Калі дзеці і бацькі мяняюцца ролямі – разважае Ніна Рыбік
10:00 / 02.01.2025
Фото Pixabay, Pexels
Скажаце, не ўсе?
Вядома ж! Ва ўсіх усё аднолькавым быць не можа. Але ж…
Некалі мы дзецям загадвалі тое і гэта – і патрабавалі бясспрэчнай паслухмянасці. Потым ужо не патрабавалі – прасілі, часам хітруючы: дзеля мяне, калі ласка…
Дзеці падрасталі, просьб і загадаў не слухаліся, і бацькі ўжо не патрабавалі – раілі, употайкі спадзеючыся, што парада дойдзе да іх розуму і сэрца, радаваліся, калі так адбывалася, і крыўдзіліся, што дзеці цяпер «такія разумныя сталі – нічога ім не скажы…».
Прыйшоў час – і ўжо дзеці нам раяць, тлумачаць, а калі і загадваюць. Якую машыну купіць, як разабрацца з функцыямі новага тэлефона, якую кнігу пачытаць, куды паехаць у адпачынак, які пакрой сукенкі і колер памады цяпер у трэндзе… «Яны маладыя, лепш разбіраюцца ў сённяшнім хуткаплынным жыцці», – суцяшаем мы сябе і ўсё часцей звяртаемся да іх з пытаннямі. Бо хто лепш падкажа, чым сын ці дачка?
Прыходзіць час – і бацькі трапляюць не толькі ў інтэлектуальную, але і ў фізічную залежнасць ад дзяцей, калі няма ўжо ні сіл, ні магчымасцей справіцца з многімі хатнімі клопатамі. «Дзеці прыедуць – зробяць», – суцяшаюць сябе пастарэлыя таты і матулі, з нецярплівасцю паглядваючы на дарогу…
Але не толькі ў фізічным і інтэлектуальным сэнсе дзеці з гадамі становяцца «бацькамі сваіх бацькоў».
…Знаёмая расказвае пра сваю старэнькую маці:
– Ёй ужо пад 90 гадоў падбіраецца, але яшчэ малайчынка, рухавая. Жыве асобна, да нас ехаць не хоча, кажа, што ў сваёй хаце яна сама сабе гаспадыня. Але ж гаспадыня ўжо такая сабе… Штодня да яе еду: зварыць, прыбраць, памыць… А як усю работу параблю, яна просіць: «Паляжы са мной трошкі…
Раскажы што-небудзь». У мяне і ў хаце клопатаў вышэй галавы! Ды як не паляжыш? Некалі я, малая, прасіла маму вечарам: «Паляжы са мной…» Сёння разумею, што ёй таксама яшчэ процьму работы трэба было перарабіць пасля таго, як я спаць клалася. А яна ляжала… Нешта расказвала, мае страхі і радасці выслухоўвала, казкі чытала. Ці проста па спінцы гладзіла. І так добра было мне ў тыя хвіліны, такое адчуванне абароненасці, любімасці апаноўвала! Напэўна, і мама цяпер тое ж адчувае, калі я ляжу з ёй побач і расказваю нейкія жыццёвыя байкі…
Каб толькі як мага даўжэй было каму і каля каго паляжаць…