Свята кнігі прайшло ў Астраўцы
Паслухаць вершы і песні, даведацца шмат цікавага з гісторыі стварэння кнігі на Беларусі змаглі ўсе, хто сабраўся на Свята кнігі, якое прайшло ў інфармацыйным цэнтры кінаканцэртнай залы “Астравец”.
Выставы “Знакавыя постаці Беларусі” і “Жывая повязь часоў” знаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы з галоўнай гераіняй свята – кнігай. Шмат станоўчых эмоцый падарылі артысты народнага ансамбля “Світанак” і паэтка Дзіяна Дабрадзея, якая чытала свае вершы.
– Моладзь павінна ведаць, што сёлета ў нашай краіне адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, а Дзень беларускага пісьменства і друку ўспрымаць як адно з галоўных святаў краіны. Важна з дзяцінства прывіць любоў да чытання і кнігі, – адзначыла ветэран культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч.
Цікавым момантам свята стала апытанне – дзеці павязалі на дрэва пазнання каляровыя стужкі, якія сімвалізавалі розныя жанры літаратуры.
– Звычайна свята кнігі прыпадае на першы тыдзень восені. Падчас яго ва ўсіх школах і бібліятэках прайшлі інфармацыйныя гадзіны і сустрэчы. А з 11 па 18 верасня бібліятэкі запрашаюць усіх жадаючых на мерапрыемствы, якія пройдуць пад дэвізам “Чытаем па-беларуску”, – расказала дырэктар Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Кацярына Францаўна Аскерка. – У рамках гэтага тыдня адбудзецца сустрэча з Таццянай Атрошанка, якая пройдзе 14 верасня ў 15.00 у кінаканцэртнай зале “Астравец”.