Гісторыя з жыцця: як сучасныя тэхналогіі сапсаваўлісяброўскія адносіны

16:00 / 09.04.2025

Фото Pexels

Фото Pexels

Усе бурчаць на сучасныя гаджэты – маўляў, і час яны крадуць, і вучаць не таму, чаму трэба, асабліва моладзь. Але ж і без іх сёння ніяк. Неаднойчы была сведкам, як 80-гадовыя бабулі і дзядулі ліха адшуквалі ў інтэрнэце патрэбную інфармацыю, стасаваліся з родзічамі, якія жывуць за тысячы кіламетраў, заказвалі тавары з іншых краін. А дзеці ўмеюць уключаць мульцікі раней, чым садзіцца на гаршок.

Сучасныя тэхналогіі прапануюць усё новыя магчымасці – толькі паспявай вучыцца! Ну і, вядома, карыстацца імі.

Да прыкладу, знаёмая нядаўна асвоіла галасавы набор на смартфоне. А што, зручна: націснуў мікрафон пад паведамленнем і гавары, а разумная тэхніка голас у літары і словы пераўтварае, у сказы складае… Можна хатнімі справамі зай­мацца і тэксты набіраць, нават вялізныя.

Вось толькі перад адпраўкай куды б то ні было варта тэксты ці паведамленні перачытаць – гэта ўжо лайфак ад той маёй знаёмай. А то, кажа, быў неапісальны выпадак...

…Вырашыла яна павіншаваць каляжанку з днём нараджэння. Уключыла галасавы набор, надыктавала пажаданняў ды цёплых слоў і адправіла, задаволеная.

 А сяброўка праз нейкі час тэлефануе ўся ў слязах:

– За што ты мяне так? Што я табе дрэннага зрабіла? Лепш бы проста прамаўчала, думай сама сабе што хочаш, нашто ж так, ды яшчэ перад гасцямі… Усё свята сапсавала!

Знаёмая не можа зразумець, у чым справа, а каляжанка нічога тлумачыць не хоча, толькі плача…

Дадумалася жанчына адкрыць адпраў­ленае віншаванне. А там пад прыгожым букетам такое… 

Цытую – знаёмая пераслала для пера­канаўчасці:

«Дарагая мая сяброўка! Ад усяго сэрца віншую цябе з днём нараджэння! Ты цудоўны чалавек, і я шчыра табе жадаю, сволач ты рыжая, каб ты здохла! Калі ты ўжо нажарэшся? Ніяк цябе не ўкорміш. А яшчэ моцнага здароўя і ўдачы ва ўсім!»

І ўспомніла жанчына, што ў той момант, калі яна дыктавала віншаванне, яе пранырлівая рыжая кошка залезла на стол і сцягнула катлету. А галасавы памочнік добрасумленна запісаў усе пажаданні, якімі яна ўзнагародзіла хатнюю любіміцу і шкодніцу. Не перачытаўшы, жанчына адправіла віншаванне каляжанцы…

Знаёмая расказвала, што доўга выбачалася, тлумачыла, чаму і як атрымаўся казус. Сяброўка быццам бы паверыла і прабачыла, ва ўсякім выпадку, на словах. Але адносіны даўніх прыяцелек з таго часу сталі прахалоднымі.

Як у тым анекдоце: лыжачкі знайшліся, а асадак застаўся…


Тамара РАБІНКІНА.