў лясной гаспадарцы, але дзясяты сезон запар дапамагаю вяскоўцам убіраць ура­джай – мне гэта падабаецца.

IMG_3220.jpg

Ілья і Аляксей Жусіны

На  ўборцы цімафееўкі працаваў яшчэ адзін сямейны тандэм – бацька і сын Валерый і Антон Дэнюшы.
– Калі пагодна – у поле выходзім рана. Вяртаемся позна, – расказвае Валерый Дэнюш. – Якая самая любімая культура? (Усміхаецца) Тая, што добра сыплецца!
– А я пшаніцу найбольш люблю, – прызнаецца Антон. – Яна ўвагі, клопату патрабуе. Колькі ўкладзеш у яе – такі і ўраджай атрымаеш. Я вучуся на агранома ў Навагрудку. Вырашыў на практыцы спазнаць смак жніва. Які ён? Яшчэ не разабраўся.

IMG_3241.jpg

Сын і бацька Валерый і Антон Дэнюшы ўпершыню жнуць разам

…У шуме саспелай збажыны і магутных галасоў працуючых камбайнаў, калі прыслухацца, чуваць і галасы хлебаробаў, якія штодзень праходзяць свой шлях да Яго Вялікасці Хлеба.

Па стане на 29 ліпеня, у КСУП «Міхалішкі» ўбрана 8% яравога ячменю, ураджайнасць якога складае 18,9 цэнтнера з гектара. Азімае жыта і пшаніца ўраджайнасцю 30 і 32,2 цэнтнера з гектара зжаты на плошчах 21% і 69% адпаведна. Азімы трыцікале дае на круг 24,3 ц/га (убрана 61%).


852 гектары збожжавых і зернебабовых абмалочаны ў КСУП «Міха­лішкі»

IMG_3250.jpg

Для памочніка камбайнера Мікіты Ярмака сёлетняе жніво – першае


IMG_3245.jpg

Камбайнер Міхаіл Дашын 


IMG_3177.jpg

Вадзіцель Андрэй Бернюкевіч перавёз 300 тон збожжа


IMG_3161.jpg

Повар Аксана Рацкевіч абеды і падвячоркі для хлебаробаў імкнецца прыгатаваць з душой


IMG_3157.jpg

За рулём юркай і хуткай «ГАЗелі», на якой развозяць абеды ў поле, – Анатоль Красевіч


IMG_3147.jpg

Пасля заканчэння школы Андрэй Салавей у Вілейскім каледжы атрымаў спецыяльнасці вадзіцеля, трактарыста і слесара. Малады чалавек сёлета працуе памочнікам камбайнера і ўпэўнены, што яго месца – у роднай гаспадарцы.



Текст:
Фото: Алена Гануліч