Дзе жыве астравецкая “Каралева жніва”?

11:39 / 05.12.2017
3156

Падчас раённых “Дажынак” у Міхалішках вызначылі “Каралеву жніва – 2017”. За перамогу ў конкурсе змагалася пяць прыгажунь з усіх гаспадарак раёна. Прадэманстраваць сабраны з палёў ураджай, крэатыўна і творча расказаць пра сваё сельскагаспадарчае прадпрыемства, здзівіць журы незвычайнай стравай і талентам – гэтыя іспыты, і не толькі, у мінулую суботу чакалі ўдзельніц конкурсу. 

На  традыцыйных конкурсах прыгажосці журы звычайна ацэньвае знешнія дадзеныя канкурсантак, іх уменне трымацца на сцэне і дэфіляваць у купальніках. А вось вызначыць гаспадарлівасць дзяўчат – гэта часцей за ўсё пад увагу не бярэцца: маўляў, прыгажуні не­абавязкова пячы бліны. 

Ідэя правесці прысвечаны жніву конкурс сярод вясковых жанчын па задуме куды больш выйгрышная, чым проста конкурс прыгажосці. Перад экспертным журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі раённай улады, прафсаюза і грамадскіх арганізацый, стаяла няпрос­тая задача: вызначыць самую абаяльную, гаспадарлівую і  крэатыўную каралеву жніва.
Па ўмовах конкурса ацэнь­валаліся сцэ­нічная культура, каму­ні­кабель­насць, пачуццё гумару, інтэлектуаль­ныя і творчыя здольнасці, артыстычнае майстэрства канкурсантак.
Пазмагацца за ганаровы тытул вырашылі прадстаўніцы прыгожай паловы ўсіх гаспадарак раёна: Ак­сана Бераснева з КСУП «Гервяты», Галіна Янкойць з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», Іна Ляховіч з КСУП «Міхалішкі», Ала Кяжун з КСУП «Варняны» і Таццяна Трусевіч з КСУП «Гудагай».

IMG_6134.jpg

У намінацыі “За захаванне нацыянальных традыцый” перамагла Галіна Янкойць

Каб перамагчы ў конкурсе, трэба было лепш за ўсіх справіцца з пяцю заданнямі: «пахваліцца» каралеўскім ура­джаем, прадэфіляваць па сцэне, крэатыўна і творча прадставіць сябе і сваю гаспадарку, здзівіць журы традыцыйнай беларускай стравай і сваім талентам.

На першым этапе трэба было прадставіць на суд журы «скульп­туру» з гародніны, садавіны ці з прыродных матэрыялаў. Варта адзначыць, што тут канкурсанткі пайшлі шляхам найменшага супраціўлення – і па чарзе выходзілі на сцэну з галоўнымі сімваламі дажынак – снапом і караваем. А яшчэ ўдзельніцы чыталі вершы і спявалі пра хлеб. 

IMG_6123.jpg

Лепшы сцэнічны вобраз у Таццяны Трусевіч

А вось «візітныя картачкі» жніўных каралеў дапамаглі, думаю, не толькі журы, але і гледачам убачыць канкурсантак з іншага боку, ацаніць  іх унікальнасць і непаўторнасць. 
Сціплая і сарамлівая Таццяна Трусевіч, якая працуе памочнікам брыгадзіра КСУП «Гу­дагай», расказала пра сябе і гаспадарку з дапамогай ві­дэа­прэзентацыі. 

Яркай і экспрэсіўнай Аксане Берасневай на сцэне дапамаг­лі калегі з КСУП «Гервяты»: замалёўкі пра развіццё гаспа­даркі, знаёмства дырэктара з маладым спецыялістам былі перасыпаны жартамі і дасціпным гумарам. 

IMG_6145.jpg

візітная картка КСУП “Гервяты”

Бухгалтар з Варнян Ала Кяжун расказала пра свой шлях у прафесію, а загадчыца зернесклада РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Галіна Янкойць бойка і весела прадэкламавала верш – мажліва, уласнага сачынення – пра сваё жыццё, а напрыканцы прызналася, што яе работа – гэта і ёсць біяграфія. 

IMG_6126.jpg

Крэатывам і арыгінальнасцю журы здзівіла Ганна Кяжун

Афіцыянт кафэ «Вілія» КСУП «Міхалішкі» Іна Ляховіч адзіная з усіх удзельніц гаварыла і спявала па-беларуску – гэта асабліва падкупіла, – найперш жывыя, вясёлыя, вострыя прыпеўкі, якія цалкам адпавядалі тэматыцы конкурсу. 


