60 лет празднует автопарк №4 Островца

08:00 / 25.03.2025
Філіялу «Аўтамабільны парк №4 г. Астраўца» 25 сакавіка спаўняецца 60 гадоў.

На месцы былога цэха па перапрацоўцы пладова-агарод­ніннай прадукцыі ў 1965 годзе ўтворана аўтабаза №4 Гродзенскага абласнога трэста «Сельгастранс»: проста ў полі стаялі невялікі склад і цэх, які стаў адміністрацыйным будынкам, – тут арганізацыя нарадзілася, тут жыве і цяпер…

Першыя крокі
Восем аўтобусаў КАУЗ-651, 2 «пазікі», 2 аўта­мабілі-таксі, 19 грузавікоў ГАЗ розных мады­фікацый і самазвалаў ЗІЛ, лег­кавая «Волга» – і гэта напачатку, а ўжо напрыканцы 1967 года аўта­парк налічваў 37 грузавых машын.
У 1966 годзе ў Астраўцы на вуліцы Ленінскай уве­дзена ў эксплуатацыю аўтастанцыя.
Праз год існавання арганізацыі тут працавала каля ста работнікаў, праз два – карта паездак налічвала 18 маршрутаў не толькі па раёне, але і па ўсёй краіне. 
Рамонтных майстэрань не было, таму абслу­гоўвалі транспарт пад адкрытым небам. Шынамантажная і зона тэхабслугоўвання, дыс­петчарская і майстэрні з’явіліся толькі ў першай палове 1970-х. Затым адкрылі вытворчы корпус з лініяй тэхабслугоўвання, пастом па замене масла, зварачным, кавальным і такарным аддзяленнямі. 
У 1987 годзе калек­тыў аўтабазы вырас утрая, парк аўтамабіляў налічваў 140 машын. Тады ж змянілася назва на «Аўтамабільны парк №4 г.п. Астравец» вытворчага аб’яднання «Гроднааблаўтатранс».
А ў 1988-м уведзена ў эксплуатацыю аўтаза­правачная станцыя. 

Усё жыццё за рулём ветэраны працы Эдуард Якубцэвіч і Уладзімір Аўдзей


Выжыць і застацца
Як і ва ўсёй краіне, ліхія 90-я пракаціліся па Астравеччыне. У аўтапарку ў дзясяткі разоў знізіліся аб’ёмы перавозак, паменшылася колькасць транспарту і работнікаў. Аднак пабудаваць аўтамыйку і 3 шматпавярхоўкі для сямей працаўнікоў арганізацыя ўсё ж змагла: першы дом прыняў жыльцоў у 1990-м, астатнія два – у 1997-м…
У пачатку 2008 года калектыў аўтапарка налічваў 77 чалавек, з тэхнікі засталося дзясяткі з чатыры адзінак, ды і тая была добра зношанай. Прыгарадныя маршруты не прыносілі прыбытку, грузавыя машыны прастойвалі без работы, знізіліся міжгароднія перавозкі. Каб падтрымліваць тэрыторыю, будынкі і забяспечваць калектыў работай, даводзілася шукаць яе за межамі краіны – у Расіі. 


Аўтобусы на рэйсе ў 2013 годзе

Другое дыханне
У 2009 годзе аўтамабільны парк №4 стаў філіялам Гроднааблаўтатранса, і, можна сказаць, з гэтага часу пачынаецца новы перыяд развіцця арганізацыі. А дапамагло змяніць сітуацыю да лепшага будаўніцтва на Астравеччыне атамнай электрастанцыі: дзякуючы заказам на перавозку грузаў і будаўнічых матэрыялаў аўтапарк у разы павялічыў аб’ёмы вытворчасці. 
Рэканструкцыя аўтастанцыі, новыя грузавікі і аўтобусы, работа і годная зарплата – тэмп арганізацыя набрала хутка. У маі 2022 года тут працавала ўжо 93 чалавекі. Дзякуючы 13-ці новым самазвалам, у асноўным 20-тоннікам, і 12-ці аўтобусам абнавіўся і аўтапарк. 
Актыўна сталі развівацца пасажыраперавозкі, здаваліся ў арэнду вытворчыя памяшканні, станцыя тэхабслугоўвання, стаянка.

Сёння: ісці наперад
– У параўнанні з мінулым годам паказальнікі развіцця нашай арганізацыі сёлета лепшыя, ідзём з прыбыткам, – адзначае дырэктар аўтапарка №4 Сяргей Сідарук. – Цесна ўзаема­дзейнічаем з мясцовай уладай, заказчыкамі паслуг. Актыўна шукаем кліентаў. Так, нашы грузавікі працуюць у Віцебскай вобласці, Бабруйску, аўтобусы задзейнічаны на перавозцы пасажыраў на Віцебшчыне і Магілёў­шчыне. Супрацоўнічаем з Гроднатурыстам і арга­нізацыямі па турыстычных паездках. 

- У планах аднавіць тры прыгарадныя аўтобусы і адзін гарадскі, а таксама набыць новы аўтобус для турыстычных паездак. Парк грузавых машын мы амаль абнавілі за апошнія пяць гадоў. З прыбыткам развіваем і іншыя паслугі: працуюць станцыя тэхабслугоўвання, шынамантаж, мыйка, якімі карыстаюцца арганізацыі і прадпрыемст­вы раёна. Праводзім медагляд вадзіцеляў перад выездамі, кантроль тэхстану аўтамабіляў заказчыкаў, аказваем паслугі арэнды. У мінулым годзе запусцілі электразарадную стан­цыю. Больш тысячы кВт энергіі даставілі для зарадкі аўтамабіляў толькі ў снежні мінулага года.Разглядаем магчымасць аднаўлення міжга­родніх маршрутаў і арганізацыі паездак на Санкт-Пецярбург.Працуем над зніжэннем затрат, што дазволіць палепшыць камфартабельнасць парка машын і павысіць зарплаты працаўнікам.

  КІРАЎНІЦТВА ў АСОБАХ

Першым дырэктарам аўтабазы быў Мікалай Врублеўскі.

1968–1974 гг. – яго змяніў Іван Еўтуховіч.

1974–1977 гг. – дырэктар Сямён Домаш.

1977–1998 гг. – кіраўніком з’яўляўся Адам Стручко.

1998–2005 гг. – на пасадзе дырэктара Аляксандр Горбаль.

2005–2008 гг. – дырэктар прадпрыемства Аляксей Жыляк.

2008–2019 гг. – аўтапарк узначальвае Аляксандр Жук.

2020–2024 гг. – Віталь Салкевіч.

У 2024 годзе новым кіраўніком аўтапарка прызначаны Сяргей Сідарук.

МОВАЙ ЛІЧБАЎ

– На канец 1974 года ў аўтабазе працавала 265 чалавек, у тым ліку інжынерна-тэхнічныя работнікі – 18, вадзіцелі грузавых аўто – 101, аўтобусаў – 44, рамонтнікаў – 68.

– У 1977 годзе спіс працаўнікоў налічваў 270 чалавек.

– У 1988 годзе ў арганізацыі налічвалася 105 грузавых аўто, 39 аўтобусаў; працаваў 221 вадзіцель; перевезена звыш 1,7 млн грузаў.

– На пачатак 2005 года ў арганізацыі мелася 12 грузавых машын, 22 аўтобусы; калектыў – 94 чалавекі.

– Сёння штат работнікаў 76 чалавек, у парку машын 40 аўтобусаў,11 грузавікоў, 1 цягач і 4 легкавыя аўтамабілі.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович