Айвар Нурэтдзінаў: У Башкірыю еду ў госці, а ў Беларусь – дамоў.
Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна: там, дзе ён нарадзіўся, ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады дыхаецца лёгка, спіцца салодка, працуецца добра, і жывецца мірна – ПАД АДНЫМ НЕБАМ.
А калі такіх любімых месцаў, якія сталі роднымі, у чалавека некалькі? У гэтым выпадку кожнае з іх проста займае асобны куточак у душы. Так, як у нашага героя.
З Усходу на Захад
Айвар Нурэтдзінаў родам з башкірскага Учалы – усходняга горада рэспублікі, які стаіць у даліне між гарамі Ташбіек, Алатаў і Какбаш.
У наш заходні беларускі край мужчына прыехаў больш за 30 гадоў назад – і знайшоў тут другую Радзіму. У васьмідзясятыя Айвар пракладваў лінію электраперадач з Кены ў Гудагай. На Астравеччыне малады чалавек і сустрэў сваю другую палавінку – Валянціну, ажаніўся і, як кажуць, асеў.
Дарэчы, Учалы і Астравец нечым падобныя: статус горада першы набыў дзякуючы будаўніцтву горна-ўзбагачальнага камбіната, а другі – у сувязі з узвядзеннем атамнай электрастанцыі.
– Нас тры браты – я, Айдар і Айрат. Кожны год да іх у госці езджу – бацькоў ужо няма, – расказвае Айвар Анваравіч. – Дарога няблізкая: трое з паловай сутак на цягніку ў адзін бок. Але што гэта за шлях, калі едзеш туды, дзе табе ўсё роднае!
– На маёй Радзіме шмат гор. А лясы ў асноўным бярозавыя, – з непрытоенай настальгіяй успамінае мужчына.
– Я люблю Астравец, тут мая сям’я, дом, мне тут добра – інакш не жыў бы. Ва Учалы мае карані, родзічы – я таксама люблю гэты горад, – працягвае мой суразмоўца.
Што ў імені тваім
Прозвішча Нурэтдзінаў паходзіць ад арабскага мужчынскага імя Нурэтдзін, што ў перакладзе азначае «свяціла рэлігіі».
Імя Айвар цюрскага паходжання, дакладнае значэнне – «прыгожы, як месяц». Уладальніка гэтага імені можна ўмоўна назваць «рэч у сабе», ён нешматслоўны, дапытлівы, у 90% становіцца добрым спецыялістам у якім-небудзь адным накірунку.
Супадзенне такая характарыстыка імені ці не – мной была прагледжана не адна інтэрнэт-крыніца, – але ж яна нібы спісана з Айвара Нурэтдзінава: сімпатычны мужчына, з пранізлівым добрым позіркам, тактоўны, не дамінуе ў размове, але і не «ставіць сцяны» ад суразмоўцы.
І што тычыцца работы – у самы яблычак: Айвар Анваравіч выдатны спецыяліст. Змяніўшы не адно месца працы, ён знайшоў работу па душы ў дрэваапрацоўчым цэху Астравецкага лясгаса – мужчына працуе брыгадзірам.
– Такія людзі, як наш Айвар, на вагу золата, – рэзюмуе намеснік дырэктара Астравецкага лясгаса Пётр Зянонавіч Крупенчык. – Ён цудоўны спецыяліст, адказны работнік. А чалавек які! Справа ў Айвара заўсёды спорыцца, хлопцы яго паважаюць.
Чатыры гады таму партрэт Айвара Нурэтдзінава быў занесены на раённую Дошку гонару, а з ганаровай дошкі Астравецкага лясгаса ён увогуле «не сыходзіць».
Захапленні
– Я са школы захапляюся футболам – гуляў у юнацкай камандзе, – гаворыць Айвар. – Нават дачку назваў у гонар футбаліста Рыната Дасаева. Калі жонка зацяжарыла, мы дамовіліся, што, калі народзіцца сын, будзе Рэнат. Нарадзілася дачка – назвалі Рэната.
А вось дрэваапрацоўкай мужчына займаецца толькі на рабоце.
Там, дзе карані
Пра башкірскі мёд спявала «ДДТ»
З беларускіх страў Айвару і яго родзічам, якія гасцявалі на Астравеччыне, палюбіліся дранікі і бабка, а яшчэ – для нас даўно звыклыя літоўскія цэпеліны.
– Калі еду на Радзіму, заўсёды купляю ў падарунак родным беларускі трыкатаж, а з Башкірыі вязу мёд. Ён смачны і вельмі карысны!
Башкірскі мёд – запатэнтаваная гандлёвая марка. Аналагаў гэтаму мёду няма ні ў Расіі, ні ў іншых краінах нашай планеты. Башкірскаму мёду нават прысвечана адна з песень гурта «ДДТ».
– З нацыянальных страў прывозіў дамоў чак-чак – гэта салодкі ласунак, – тлумачыць мужчына. – Кумыс спрабаваў прывезці, але ён скіс у дарозе. А яшчэ башкіры робяць смачную каўбасу з каніны – казы яна называецца.
