Па сцяжынцы да школьнага парога Страчанскай пачатковай школы прайшліся яе былыя дырэктар Галіна Шыман і вучаніца Марына Гаўдуровіч
11:00 / 26.03.2025
Расказвае былы дырэктар Галіна Раманаўна Шыман:
Спачатку вучылася ў Вялікіх Стаўпянятах – тут была сямігадовая школа, затым пайшла ў Свірскую сярэднюю. Пасля яе заканчэння год працавала піянерважатай у Жукойне-Жалядскай васьмігодцы. А потым паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання.
Шчыра прызнаюся, настаўніцай марыла быць з дзяцінства. І ніколі не здрадзіла гэтаму жаданню. Прыкладам для пераймання стала мая цётка, якая працавала ў школе. І калі мы, малымі, гулялі ў школу, то я ніколі не была вучаніцай, толькі педагогам – паводзіла сябе, як сапраўдная настаўніца, выклікала да імправізаванай дошкі, давала заданні і ставіла адзнакі.
Пасля вучобы вярнулася на радзіму – і зноў стала працаваць у Жукойне-Жалядскай школе, толькі ўжо настаўніцай пачатковых класаў, быў прыкладна 1969-1970 год.
У гэты ж час пачалі ўзводзіць сярэднюю школу ў Спондах, і пасля яе адкрыцця я перайшла сюды. Менавіта тут пазнаёмілася з настаўнікам фізкультуры Аляксеем Мацвеевічам Шыманам – і выйшла замуж. Тут у нас нарадзіўся сын Валера. Жылі мы ў доме настаўнікаў, які быў пабудаваны пры школе. Хлопчык часта хварэў, і ўрачы раілі перасяліцца ў драўляны будынак.
Якраз у гэты час калгас «Савецкая Беларусь», які ўзначальваў Іосіф Валянцінавіч Руновіч, заканчваў узвядзенне новай школы ў Страчанцы, і ў 1975 годзе мне прапанавалі перайсці сюды.
Вучні Страчанскай школы 1 рад: Святлана Дрозд, Алена Паўловіч (Памецька), Людміла Руновіч, Галіна Раманаўна Шыман, Ганна Яновіч, Валерый Шыман, Алена Мацкевіч,
2 рад: Аляксандр Руновіч, Генадзь Яновіч, Аляксандр Мілаш, Ганна Міхновіч, Віктар Селіцкі, Леанід Ляховіч, Іван Яновіч.
Школа была на два канцы: у адным размяшчаліся класы, у другім пасялілася наша сям’я. А пазней мы займелі і ўласнае жыллё. Цікава, што спачатку наша школа насіла назву Стаўпяняцкая – у гэтай вёсцы ўстанову закрылі, калі пабудавалі «пачаткоўку» ў Страчанцы. І толькі пазней нас перайменавалі па назве вёскі. Першыя гады мы былі на балансе калгаса, потым перавялі пад сельсавет.У школу я прыйшла не толькі як настаўнік, але і як дырэктар. Будынак, канешне, быў новы, але што рабілася каля яго! Навесці парадак дапамаглі бацькі – усе адразу ж адгукнуліся: разам раўнялі тэрыторыю, садзілі кусты і дрэвы, разбівалі клумбы – і 1 верасня ўстанова сустракала дзяцей і дарослых квітнеючымі палісаднікамі, чысцінёй і прыгажосцю.
Вучні Страчанскай школы з настаўніцамі Марынай Мікалаеўнай Лушчык іГалінай Раманаўнай Шыман
Дарэчы, пачатковыя школы звычайна месціліся ў старых будынках. Наш жа быў новы, да таго ж тэрыторыю мы добраўпарадкавалі і заўсёды былі ў выйгрышнай сітуацыі.Перад пачаткам навучальнага года спецыялісты аддзела адукацыі праводзілі аб’езд – мы заўсёды атрымлівалі 1-я месцы, і на жнівеньскім педсавеце нас узнагароджвалі.
У розныя гады ў школе таксама працавалі мая былая вучаніца Марына Мікалаеўна Лушчык, Ганна Уладзіміраўна Гутовіч і Ірына Пятроўна Гарэлік (Руновіч).
Былі пры школе і тэхработнікі. За час маёй працы іх змянілася трое: Валянціна Ціханаўна Селіцкая, Генуэфа Аляксандраўна Яновіч, Яніна Іосіфаўна Мацкевіч.
У 1991 годзе пры ўстанове адкрылі дзіцячы сад – загадваць ім стала Марына Мікалаеўна Лушчык. А пасля таго як я пайшла на пенсію (у 2002 годзе), яна ўзначаліла ўсю ўстанову.
Галіна Раманаўна Шыман з вучнямі
Пры школе быў участак, за кожным класам замацаваны градкі: садзілі капусту, агуркі, моркву, буракі, цыбулю... Потым збіралі ўраджай, прадавалі, а грошы ішлі на харчаванне дзяцей – на абед рабілі чай і давалі пячэнне. Так было да адкрыцця садка.Традыцыйна ладзілі ўрачыстыя прыёмы ў акцябраты і піянеры – праходзіла гэта мерапрыемства ў Спондаўскай школе. Рыхтавалі сумесныя выступленні і канцэрты.
Заўсёды адзначалі святы 1 і 9 Мая, Новы год, 8 Сакавіка, 7 лістапада і іншыя – праводзілі лінейкі, ранішнікі, круглыя сталы, ладзілі пастаноўкі. Частымі гасцямі ў школе былі і бацькі дзяцей – вельмі дружныя і добрыя. І ў канцэртах самадзейнасці ўдзельнічалі, і проста прыходзілі паглядзець на сваіх школьнікаў. Бацька Марыны Мікалаеўны Лушчык цудоўна граў на гармоніку. Ён падыгрываў – спявалі і танцавалі ўсе. Весела было!
