"Среда размышления". Патриотизм: нужно учить, но нельзя научиться
08:00 / 08.10.2014

Месца для правядзення канферэнцыі было абрана знакавае – яна прайшла ў нядаўна адкрытым Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. І, пазнаёміўшыся з музейнай экспазіцыяй, нельга не пагадзіцца з высновай, якую крыху пазней, на пленарным пасяджэнні канферэнцыі выказаў А.М. Радзькоў: у гэтым музеі павінен пабываць кожны школьнік, кожны студэнт: мне здаецца, што нікога, нават самага “таўстаскурага”, самага скептычна настроенага “цінэйджэра” яна не пакіне раўнадушным. У шматлікіх залах музея гісторыя Вялікай Айчыннай вайны паказана, што называецца, ад “А” да “Я”, ад першага дня да апошняга, ад абароны Брэсцкай крэпасці да парада Перамогі… А шматлікія інсталяцыі, дыярамы, тэхніка – не макеты, а сапраўдныя, што прайшла баі і зведала перамогі: танкі, што ішлі на таран; фанерныя начныя бамбардзіроўшчыкі У2, якія, здаецца, могуць рассыпацца ад аднаго ўдару – і якія, тым не менш, бамбілі па начах варожыя пазіцыі; легендарныя “кацюшы” і многае іншае – усё гэта пакідае адчуванне абсалютнага прыдачынення да падзей сямідзесяцігадовай даўнасці і лёсаў герояў той вайны. Подзвігі герояў вайны; жыццё мірных жыхароў, якое перарвала вайна; дзейнасць партызан і падпольшчыкаў; асноўныя вехі і бітвы Вялікай Айчыннай вайны – усё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў музеі.
Пленарнаму пасяджэнню папярэднічала знаёмства з тэматычнай кніжнай выставай, на якой знайшлі сваё месца кнігі пра вайну, выдадзеныя ў апошні час, і падборка газет кожнай вобласці з лепшымі публікацыямі па ваеннай тэматыцы – альбом Гродзенскай вобласці, скажу без пахвальбы, быў адным з лепшых, і матэрыялы “Астравецкай праўды” занялі ў ім дастойнае месца. Усе гэтыя кнігі і маляўніча аформленыя альбомы былі затым перададзены ў дар музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
На пленарным пасяджэнні канферэнцыі размова ішла прадметная і канкрэтная: на якіх прыкладах, з дапамогай якіх кніг, артыкулаў, мультымедыйных сродкаў трэба выхоўваць маладых людзей, каб выраслі з іх сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны? І хто гэта павінен рабіць – журналісты, пісьменнікі, настаўнікі, бацькі, дзеячы мастацтва? І як гэта рабіць?
Аб тым, што выхаванне патрыятызму выходзіць на адно з галоўных месцаў у дзяржаўнай палітыцы, сведчаць і драматычныя падзеі міжнароднага жыцця, якія ў апошні час запаланілі эфір і старонкі перыядычных выданняў. Што азначае “любіць радзіму”? Тыя ўкраінцы, што сёння з нянавісцю глядзяць адзін на аднаго праз прыцэл аўтаматаў, перакананы, што кожны з іх любіць сваю радзіму і змагаецца за яе – а значыць, і за сваю свабоду. Вось толькі кожны з іх пры гэтым укладвае ў гэтыя паняцці розны сэнс, палітычны і геаграфічны.
Але там, дзе пануе нянавісць, няма месца для любові. Нельга называць патрыётамі тых, хто, прыкрываючыся нацыянальнай ідэяй, забіваў сваіх суайчыннікаў ці садзейнічаў гэтаму. Нельга аднесці да іх ліку тых сучасных “гісторыкаў”, якія ставяць у шэрагі патрыётаў Беларусі калабарцыяністаў, што віталі ў гады Вялікай Айчыннай вайны гітлераўскую акупацыю, і нават гаўляйтэра Кубэ – на той падставе, што яны быццам бы падтрымлівалі беларускую мову і культуру. А тыя, хто свядома адмаўляецца ад беларускай мовы, – ці можна назваць іх патрыётамі роднага краю?
Колькі сёння – і ў нас, і ў іншых краінах – такіх “нібы патрыётаў”, якія святымі словамі пра любоў да радзімы прыкрываюць пагарду, непавагу, урэшце, проста нянавісць да сваёй гісторыі, сваіх суайчыннікаў, сваёй мовы, свайго краю, імкненне ўсё гэта перарабіць на свой капыл – каб атрымалася такая радзіма, якая ім падабаецца і ў якой ім хацелася б жыць…
…А Радзіма – яна, як маці, – адна. Ласкавая ці строгая, высокаадукаваная ці звычайная сялянка, багатая ці не вельмі, прыгожая ці са шрамамі ад цяжкага жыцця і перанесеных нягод... Але ў любым выпадку яна свая, родная, адзіная… І іншай – не будзе.
І калі сын не парадуецца за маці ў радасны для яе момант, не стане ганарыцца яе перамогамі, а таксама не пашкадуе, не падтрымае, не дапаможа ў цяжкую, драматычную ці нават трагічную хвіліну – то гэта дрэнны сын.
І калі беларус не парадуецца перамогам сваёй краіны і сваіх суайчыннікаў і не пастараецца дапамагчы, чым можа, сваёй радзіме ў цяжкі для яе час, то ён – не патрыёт.
У гэтым – шчырай безумоўнай любові да свайго, роднага, Богам дадзенага аднойчы і назаўжды, і хаваецца асноўнае значэнне патрыятызму. Якому можна вучыць і які трэба выхоўваць – але якому нельга навучыць і які нельга прывіць. Бо перадаецца ён – ад сэрца да сэрца.
-------------------
Ніна РЫБІК.