Народныя традыцыі: як у Кемелішках вясну гукалі

13:00 / 24.03.2025

Фальклорнае абрадавае свята “Гуканне вясны” зладзілі ў Кемелішках у мінулую нядзелю.




Тэатралізаваным шэсцем, з песнямі ды заклічкамі ішлі дзеці і дарослыя па вуліцах аграгарадка да галоўнай пляцоўкі – амфітэатра. Тут гасцей свята чакалі тэматычныя зоны з народнымі забаўкамі, гульні, майстар-класы па вырабе папяровых птушак, побытавых танцах; выступленне ансамбля “Кемяліна” і пачастункі, галоўны з якіх – здобныя жаваронкі, вестуны вясны.

– Штогод паказваем валачобныя і калядныя абрады. Хочацца перадаць дзецям нашы традыцыі, каб ведалі беларускую культуру. Таму сёлета вырашылі пашырыць наша кола народных свят: паказаць, як у даўніну сустракалі вясну. Падчас яе гукання віталі птушак з выраю, бо, лічылася, яны прыносяць з сабой цёплае, спрыяльнае для пасяўных работ надвор’е, – гаворыць загадчык кемелішкаўскага клуба Алена Якубцэвіч. – Парадавала, што прыйшлі і дарослыя, думаю, шмат новага для сябе адкрылі.



Беларусы лічылі: чым вышэй будуць узлятаць арэлі ў свята, тым вышэйшымі вырастуць лён і збажына. Звычайна гушкацца ішла моладзь. І дзеці – каб быць здаровымі і моцнымі ўвесь год. Упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі арэлі чакалі і кемелішкаўцаў.

– Трэба высока гайдацца, каб вясна заўважыла, што мы яе гукаем, і прынесла нам шчасце. Я пагушкалася, – расказвае Лана Шэстак. – І ў “Гарлачык” пагуляла – гэта забаўка такая беларуская.



Адзін з абавязковых сімвалаў, які набліжае абуджэнне прыроды, – самаробныя птушачкі. Іх развешвалі на дрэвы і стараліся выбіраць вышэйшыя галінкі – так, верылі продкі, вясна хутчэй заўважыць, што трэба ў сонца браць ключы і адмыкаць зямлю.

– Цікавыя традыцыі ў нашага народа – не прамінула з імі пазнаёміцца. Пачаставалася булачкамі-“жаваронкамі” ад Марыны Сцефановіч – гэта наша мясцовы майстар. Птушачак на галінкі дрэва вешала; стужачкі завязвала – шмат жаданняў загадала, – усміхаецца Валянціна Пятроўская. – Добрае свята атрымалася. Дзякуй работнікам нашай культуры! Яны такія малайцы, так стараюцца. Гэта ж колькі падрыхтоўкі   трэба, каб атрымалася весела, душэўна. Радуе, што традыцыі шануюць, што моладзь да іх прыдачыняюць, ды і нам, людзям старэйшага ўзросту, гэта цікава.

Яшчэ адна традыцыя, звязаная з марай пра шчаслівае жыццё і дабрабыт, – павязванне каляровых стужак. Іх прымацоўвалі на галінкі дрэў, загадваючы жаданні.

Ойра, кракавяк, падыспань – не толькі з побытавымі песнямі, але і танцамі беларусаў знаёміліся на свяце кемелішкаўцы.

– Упершыню на такі майстар-клас трапіў – нескладана, тым больш у дзяцінстве ў мясцовай музычнай школе на харэаграфічным аддзяленні займаўся, – дзеліцца    Арцём Кузьміцкі. – Развучыў рухі ойры – гэта прывітальны танец. Думаю, нават таму, хто не ўмее танцаваць, не складзе цяжкасцей яго “адолець”. Я атрымаў задавальненне ад працэсу. (Смяецца.)




Фінальнай кропкай свята сталі спальванне пудзіла зімы і карагод вакол вогнішча.

– Не толькі дочкам, але самой цікава было паглядзець, як нашы продкі вясну клікалі. Адным з яскравых момантаў свята было спальванне пудзіла зімы – думаю, гэта відовішча падабаецца ўсім. Прыдачыняць да традыцый народа трэба з маленства, каб людзі ведалі і паважалі іх. Дарэчы, на Масленіцу мы з мужам рабілі падобнае для дзяцей, ім цікава было, – усміхаецца Наталля Дрэма.



На развітанне арганізатары як гасцінныя гаспадары запрасілі сваіх гасцей за “стол”. Праўда, ахвочым падсілкавацца трэба было крыху пакухарыць ля вогнішча: падсмажыць сабе на вугельчыках скварачку ды з адваранай у мундзірах бульбачкай.   Ці дзіва, што адбою не было ад жадаючых!

– І хлеб падсмажвалі. Я скварку на вогнішчы сам гатаваў – смачней, чым на патэльні атрымалася, бо гэта ж на прыродзе, – заўважае Давід Дрэма. – На свята прыйшоў з мамай і з братам. Ведаў, што тут нешта цікавае будзе, – не памыліўся!

Рыта ДРЭМА, фота аўтара.

 

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо