Астравец чакае Таццяну Аўсіенка

15:54 / 11.02.2011

За апошнія гады ў Астраўцы пабывалі ці не ўсе “зоркі” беларускай эстрады. Чым выклікана такая ўвага эстрадных артыстаў да нашага гарадка і якіх яшчэ гасцей чакаць нам у бліжэйшым будучым? Аб гэтым – у інтэрв”ю з начальнікам аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргеем Лявонцьевічам Сяўко.


— Напэўна “зоркападам” гэта пакуль назваць нельга, аднак сапраўды, апошнія 2-3 гады рэдкі месяц абыходзіцца без прыезду ў Астравец знакамітага артыста…
— Баюся, усіх адразу нават і не ўспомню: “Песняры”, Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, “Тяни-Толкай”, Віктар Каліна, Пётр Ялфімаў, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Алеся… Прасцей сказаць, каго ў нас яшчэ не было.
— Чым выклікана такая ўвага да нашага пасёлка “зорак”: рэканструкцыяй кінатэатра, які стаў кінаканцэртнай залай “Астравец”, набыццём неабходнай гукаўзмацняльнай апаратуры?
— І гэтым таксама. Аднак хачу заўважыць, што толькі з неба зоркі падаюць па свайму ўласнаму “меркаванню”. А эстрадных зорак трэба запрасіць, зацікавіць, стварыць неабходныя ўмовы, правесці рэкламную кампанію, распаўсюдзіць білеты – і не застацца пры гэтым у накладзе. Гэта цэлы пласт вялікай і адказнай работы.
— Ці былі артысты, якіх не задаволілі ўмовы нашай кінаканцэртнай залы, па вялікаму рахунку мала прыстасаванай да падобных мерапрыемстваў?
— Умовы, канешне, жадаюць быць лепшымі. І калі па гуку пытанняў няма, то падрыхтоўка артыста да выхаду на сцэну жадае быць лепшай. Галоўная бяда – адсутнасць грымёркі. З развіццём інфраструктуры горада ў сувязі з будаўніцтвам АЭС  і ўзвядзеннем сучаснага Палаца культуры гэтая праблема будзе знята. А пакуль прыходзіцца задавальняцца тым, што ёсць. На шчасце, тыя зоркі, што ў нас пабывалі, нашы цяжкасці разумелі і былі зусім непераборлівымі.
— Ну а зараз да нас едзе зорка зусім іншай велічыні?
— Так, народная артыстка Расіі Таццяна Аўсіенка. Чалавек, які стаяў ля вытокаў айчыннага шоу-бізнесу. Спявачка, у рэпертуары якой дзесяткі хітоў. Такіх як: “Школьная пара”, “Дальнабойшчык”, “Жаночае шчасце”, “Сонца маё”, “За ружовым морам”... Гэтыя песні і шэраг іншых ужо пайшлі ў народ і спяваюцца за святочным сталом, на школьных канцэртах, у добрых кампаніях…
— Многіх засмуціў кошт білетаў…
— Як бы цынічна гэта ні прагучала, але кожны артыст мае свой кошт. Па вялікаму рахунку, любую “зорку” вы можаце запрасіць да сябе хоць на дзень нараджэння, хоць на імяніны. Усё залежыць ад змесціва вашага кашалька.
Канцэрт – гэта той жа тавар, які прадаецца і купляецца. А яго кошт залежыць ад попыту на таго ці іншага артыста.
Канцэрт Таццяны Аўсіенка таксама мае сваю цану. Плюс кошт арэнды залы і апаратуры. Дзелім агульную суму на колькасць месцаў у глядзельнай зале і атрымліваем цану білета ў 50 тысяч беларускіх рублёў. У параўнанні з беларускімі зоркамі, гэта, канешне, на парадак даражэй. Але, разам з тым, зазначу, што ў Мінску самы танны білет будзе каштаваць не менш чым 70 тысяч. А больш-менш зручныя месцы – 200-300 тысяч.
Ды і, калі шчыра, у навагоднюю ноч мы ў неба “запусцілі” куды больш грошай… Так што ўсё вельмі адносна.
—Тым не менш, запрашаючы расійскую “зорку”, вы рызыкавалі…
— Так. Гэта наш першы вопыт работы з артыстам такой велічыні. Аднак мы свядома ішлі на рызыку, каб прывезці ў Астравец канцэртную праграму зусім новага для нашых гледачоў узроўню. Былі апасенні, што нашы землякі акажуцца абыякавымі і білеты прадаць не ўдасца. Пастукаем па дрэву, але яны актыўна раскупляюцца. На сёняшні дзень (інтэрв’ю адбылося за тры тыдні да канцэрта – Э.С.) амаль тры чвэрці білетаў ужо прададзена. Калі ўсё атрымаецца – а на гэта ёсць вялкія спадзяванні – будзем больш актыўна працаваць з расійскімі артыстамі. Ужо і цікавыя прапановы ёсць. Аднак хай гэта пакуль застанецца сакрэтам. Усяму свой час.
Што да зорак беларускай эстрады, у бліжэйшым часе адбудзецца канцэрт спявачкі Гюнеш. А восенню астраўчан чакае вялікі і прыемны падарунак – выступленне аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
— Ну а наколькі актыўнымі, удзячнымі гледачамі з’яўляюцца нашы землякі?
— Ёсць людзі, якія не прапускаюць ніводнага канцэрта. З арганізацый гэта ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, цэнтральная раённая бальніца, МПМК-158, СВК імя Гашкевіча…
Але часта адбываецца і так: калі прапусціць чалавек выступленне артыста, а затым паслухае сваіх суседзяў, калег па працы і пачынае шкадаваць, што сэканоміў на мастацтве ці проста была лянота з канапы падняцца. Нам усім уласціва шкадаваць аб страчаным толькі тады, калі вярнуць яго ўжо немагчыма. Каўбаса з’есца і забудзецца, а памяць аб канцэрце, перажытых эмоцыях застанецца назаўсёды.


Эдуард ІВАНАЎ.