Выйду, выйду я на рэчку,
На зялёненькі лужок.
Пагляджу, як на камбайне
Жне мой міленькі дружок.

…Расказалі пра сябе – і самы час «рынуцца ў бой», на гэты раз – кулінарны. Да гэтага конкурсу грунтоўна падрыхтаваліся ўсе дзяўчаты: відаць, ночку не даспалі. Цэпеліны,  прыпраўленыя сква­рачкамі і цыбуляй, у чыгуночку; запечаная кішка; бабка; верашчака з падрумяненымі блінцамі; мачанка… А які пах стаяў у зале! У вас таксама слінкі пацяклі? Уявіце сябе на месцы гледачоў... 

IMG_6225.jpg

IMG_6227.jpg

Акрамя арыгінальнай падачы, удзельніцы расказалі пра свае стравы. І гледачы даведаліся шмат цікавага. Кажуць, што страву, якую мы з вамі ведаем пад назвай «бабка», неяк пакашта­ваў Напалеон. Запечаная таркаваная бульба яму так спадабалася, што палкаводзец пацікавіўся, хто зрабіў такую смакату. На жаль, імені кухара ніхто не памятаў – сказалі, што нейкая бабка.

Па ўсім было бачна, што ўдзель­ні­цы гатаваць дакладна ўмеюць. Можа, яшчэ і багатыя на таленты? Менавіта гэта і высветлілася на апошнім этапе.
Аксане Берасневай і Але Кяжун дапамагалі клубныя ра­бот­ні­кі. Такую ж дапамогу, праўда, у жанры тэат­ральнай замалёўкі адчула Таццяна Трусевіч, якая, на жаль, сама не ўдзельнічала ў вя­сёлай пастаноўцы калег пра сучас­ных дзеда і бабку, якія з паўгода перапісваліся на сайце знаёмстваў. Песню «Дажыначкі» прысутным падарыла Галіна Янкойць, а дапамаглі ёй у гэтым супрацоўнікі культуры. Нягле­дзячы на тое што за спінай Іны Ляховіч не было групы падтрым­­кі, яна заліхвацкі праспявала песню «Не хадзіце, мае хлопчыкі…»

IMG_6132.jpg

група падтрымкі

…Пакуль удзельніцы конкурсу пераводзілі дух, члены журы падводзілі вынікі і вызначалі пераможцу.

За захаванне традыцый дып­лом і падарунак атрымала Галіна Янкойць з Падольцаў. Лепшы сцэнічны вобраз прадэман­стравала Таццяна Трусевіч з КСУП «Гудагай», крэатыўнасць і арыгінальнасць – Ала Кяжун з КСУП «Варняны», а творчасць і арыгінальнасць – Аксана Бераснева з Гервят. 
«Каралевай жніва – 2017»  заслужана была прызнана Іна Ляховіч з Міхалішак.

IMG_6251.jpg

IMG_6261.jpg

“Каралева жніва-2017” Іна Ляховіч

З першых вуснаў

«Каралева жніва – 2017» 

Іна Ляховіч: 
– Прызнацца, на перамогу не спадзявалася, хоць дзесьці ўнутры жыла затоеная надзея: а раптам… Але старалася пра гэта не думаць, а рыхтавацца да конкурса. Самым складаным было прыдумаць «візітку», вызначыцца, у якой форме лепш расказаць пра сябе і гаспадарку. 
Падчас конкурсу хвалявалася, напэўна, як і астатнія дзяўчаты. Час праляцеў хутка! Словамі складана перадаць, што я адчувала, калі назвалі маё імя і прозвішча. Мая перамога ў «Каралеве жніва – 2017» – першая ў падобных конкурсах. 
Пра тое, як працуюць камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушылак на жніве, ведаю не па чутках. Сёлета дапамагала раздатчыцы развозіць хлебаробам абеды: яны, як і мы, «байцы нябачнага фронту» – кухні, часта затрымліваліся на сваіх працоўных месцах дапазна…
Сваю перамогу хачу прысвяціць родным і блізкім, а таксама сельскагаспадарчаму прадпрыемству «Міхалішкі». Сёлета ў нас праходзілі раённыя «Дажынкі» – і я вельмі радая, што не падвяла аднавяскоўцаў. 

Спонсары: райкам прафсаюза работнікаў АПК, гра­мадскія аб’яднанні «Белая Русь» і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, райкам БРСМ. 

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений