Спондаўскі школьны музей расказвае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны

09:47 / 24.05.2019
Астравеччына пакуль што не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. 

Пра кожны з іх мы пастараемся расказаць у новым праекце «Астравецкай праўды»  –  «З экс­­пазіцыі школьнага музея». 

Музей баявой славы імя Фёдара Рыгоравіча Маркава

Гэты музей не прыцягвае багатымі экспазіцыямі і сучаснымі стэндамі. Тут усё прос­та і нават здаецца, што трапіў у савецкі час. Аднак тут жывуць душы  тых, хто заваяваў нам мірнае неба над галавой.

Музей баявой славы імя Фёдара Рыгоравіча Маркава быў заснаваны ў 1973 годзе – праз год пасля адкрыцця новага будынку Спондаўскай  школы. На той час назваць яго музеем было складана. Гэта былі рэчы, якія захоўваліся ў адным з класных памяшканняў. І толькі з цягам часу гэты куток  ператварыўся ў музей.

Усё пакінуць след павінна…

Стваральнікам музея стаў настаўнік гісторыі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, член партызанскай брыгады імя Варашылава Іван Мікітавіч Мартынаў. 

Ён, былы партызан, дбаў пра тое, каб захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, баявых дзеяннях брыгады, у якой ваяваў,  і пра сваіх баявых таварышаў. Усе сілы педагог накіраваў спачатку на збор матэрыялаў, рэчаў, якія належалі героям вайны, а  потым і на адкрыццё музея і далучэнне дзяцей да яго дзейнасці.

Ганна Валяр’янаўна Мілаш, сённяшняя загадчыца музея, на той час вучылася ў Спондаўскай  школе. У старэйшых класах Іван Мікітавіч  выкладаў у дзяўчыны гісторыю. 

– Іван Мікітавіч быў вельмі ак­тыўным і прынцыповым, вясё­лым, жыццярадасным, апты­містычным, ён усіх запаль­ваў сваёй пазітыўнай энергіяй. Нават знаходзячыся ўжо ў паважаным узросце, ён працягваў працаваць і ніколі не скардзіўся на здароўе, заўсёды быў у гушчыні падзей, – успамінае Ганна Валяр’янаўна.

IMG_5401.jpg


Настаўнік-гісторык настолькі зацікавіў дзяўчыну сваім прадметам,  што менавіта  дзякуючы яму яна выбрала сваю будучую прафесію –  таксама стала настаўніцай гісторыі. 

– Музей стаў справай жыцця Івана Мікітавіча. Нягледзячы на тое што ён  жыў у Свіры, што­дзень прыязджаў на працу ў Спонды, займаўся пошукавай работай, працаваў так, што маладыя маглі б пазайздросціць, – гаворыць загадчыца музея. 

Справа Івана Мікітавіча жыве і сёння. Яе падхапілі яго былыя вучні. Спачатку музеем загадваў Віталь Іванавіч Івашкевіч, потым Андрэй Ісідаравіч Памецька, з 2009 года яго кіраўніком з’яўляецца Ганна Валяр’янаўна Мілаш.

 – Усё, што сёння ёсць у нашым школьным музеі,  было сабрана Іванам Мікітавічам і яго вучнямі. Экспанаты ён збіраў сам, падключаў сваіх таварышаў, з якімі давялося плячо ў плячо прайсці праз усе выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, –  гаворыць Ганна Валяр’янаўна.

IMG_5422.jpg


–  Я і сёння памятаю, як у старэйшых класах мы пісалі анкеты і рассылалі іх ветэранам Вялікай Айчыннай, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах у мікрараёне нашай школы. Часта на запыты савета музея ў школу прыходзілі пісьмы з фотаздымкамі. Сабраную інфармацыю аналізавалі, апрацоўвалі  –  і потым афар­мля­лі  звесткі, –  успамінае сённяшняя загадчыца музея. 

Падчас афармлення пісьмаў і «разбораў» атрыманай пош­ты Іван Мікітавіч уключаў патэфон, ставіў пласцінкі  з песнямі ваенных часоў – і пачыналася праца. Сёння вучні  школы і наведвальнікі  музея  могуць даведацца аб складзе партызанскіх брыгад і атрадаў, якія базіраваліся ў тым ліку і на тэрыторыі нашага раёна.

Сотні герояў

Сучасны выгляд музей набыў ужо пасля смерці Івана Мікітавіча – у пачатку 90-х гадоў, аднак і сёння ў ім жыве яго дух, а велізарную працу  гэтага чалавека па аднаўленні звестак аб партызанах, іх злучэннях і фарміраваннях  помняць і захоўваюць настаўнікі і школьнікі.

Інфармацыя аб героях Вялікай Айчыннай вайны і дзясяткі іх фотаздымкаў знайшлі сваё месца на стэндах музея. Знайшлося адпаведнае  месца і для архіўных анкет, якія калісьці пісалі спондаўскія школьніцы.

