Кярняны і іх жыхары

15:46 / 26.03.2010
У 19-м стагоддзі вёска Кярняны ўваходзіла ў склад маёнтка Карлаўшчызна Віленскага павету Віленскай губерніі. У 1857 годзе вёска належала варнянскаму памешчыку Абрамовічу, і ў ёй пражывала 30 сялянскіх душ. У 1897 годзе тут налічвалася 20 двароў, у якіх пражывала 135 жыхароў, працавала школа, мелася гандлёвая лаўка.
У 1905 годзе ў Кярнянах жыло 127 жыхароў. Дзейнічалі мяшчанская ўправа, паравы вінакурны завод.
У 1938 годзе вёска ўваходзіла ў Варнянскую гміну Віленска-Трокскага павету Віленскага ваяводства. 26 двароў, 146 жыхароў.


Сёння, па звестках спецыялістаў Варнянскага сельскага Савета, у Кярнянах 25 жылых дамоў, у якіх пражывае 56 чалавек. Вёска ганарыцца тым, што на яе вуліцы чутны дзіцячыя галасы – тут гадуецца 14 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Вядома, ні свайго дзіцячага садка, ні тым больш школы ў Кярнянах няма – школьнікам і выхаванцам садкоў штодня прыходзіцца дабірацца ў цэнтральную сядзібу гаспадаркі – Варняны. Зрэшты, складанасці з даедзам няма – кожны дзень аўтобус СВК “Варняны” прывозіць на мясцовую ферму сваіх працаўнікоў і, па дамоўленасці з раённым аддзелам адукацыі, падвозіць дзятву, а заадно – і дарослых, калі апошнія маюць патрэбу выехаць у “вялікі свет”.
Цікава, што жыхары вёскі стараюцца прытрымлівацца гарадскога ладу жыцця. Прынамсі, па дадзеных сельсавета, у асабістым карыстанні ў Кярнянах утрымліваецца толькі 5 кароў – гэта на 20 чалавек працаздольнага ўзросту.
На ўліку як сацыяльна-небяспечныя кярнянскія сем’і не стаяць. Хаця, як паведаміла сакратар сельскага Савета, дзве сям’і знаходзяцца пад асаблівай увагай – з імі пастаянна і шчыльна працуюць педагогі Варнянскай школы.
Калі ёсць сем’і, за якімі трэба наглядаць, – значыць, у пашане і алкагольныя напіткі. Зноў жа, са слоў сакратара сельсавета, мясцовы ўчастковы трымае на пастаянным кантролі пытанне самагонаварэння ў Кярнянах.
Але хопіць разважаць пра невясёлае. Кярняны – гэта прыгожая і нейкая па-асабліваму ўтульная вёска. Дамы – дыхтоўныя, агароджа, як правіла, з выдумкай. Летам у палісадніках большасці дамоў поўна кветак.
Ёсць свая сажалка. На выгляд – вялізная лужына, але, мяркуючы па тым, што і зімой, і летам ля яе шчыруюць рыбакі (у асноўным з гарадскога пасёлка, а часам бываюць нават са сталіцы), водзіцца ў ёй нямала рыбы. І салаўі! Не паспее вясна як след увабрацца ў май, як кярнянская сажалка літаральна патанае ў салодкагучных песнях захмялелых ад кахання птушак.
Ганарыцца вёска сваёй жывёлагадоўчым комплексам – упершыню ў раёне тут стала працаваць камп’ютэрызаваная ферма з даільнай залай, з механізаванай “цуда-няняй” для цялят…
Кярняны наогул – вёска, як любіў паўтараць мой сусед, «праязджомая», г.зн, стаіць паблізу ад вялікай дарогі. Паблізу, але пры тым – у баку. Гэта і вызначае рытм жыцця яе жыхароў – няспешны і спакойны. Галоўныя людзі на вёсцы – старэйшае пакаленне. Мудрае, вопытнае і вельмі, як высветлілася, заўважлівае.
А яшчэ ў кярнянцаў вельмі прыгожая, цалкам наша мова, правіць якую на літаратурную мне не захацелася. Калі людзі размаўляюць на такой мове, значыць, яны жыве.

Такое ўражанне, што палова жыхароў вёскі Кярняны носіць прозвішча Юркойць. У тым ліку Яніна Адольфаўна Юркойць, стараста вёскі, пенсіянерка.





