Як Дзеду Марозу бараду адарвалі – успамінае Віталій Рыбак
07:28 / 04.01.2019
– Як у той песні, «я рожден в Советском Союзе» і памятаю па-сапраўднаму снежныя зімы. У вёсцы Лявонавічы, што на Дзятлаўшчыне, дзе мы жылі, былі такія вялікія гурбы, што да канца зімы снег ляжаў амаль што ўпоравень з вільчыкам даха, – я не перабольшваю. І калі мы выходзілі з хаты, то траплялі ў снежны тунэль, пракапаны да веснічак, калодзежа, хлява.
Вось менавіта такой зімой мы з братам чакалі навагодніх падарункаў. Тады не было магчымасці дарыць нешта дарагое – але нам хапала і цукерак. Таму, пэўна, і не было ў дзяцей зайздрасці, што ў некага з сяброў падарунак лепшы.
Тата працаваў механікам у калгасе, дахаты вяртаўся позна. І вось 29 снежня яго дома няма да начы, 30 снежня – таксама… Вядома, мы з братам яго не дачакаліся, заснулі.
Злева Віталій Рыбак
А калі прачнуліся, убачылі, што нешта ў нашым тунэлі ёсць. Кінуліся, забыўшыся апрануцца, а там – ёлка стаіць каля калодзежа, яшчэ і дожджыкам упрыгожаная. А пад ёлкай падарунак – мячык. Колькі радасці было!Я заўсёды ведаў, што Дзед Мароз існуе. Нават бачыў яго, і не аднойчы: ён прыходзіў да нас перад святам. Такую традыцыю прыдумалі ў калгасе: дзецям працаўнікоў прыносіў навагоднія падарункі Дзед Мароз. Праўда, быў ён не заўсёды цвярозы – у кожнай сям’і яго частавалі.
У садку ў нас не рабілі тэатралізаваных ранішнікаў, але касцюмы дзецям шылі. Я быў Зайчыкам, пакуль не вырас з касцюма. А маска недзе і зараз ляжыць.
Прыкладна з шостага класа я і сам быў Дзедам Марозам – прыходзіў у дзіцячы садок, дзе працавала маці, і да малодшых школьнікаў. Адзін хлопчык прачытаў вершык пра поезд і, патрабуючы падарунка, так тузануў мяне за бараду, што адарваў яе. І таго хлопчыка, і той верш памятаю да гэтага часу.