Традиционная районная спартакиада «Папа, мама, я - спортивная семья" в минувшую субботу прошла в Островце
Сямнаццаць каманд, тры ўзроставыя катэгорыі і шэсць відаў спаборніцтваў. Радасць удачы, слёзы адчаю, загартоўванне характару і сілы волі. Сіла мужчын, грацыёзнасць жанчын і непасрэдная шчырасць дзяцей. Традыцыйная раённая спартакіяда “Тата, мама, я – спартыўная сям’я” ў мінулую суботу прайшла дынамічна, актыўна і па-сямейнаму цёпла.
Спартыўная зала гімназіі перад пачаткам спаборніцтваў нагадвала вулей – асабліва “адрываліся” дзеці. Адны правяралі трапнасць, закідваючы мяч у баскетбольнае кальцо, другія “выпісвалі” фігуры на самакаце, трэція спрабавалі на вытрымку гімнастычны шар. Нярэдка кампанію ім складалі і іх бацькі – словам, усе разміналіся перад пачаткам.
Прадэманстраваць сямейны дух і спартыўную падрыхтоўку на спартакіядзе сабраліся сямнаццаць сем’яў. Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых катэгорыях, якія вызначаліся па дзецях: 6-8 гадоў, 9-11 і 12-14 гадоў.
Колькасць удзельнікаў і насычаная праграма абяцалі, што будзе цікава – і спадзяванні апраўдаліся. Парадавалі некалькі арыгінальных відаў спаборніцтваў. Адно з такіх – бег з дзіцём на руках, з якога і пачалася спартакіяда. Тата і мама скрыжоўвалі паміж сабой рукі, на іх сядала дзіця – і так сям’я павінна была прабегчы пэўную дыстанцыю. І калі ў малодшай узроставай катэгорыі бацькі неслі дзяцей, бы пушынак, то ў старэйшай ім прыйшлося папацець: аказваецца, і свая ноша бывае цяжкаватай.
Заўсёды прыемна назіраць за спаборніцтвам, дзе ўдзельнічае ўся сям’я. У такіх выпадках нават простая і стандартная эстафета або кіданне мяча ў баскетбольнае кальцо становіцца прыкладам еднасці і ўзаемнай падтрымкі. Так адбылося і на гэты раз: на ўсіх этапах спаборніцтва таты, мамы і дзеці аднолькава перажывалі адзін за аднаго.
Калі ў папярэдніх заданнях дэманстраваўся камандны дух, то падчас чаўночнага бегу і фігурнай язды на самакаце за ўсю сям’ю прыйшлося трымаць адках дзецям. Аднак хваляваліся ўсё ж больш дарослыя. Трэба было бачыць, як таты і мамы тлумачылі малышам, што і як трэба рабіць, нецярпліва чакалі іх на фінішы, як супакойвалі і абдымалі, калі нешта пайшло не так. І як шчасліва ўсміхаліся і ганарыліся поспехамі сваіх сыноў і дачок.
А затым “зорны час” для дэманстравання сілы і напорыстасці надышоў і для іх татаў. На пляцоўку запрашала “Сумо” – спаборніцтва для сапраўдных асілкаў. Гэтая частка спартакіяды стала і самай відовішчнай: два мужчыны станавіліся ў круг і з дапамогай гімнастычных шароў, якія трымалі перад сабой, яны павінны былі выштурхнуць саперніка з кола. У ход ішлі не толькі сіла, але хітрасць, спрыт, тактыка і стратэгія. А як падтрымлівалі сваіх самых мужных, моцных і умелых татаў дзеці!
Пераможцы і прызёры сямейнай спартакіяды вызначаліся па агульнай колькасці ачкоў за ўсе спаборніцтвы. У выніку ва ўзроставай катэгорыі 6-8 гадоў першае месца занялі Барыс, Марыя і Ярамір Парамонавы. На другім – Васіль, Святлана і Ягор Буднікі. А трэцімі сталі Васіль, Юлія і Эмілія Мальдзісы.
У сярэдняй групе, 9-11 гадоў, месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – Андрэй, Ірына і Ягор Піражковы, другое – Мікалай, Ганна і Яўген Трафімчыкі, трэцяе – Сяргей, Вольга і Арцём Севасцьяны.
У старэйшай узроставай катэгорыі ўдзельнічалі дзве сям’і: першае месца занялі Алег, Наталля і Юліян Гарбачовы, а другое – Мікалай, Людміла і Ангеліна Аліхвер.
У агульнакамандным заліку першае месца заняла каманда гімназіі №1, другое – Гудагайскай сярэдняй школа, а трэцяе – СШ №1.
Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і медалямі. А 11-12 чэрвеня гэтыя сем’і прадставяць Астравеччыну на абласных спаборніцтвах.