Бываліца: колькі будзе 50 з паловай?

16:20 / 28.10.2025



Фото Pexels

Кажуць: гара з гарой не сойдзецца, а чалавек з чалавекам абавязкова сустрэнуцца! Так і атрымалася. Маю даўнюю сяброўку, ці лепш сказаць – прыяцельку. Знаёмы з ёй сто гадоў, а можа, і больш, бо яшчэ бацькі нашы сябравалі. Жывём у розных вёсках, таму сувязь у асноўным тэлефонная. Сазвоньваемся часта, а бачымся рэдка: не тыя ўжо гады, каб па гасцях раз’язджаць.

А тут сустрэлiся! І дзе вы думаеце? Пра­вільна: у бальнiцы. Дзе яшчэ можна сустрэцца дзвюм пенкным паненкам з ка­венькамі? Узрадаваліся сустрэчы! Аб­нялiся, рас­ца­лавалiся, камплiментаў на­гаварылi адна адной. Ну і што, што абе­дзве ведаем, што ўсё не так цудоўна, як сяброўка кажа? Хай сабе і няпраўда, а ўсё роўна прыемна пачуць добрае слова…

Прыселі на канапку пра жыццё-быццё пагаварыць, навінамі абмяняцца, ура­жаннямі.

– Без жартаў, – гаворыць сяброўка, – ты вельмi добра выглядаеш. На свае гады зусім не цягнеш… Табе ж, мусіць, як і мне, 76 ці каля таго?

– Не, – адказваю, – мне 50 з паловай.

– Ды не можа быць! – не дае веры сяброўка. – Нешта ты махлюеш. Якіх 50 з паловай? Мы з табой, памятаю, на танцы разам хадзілі!

– А ты палічы! – не здаюся я. – Я ж кажу: мне 50 і яшчэ палова. А колькі палова ад 50-ці? Правільна: 25. Вось і складзі 50 і палову – якраз мой узрост атрымаецца.

– А ты і сапраўды не памянялася: такая ж жартаўніца, як і ў маладосці была! – засмяялася сяброўка. – Цудоўна прыдумала! Я цяпер таксама буду ўсім гаварыць, што мне 50 з паловай. І яшчэ з невялікім хвосцікам.

На тым і разышліся, задаволеныя адна адной і самі сабой.

Рэгіна ДРЭМА, в. Ліпкі.