ПЕНСІЯНЕР І ЯГО ПРАБЛЕМЫ
Яніна Адольфаўна піша вершы. Дзецям на дзень нараджэння, віншаванні з Новым годам ці з якім-небудзь святам. Прафесійны крытык, вядома, знойдзе ў маленькіх творах Яніны Адольфаўны нямала недарэчнасцей, затое яе радкі вельмі шчырыя – піша, як дыхае.
Наша вёска небальшая,
Добрых у ёй людзей нямала:
Паляводы, трактарысты,
Моладзь – што твае артысты
Толькі вось бяда якая:
Грошай часам не хапае.
А каб грошай больш вялося,
Дык і весела б жылося.
Вядома, паэтэса яна – толькі па натхненню. А па спецыяльнасці – загадчыца фермы. Да пенсіі ўзначальвала малочна-таварную ферму “Кярняны”.
– І пасля выхаду на пенсію я працавала загадчыцай яшчэ два гады, – удакладняе Яніна Адольфаўна. – Агульны “загадчыцкі” стаж – 30 гадоў. Кярнянская ферма перабудоўвалася яшчэ пры мне. А калі перабудавалася, калі ўстанавілі камп’ютэры і ўсё астатняе абсталяванне, да якога трэба было прызвычайвацца нанова, я пайшла на адпачынак – саступіла дарогу маладым.
Родам Яніна Адольфаўна з Маляў. У Кярняны яна выйшла замуж 40 гадоў таму.
– Вёска тады была зусім іншай – успамінае яна. – Грымела маладымі галасамі. У нядзелю ўсе збіраліся разам: ігралі ў карты, ладзілі маёўкі. Шумна было, весела і, што самае для сённяшняй моладзі незразумелае, без гарэлкі. Кярнянцы былі вельмі акуратнымі – вуліцу мялі ледзь не кожны дзень. І каля хаты трымалі бездакорны парадак. Так было прынята. Цяпер так робіць далёка не кожная сям’я, маладыя чамусьці лянуюцца садзіць агароды. Кажуць: навошта? Маўляў, у магазіне ўсё можна купіць за капейкі – і цыбулю, і капусту, і буракі… Можна, канешне, хто б спрачаўся! Але ж хіба пупырчаты, з кроплямі расы агурок, вырашчаны сваімі рукамі, можа зраўняцца з мяккаватым яго падабенствам з прылаўка? І памідор. І бульбачка… Не разумеюць нечага маладыя. Страцілася павага да зямлі. Можа, мы, старэйшыя, занадта старанна аберагалі іх ад жыццёвых цяжкасцей?
І гаспадарку не хочуць трымаць. Колькасць кароў у нашай вёсцы знізілася да крытычнай адзнакі. Адна з прычын гэтага – у кармах. Калгас выдзяляе сена, але як пенсіянеру яго прывезці ў свой панадворак? Вось бы наш СВК узяў на сябе гэтую праблему.
Гэтак жа і з дровамі. Па-першае, яны дарагія, па-другое, для іх перавозкі таксама транспарт патрэбен.
Да мяне, як да старасты вёскі, людзі часта звяртаюцца з падобнымі праблемамі. Яшчэ адна цяжкасць, з якой сутыкаецца пажылы чалавек, гэта набыццё лякарстваў. Раней раз у месяц прыязджаў да нас аўтамабіль і прывозіў (не абавязкова дэфіцыты) сардэчныя кроплі, таблеткі ад ціску, супрацьзапаленчыя прэпараты… Чаму гэта адмянілі? Ездзіць жа, я ведаю, бібліобус, возіць кнігі. Дык дадайце да кніг лякарствы, а можна, яшчэ і якія-небудзь бытавыя паслугі. Гэта так аблегчыць жыццё старых людзей на вёсцы.
Яшчэ адно балючае пытанне – бальніца. Пад выглядам клопату аб насельніцтве пазачынялі іх у Гервятах, у Кямелішках, у Варнянах… У мяне хворае сэрца, таму даводзіцца перыядычна класціся ў кардыялагічнае аддзяленне. І ведаеце, зімой там ляжаць адны і тыя ж старушкі і старычкі – яны проста ратуюцца такім чынам ад зімы. Ці не правільней было б на базе той жа Дубніцкай бальніцы (пакуль там не расцягнулі ўсё, што можна) зрабіць прытулак для адзінокіх састарэлых людзей? І каб умовы ў ім былі годныя – няхай людзі, якія ўсё жыццё цяжка адпрацавалі, на старасць пажывуць па-людску. А бальнічныя палаты вызваляцца – маладыя змогуць без праблем паправіць сваё здароўе. Хіба гэта нармальна, што для таго, каб легчы ў бальніцу, трэба стаяць на чарзе?
Чым жыве пенсіянер? Вядома, працай. Кожны дзень, не паспееш прачнуцца, як на цябе навальваецца куча спраў. А яшчэ пенсіянер жыве ўспамінамі. Як жылося… Як працавалася… Ведаеце, калі я толькі пайшла на пенсію, я тры месяцы радавалася – адпачывала. А потым засумавала. Хочацца да людзей, у гушчыню спраў. Добра, што ў нас у раёне ёсць ветэранская арганізацыя – такія цікавы падарожжы там часам ладзяцца. Я – самы актыўны іх удзельнік. Вось па раёне аднойчы ездзіла – колькі, аказваецца, на Астравеччыне ёсць усяго цікавага! А наш старшыня, Уладзіслаў Эдвардавіч Рук абяцаў, што для ветэранаў працы падобную экскурсію зладзіць па нашай гаспадарцы. Цікава будзе паглядзець, як працуюць маладыя.