Хаця, шчыра кажучы, у той час на вёсцы рознае здаралася, толькі пра сумнае не хочацца ўспамінаць.
Вазілі мы дзяцей і на экскурсіі – яны не былі далёкімі: на цагляны завод у Малой Страчы, на возера Свір. Аўтобус даваў калгас бясплатна.
Восенню пасля заняткаў часта з вучнямі хадзілі ў лес: вывучалі ягады, грыбы. І, канешне ж, збіралі. Сабранае потым дзеці неслі дахаты – карысць і для сям’і, і для школы.
Была ў нас традыцыя перад Дзядамі прыбіраць са школьнікамі закінутыя могілкі.
А яшчэ ў школе быў створаны музейны куток сялянскай хаты: стаяла печ, ложак з гарою падушак з накідкамі, былі розныя прылады. Збіралі ўсе гэтыя рэчы па вёсцы – кожны быў рады падзяліцца тым, што меў.
Але прыйшоў час ісці на пенсію… Я цудоўна і сёння помню сваю апошнюю лінейку, калі развіталася з дзецьмі і іх бацькамі. І са школай, канешне. Канешне, першы час цягнула туды – і Марына Мікалаеўна заўсёды запрашала на лінейкі, ранішнікі і святы. Зрэдзьчасу хадзіла…
А 31 жніўня 2006-га школу закрылі. Яе будынак стаіць і сёння: моцны, дыхтоўны – з цэглы ж зроблены. Спачатку зрабілі «бытоўку», але яна не карысталася попытам, і праз год яе закрылі… А так хацелася б, каб ён атрымаў другое жыццё!
Галіна Раманаўна з апошнімі першакласнікамі
Расказвае былая вучаніца Марына Гаўдуровіч (Мацкевіч):
У 1-шы клас пайшла ў 1989 годзе. Школа ўяўляла сабой вялікі аднапавярховы будынак, падзелены на дзве часткі з двума асобнымі ўваходамі. Калі я вучылася, класы ўжо знаходзіліся ў левым крыле. Сястра з братам расказвалі, што яны займаліся ў правым – там, дзе пазней размясціўся дзіцячы садок. Да гэтага ж палова будынка ў асноўным пуставала. Памятаю, што аднойчы туды засялілі студэнтак, якія прыехалі ў наш калгас капаць бульбу. Мы, малыя, любілі падглядваць за імі ў вокны, але яны не крыўдзіліся, наадварот, жартавалі з намі і часам гулялі на перапынках.
На той час вучэбная палова складалася з двух пакояў, падзеленых калідорам. У кожным займалася па два класы. У адным з іх на вялікім перапынку нам давалі булачку альбо іншае печыва з чаем, кампотам, кісялём ці какавай. Мне больш за ўсё падабалася апошняе.
Настаўніца ў той час была адна, але Галіна Раманаўна цудоўна з усімі спраўлялася. Пазней працавала ў Страчанскай школе малады педагог Ганна Гутовіч, але яна нядоўга затрымалася – хутка выйшла замуж і з’ехала. Затым да нас прыйшла Марына Мікалаеўна Сымановіч (цяпер Лушчык). Яна ўзяла палову вучняў – два класы.
Дзяцей у класах было няшмат. Яно і зразумела: на той час пачатковыя школы былі ў многіх вёсках тады яшчэ Спондаўскага сельсавета: Страчанская, Страчская, Вераб’ёўская, Масцянская, Клюшчанская, Спондаўская – яна ж і сярэдняя. Таму ў пачатковыя класы ў асноўным хадзілі дзеці з гэтага ж населенага пункта і бліжэйшых вёсак і хутароў. Пра падвоз не было і размовы. Мы жылі за 3 кіламетры ад школы і раніцай звычайна падвозіў тата, едучы на работу. Ён жа стараўся і забраць, але атрымлівалася далёка не заўсёды, тады вярталася дадому пехатой.
У маім класе было 4 чалавекі: Света Ярашэвіч, Саша Мароз, Сяргей Міранкоў і я. Жылі дружна, сябравалі. Разам з іншымі дзецьмі на перапынках любілі гуляць у хованкі, «Чай-чай, выручай», «Мора хвалюецца раз…» і іншыя забавы. На школьным двары была пляцоўка з арэлямі і турнікамі. У цёплую пару года з нецярпеннем чакалі канца ўрока, каб пагуляць на вуліцы. Ды і зімой выбягалі, каб пакоўзацца на замерзлай лужыне пры дарозе.
А ў маі, пасля заканчэння навучальнага года, была традыцыя пайсці ў паход. І хоць заканчваўся ён на ўскрайку вёскі, у маляўнічым месцы побач з рэчкай, гэта было ўсё роўна цікава. Настаўніца гуляла з намі ў розныя гульні і, канешне ж, арганізоўвала пікнік.
Успаміны аб Страчанскай пачатковай школе заўсёды будуць цёплымі і ўдзячнымі – гэта часцінка непаўторнага часу дзяцінства. І калі цяпер часам праязджаю міма гэтага аднапавярховага асірацелага будынка з пустымі ваканіцамі, становіцца сумна. Школа перастала існаваць, але, спадзяюся, яна будзе жыць заўсёды ў памяці сваіх вучняў, для якіх менавіта тут прагучаў першы школьны званок.