Нацыянальны грыб у башкіраў – грузд. Растуць там і звыклыя нам падбярозавікі, падасінавікі, баравікі, але перавага аддаецца грузду.
– Башкірскіх страў дома мы не гатуем, – адказвае Айвар Анваравіч на маё пытанне пра смак Радзімы. – Нават калі да мяне прыязджалі родныя – частавалі іх сваім, беларускім. А наконт свініны – ядуць яе ў Башкірыі, і я люблю.
Бабай прыносіць падарункі
Башкіры – хлебасольны і міралюбівы народ. Іх традыцыі ўвабралі ў сабе не толькі мусульманскія звычаі, але і старажытныя язычніцкія ўяўленні.
– Нацыянальнае свята ў нас – Сабантуй, – знаёміць з башкірскай культурай Айвар. – У Беларусі ладзяць Дажынкі пасля ўборкі ўраджаю, а там, наадварот, ушаноўваюць тое, што пасадзілі і пасеялі, – каб добры ўраджай вырас.
Штогод у запаведніку «Шульган-Таш», цэнтры старажытнага башкірскага народнага промыслу – бортніцкага пчалярства – адзначаецца Дзень бортніка. Туды з’язджаюцца пчаляры не толькі з усяго Башкартастана, але і з замежжа.
– А хто прыносіць падарункі на Новы год башкірскім дзецям – Дзед Мароз? – пытаюся ў Айвара.
– Як і тут, канешне, гэты добры чараўнік, – смеючыся адказвае суразмоўца. – Толькі ў Башкірыі яго завуць Кыш Бабай. А ў Беларусі Бабаем дзяцей палохаюць.
– Зімы ў Башкірыі вельмі суровыя -40, -45˚С – у Беларусі такіх няма, – успамінае Айвар Анваравіч. – А лета – год праз год: то засушлівае, то нармальнае.
Ёсць у башкіраў і свята, сімвалізуючае завяршэнне зімы, кшталту нашага Гукання вясны – Каргатуй, або «грачынае вяселле». Яно прысвечана прылёту гракоў.
– У гэты дзень убіраюцца ў нацыянальныя касцюмы, выходзяць на вуліцу, каб разам спяваць і танцаваць, – расказвае Айвар. – Упрыгожваюць дрэвы стужкамі, пацеркамі, хусткамі. Абавязкова рыхтуецца і раскладваецца ежа для птушак. У гэты дзень праводзяць і спаборніцтвы ў моцы і спрыце сярод мужчын.
Распаўсюджаныя башкірскія імёны
Жаночыя: АЙГУЛЬ, РЫМА
Мужчынскія: АЙВАР, ДАНІС, ФАІЛЬ
Мову вывучыў сам
– У нашай сям’і заўсёды размаўлялі на рускай мове, – расказвае Айвар. – А калі прыязджалі ў вёску да бабулі з дзядулем, там «уключалася трасянка»: башкірская з рускай у размовах перамешвалася – але ўсе адзін аднаго добра разумелі.
Родную мову Айвар Анваравіч вывучыў самастойна – па кнігах і ў размовах.
– А як не ведаць сваю мову? – здзіўляецца мужчына. – Я добра разумею башкірскую, умею чытаць і пісаць. Ну і што, што ў школе не вучылі? Сам навучыўся.
Так гучаць па-башкірску галоўныя для кожнага словы:
МАМА – інэй
ТАТА – атэй
ДЗІЦЯ – бала
РАДЗІМА – ватан
Дзве кропкі ў сэрцы
– Калі прыязджаю ва Учалы, люблю прагуляцца па горадзе, – расказвае Айвар. – Дарэчы, помнік Леніну там таксама, як і ў Астраўцы, ёсць. А яшчэ ёсць алея загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам і ўдзельнікам лакальных войнаў.
Родны горад Нурэтдзінава вялікі: у ім шмат прамысловых прадпрыемстваў, ёсць швейная фабрыка, маслазавод, тыпаграфія, філармонія, гісторыка-краязнаўчы музей, прафілакторый і санаторый, працуюць сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і два філіялы Башкірскага дзяржуніверсітэта, лядовая арэна, траса мотакроса. Ва Учалы выдаюцца газеты на рускай і башкірскай мовах, ёсць мясцовы тэлеканал.
– Астравец у параўнанні з Учалы маленькі, – гаворыць Айвар. – Але ў нас яшчэ ўсё наперадзе – Учалы стаў горадам у 1963 годзе, а наш толькі ў 2012-ым. Калі б да мяне прыехалі госці з Башкірыі, абавязкова пазнаёміў бы з нашым раёнам, звазіў на «Лінію Сталіна», у Брэсцкую крэпасць, і ў астравецкія лясы – па грыбы.
Айвар Анваравіч расказвае пра сваю гістарычную Радзіму з цеплынёй і, здаецца, перад яго вачыма пралятаюць карціны родных мясцін. Аднак лепшым месцам на планеце для яго ўсё ж стала Астравеччына.
– Не буду крывіць душой: ужо даўно ў Башкірыю я еду ў госці, а ў Беларусь – дамоў, – гаворыць Айвар.