ПЧАЛЯР
Уладзіслаў Вацлававіч Юркойць, пчалавод, пенсіянер:
– Да пчолаў мяне прывучыў мой хросны бацька. Мой тата быў кавалём – не меў часу на такія “дробязі”. А я вось захапіўся. Магу плакаць, калі яны гінуць або калі рой уцякае назаўсёды. Праўда-праўда. А аднойчы мы ехалі з жонкай па справах і ўбачылі на дрэве рой. Пчолы ўжо нарабілі воску і прыклеілі свой такі дамок да дрэва. Дык я акуратна адрэзаў іх пабудову да дрэва, прывёз на свой дзядзінец і пасадзіў у дамок. Прыжыліся.
Шмат страт майму паласатаму сямейству дастаўляюць хімічныя апрацоўкі палёў. Разумею: у калгаса – план. А ў мяне – згуба.
Канешне, упраўляюся з пчоламі я па-даўнейшаму – як мяне навучыў мой хросны. Але пароду вяду: украінкі ў мяне і грузінкі. Першыя – надта меданосныя, але ж і злыя – джаляць без дай прычыны. Грузінкі спакайнейшыя, але і карысці ад іх менш.
Мядок у нас любяць усе: і дзеці, і ўнукі. Ды і мы з жонкай ад яго не адмаўляемся. Сваё, яно заўсёды самае лепшае.





САМАЯ МАЛАДАЯ І САМЫ МАЛЕНЬКІ
Самая маладая мама ў Кярнянах – Оля Юкша.
Ёй толькі што споўнілася 18 гадоў. А Ванюшцы, яе сыну, ужо тры месяцы. Волат!
Нарадзіць дзіця ў такім юным узросце нескладана, цяжэй яго выгадаваць, таму што мама – сама яшчэ шмат у чым дзіця. Але Вользе вельмі падабаецца займацца з Ванюшкам.
–І зусім ён для мяне – не лялька, – усміхаецца ў адказ на маё крыху правакацыйнае пытанне маладая мама. – Ванюшка – сапраўдны чалавечак. Маленькі, канешне, але ўжо са сваім характарам. Усё ён бачыць і разумее. Мне так спадабалася займацца сынам, што пасля таго, як я выйду з адпачынку па догляду за ім, я мару ўладкавацца на працу ў Варнянскі прытулак – хачу дапамагчы і іншым дзецям. Асабліва тым, якія пазбаўлены мацярынскай любові.



РАЗЬБЯР
Альберт Станіслававіч Юкша

працуе вадзіцелем, а разьбой займаецца для душы. Проста натура ў яго творчая. Вось яна, непаседлівая, і прымушае саліднага мужчыну, мужа, бацьку і нават дзядулю ў звычайным кавалку дрэва шукаць і знаходзіць абрысы будучай драўлянай скульптуры. Увасабляць уласнае “я” у бязмоўным бярвенні. Ствараць прыгажосць. Здзіўляць іншых і самога сябе – магу ўсё ж такі!

ЖЫВУ – І ЖЫЦЬ ХОЧАЦЦА
Генадзь Іванавіч Юркойць, даглядчык фермы “Кярняны”

Г.І. Юркойць– Усё жыццё жыву ў Кярнянах. І так прывык да сваёй вёскі, што мяняць яе не хочацца. Праўленне гаспадаркі выдзеліла нам (а ў нас з жонкай чацвёра дзяцей) дом у Вароне, але як пакінуць родныя мясціны? У нас, у Кярнянах, мне здаецца, жывуць самыя вясёлыя і цікавыя людзі. А прырода! Дзе вы яшчэ бачылі такія далягляды?! Ды і праца мая мне падабаецца – ферма сучасная, кармоў – у дастатку, калектыў – дружны. Зарплата – не скарджуся. Жыву і жыць хочацца.



ЧЫМ ПАХНЕ ВЕЦЕР
Надзея Віктараўна Юкша, даярка фермы “Кярняны”

–У Кярняны мы пераехалі з Цюменскай вобласці. Тады мне было 18 гадоў, і я нічога не разумела ў сельскай гаспадарцы. Але працаваць недзе трэба было, і я пайшла на ферму – спачатку цялятніцай, а потым – даяркай. Не скажу, што адразу, але паступова ўсё ў мяне атрымалася. Надоі сталі – не горш, чым у людзей. Ды і ў асабістым жыцці… Мы з мужам купілі дом. Нарадзілі дзяцей. Сёння ўжо маёй дачцы 18 гадоў. І ўнучак расце.
А ў Кярнянах мне падабаецца. Лес. Возера рыбнае. Да цэнтра блізка – выйшаў на шашу – і ў Астраўцы. І жыццё асаблівае – няспешлівае, размеранае. Не бяжыш бяздумна ў людскім натоўпе, а ідзеш сваім уласным шляхам, і ў цябе ёсць магчымасць заўважыць, як цвітуць кветкі, як свецяць зоркі, і чым пахне вецер…

Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.