Сацыяльны работнік Алена Рабянок – у ліку профі вобласці

14:00 / 28.10.2025

Прыемная навіна прыляцела нядаўна з Ліды, дзе праходзіў абласны конкурс прафесійнага майстэрства “Сацыяльны работнік – 2025”. Удзельніца з астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Рабянок заняла на ім 3-е месца.

Гэты конкурс праводзіўся ў другі раз і сёлета на званне прафесіяналаў сваёй справы прэтэндавала 19 спецыялістаў. Яны дэманстравалі творчыя і прафесійныя навыкі падчас 3-х этапаў: візітоўцы, пісьмовым тэсціраванні і прэзентацыі хобі.

Пра ўдзел у конкурсе і ўражаннях ад выніку – з вуснаў Алены Рабянок:

– Спачатку быў раённы конкурс, дзе перамагла і, значыць, трэба было рыхтавацца да абласнога этапу. Чалавек я зусім не публічны, таму, вядома, хвалявалася і перажывала. Але дзякуючы дзяўчатам з тэрытарыяльнага цэнтра, якія дапамагалі і падбадзёрвалі, уцягнулася ў працэс. (Усміхаецца.) Наогул, я бязмежна ўдзячна ўсяму нашаму калектыву – без іх дакладна нічога не атрымалася б. Яны такія творчыя і актыўныя, што міжволі зараджаюць энергіяй і пазітывам. А як дзяўчаты падтрымлівалі мяне на конкурсе! На першым этапе трэба было расказаць пра прафесію. Мы вырашылі зрабіць гэта гумарыстычна і паказалі сцэнку, дзе я прыйшла да сваіх падапечных бабулі і дзядулі. Другі этап для мяне быў самым лёгкім: трэба было пісьмова адказаць на 10 пытанняў, звязанных з веданнем спецыфікі і нормаў нашай работы. А на апошнім канкурсанты дэманстравалі свае хобі. Я люблю ствараць прыгажосць сваімі рукамі: кручу букеты з цукерак, раблю ўпрыгожванні з прыродных матэрыялаў. А яшчэ захапляюся прыгатаваннем гарбаты з розных зёлак. Вось пра гэта мы і паказалі відэа, а пасля пачаставалі травяным напоем журы. Мяркуючы па рэакцыі, яны былі прыемна ўражаны. (Усміхаецца.)


– Шчыра кажучы, едучы на конкурс, ні на якое месца не разлічвала, – прызналася Алена. – Таму калі пачула сваё прозвішча ў ліку прызёраў, спачатку разгубілася. Гляджу – дзяўчаты радуюцца, рукамі мне машуць, віншуюць, а я паверыць не магу. Дарэчы, такі вынік – заслуга нашай агульнай каманднай работы. Таму дзякуй усім за віншаванні, а маім бабулям і дзядулям – яшчэ і за цярпенне з разуменнем, бо на падрыхтоўку да конкурсу патрэбен быў час. Але яны таксама за мяне перажывалі і так радаваліся, даведаўшыся, што ўсё было не дарэмна. Такія моманты дарагога каштуюць!


Фота Астравецкага ТЦСАН.

Текст: Марина Гавдурович