IMG_5384.jpg


Музей носіць імя Фёдара Маркава – дарэчы, гэтаму чалавеку прысвечаны асобны стэнд  у школьным музеі. Ён  быў камандзірам партызанскай брыгады імя Варашылава, у якой знаходзіўся падчас вайны Іван Мікітавіч Мартынаў. Так былы партызан вырашыў увекавечыць памяць пра свайго камандзіра.

–  Наш музей не мае строгай структуры. Але ўмоўна яго можна падзяліць на некалькі частак, –  праводзіць экскурсію Ганна Валяр’янаўна. – Адна частка  стэндаў расказвае пра партызанскія брыгады, якія дзейнічалі ў Нарачанскай зоне, – на іх размешчаны назвы брыгад, прозвішчы кіраўнікоў, іх фота­здымкі. Другая част­ка ўтрымлі­вае звесткі пра брыгаду імя Варашылава і партызанскія атрады, якія ўваходзілі ў яе склад.  

Частку экспа­натаў школьнага музея  –  у асноўным гэта былі ўзоры зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны – нядаўна  давялося выключыць з фонду  і перадаць праваахоўным органам. Захоўваць такія рэчы ў школе небяспечна. 

Штогод фонд музея па­паў­няецца новымі прадметамі. З апошніх – каска  часоў Вялікай Айчыннай вайны, якую адшукаў мясцовы жыхар Аляксандр Дарашэвіч. 

– У нашым музеі няма медалёў і ордэнаў, тым не менш ёсць некалькі экспанатаў, якія выклікаюць цікавасць у нашых наведвальнікаў. З такіх – карта, якая належала Фёдару Маркаву. На ёй пазначаны накірункі дзейнасці партызанскай брыгады, –  расказвае загадчыца музея. – Яшчэ кацялкі, фляжкі, якімі карысталіся члены партызанскай брыгады, запальнічкі,  гільзы, партсігар і шэраг іншых. 

Ды  і фотаздымкі, і ўвогуле ўся інфармацыя, якую ўдалося сабраць у 70-80-я гады пра ўдзельнікаў партызанскага руху, з’яўляецца каштоўнасцю. Адшукаць такія звесткі  сёння, калі большасці сведкаў падзей 40-х гадоў ужо няма на гэтым свеце, наўрад ці атрымалася б. 

IMG_5419.jpg


– На момант адкрыцця музея ён выглядаў сучасна, – узгадвае Ганна Валяр’янаўна. – Сёння  рукапісныя стэнды, можа, і не прывабліваюць прыгажосцю, затое прыманьваюць духам таго часу. Зразумела, што цяпер ніхто б не клеіў фотаздымкі на сцены. Але  адарваць іх – гэта папсаваць тое, што мы маем. Таму мяняць выгляд музея пакуль мы не плануем, –  гаворыць загадчыца музея.

Пошукі сучаснасці

За звесткамі ў музей прыходзяць запыты нават з-за мяжы.
 
Напрыклад,  нядаўна ў Спон­даўскую школу паступіў зварот з Расіі. Сын шукаў свайго бацьку, які, магчыма, ваяваў у брыгадзе імя Варашылава. На жаль, ніякіх звестак пра гэтага чалавека ў музеі не знайшлося. 

Цеснае супрацоўніцтва нала­дзілі школьнікі  і са Свірскім школьным музеем – накірунак яго гісторыка-краязнаўчы, асобная экспазіцыя адведзена брыгадзе імя Варашылава.

–  Вялікіх баёў на Спондаў­шчыне  не было. Са звестак, пакі­нутых Іванам Мікітавічам Мартынавым, вядома пра бой пад Клюшчанамі, калі там быў ліквідаваны паліцэйскі ўчастак,  і пра перастрэлку каля Страчы, –  гаворыць  Ганна Валяр’янаўна. – Захоўваюцца ў музеі і кнігі, прысвечаныя ў тым ліку і членам брыгады імя Варашылава – «Партызаны Вілейшчыны» і «Людзі нарачанскага краю» – яны ўжо таксама сталі каштоўнасцю.  Добра, што калісьці аўтары знайшлі час, каб расказаць пра людзей, якія абаранялі наш край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Актыўна сёння працуе і савет музея: школьнікі пішуць навуковыя працы, удзельнічаюць у гісторыка-краязнаўчых канферэнцыях, мерапрыемствах, якія арганізоўвае савет ветэранаў. Вялікую ўвагу настаўнікі і вучні школы і цяпер  надаюць збору звестак пра землякоў –  ветэ­ра­наў Вялікай Айчыннай вайны – на жаль, нікога з іх ужо няма ў жывых, але памяць пра іх подзвіг захоўваецца ў школь­ным музеі.

Цяпер з экспанатаў музея аргані­за­вана і школьная выстава, прымеркаваная да 75-годдзя з дня вызвалення нашай краіны і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 


ЛІЧБА

115  экспанатаў асноўнага фонду захоўваецца ў музеі.

Текст:
Фото: Елена Ярошевич