"Среда размышления". Разрыв поколений

12:00 / 27.05.2015
1
На сваё прафесійнае свята, Дзень друку, наш рэдакцыйны калектыў зрабіў сабе падарунак – паездку ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі на прэм’еру спектакля “Дзед”.

Забягаючы наперад, скажу, што пастаноўка неадназначная па ўздзеянні на гледача: некаторым яна спадабалася, іншым – не вельмі. Але паглядзець яе варта кожнаму – незалежна ад узросту і жыццёвай пазіцыі. Тым больш што ўся наша краіна зусім нядаўна ярка, масава і маштабна адзначыла 70-тыя ўгодкі Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пагэтаму, калі вы будзеце ў Мінску ў бліжэйшы час, раю вам абавязкова паглядзець гэты спектакль.

Мінімальнае выкарыстанне дэкарацый і сцэнічнага рэквізіту не пакідае іншага выбару, як уважліва сачыць за ігрой акцёраў і дзействам, якое разгортваецца на сцэне.

...Галоўнага героя, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які з-за ўзросту і хвароб большую частку праводзіць у ложку, перасоўваюць па кватэры, як мэблю. Унук франтавіка, бязвольны і бесхрыбетны Генка, ва ўсім падпарадкоўваецца жонцы і ўпотай ад яе выпівае. Яго жонцы, Ленцы, думкі якой заняты толькі адным: хутчэй збыць са свету дзеда і прыбраць да рук кватэру – ніяк не ўдаецца знайсці агульную мову з сястрой Гены – Светкай, якая таксама прэтэндуе на дзедаву кватэру і не збіраецца саступаць права на спадчыну. Эпагеем пастаяннага высвятлення адносінаў паміж дзвюмя жанчынамі і змоўніцкімі перамовамі Гены і яго жонкі становіцца рамонт – калі франтавіка, як мэблю, накрываюць поліэтыленам і адсоўваюць у кут, каб стары не замінаў наводзіць парадак у яго ж кватэры. Маладыя рабочыя, развітыя фізічна, але не духоўна, па задуме рэжысёра дэманструюць на сцэне гэтакіх безгалова-камічных дзецюкоў, якія заяўляюць ветэрану: каб немцы тады перамаглі, то мы б зараз піва баварскае пілі!

Забыты, адзінокі франтавік апынуўся ля страшэннай мяжы. Тыя ідэі, спадзяванні, урэшце – вера ў светлае будучае, з якімі ён ішоў у кожны бой, дзеля якіх яго сябры-франтавікі пралівалі кроў і гінулі, аказаліся нікому не патрэбнымі, больш таго – растаптанымі бруднымі чаравікамі рабочых, абцасікамі ўнучкі і бясшумнымі тапкамі нявесткі. Сэнс жыцця ветэрана разбіваецца на дробныя аскепкі. І хто робіць гэта? Унукі – Гена і Света, якіх ён выгадаваў, каму замяніў бацькоў і даў пуцёўку ў жыццё...

У гэты крызісны момант, калі франтавік застаецца сам-насам з усведамленнем сваёй бездапаможнасці і непатрэбнасці, з’яўляецца яго баявы таварыш Сцяпан… І ў франтавіка, які доўгі час не падымаўся з ложка, вырастаюць крылы, ён ажывае душой, становіцца такім жа, як і семдзясят гадоў назад, маладым, дужым, а галоўнае – патрэбным.

А ўнукі нават ля магілы, не паспеўшы развітацца з памерлым дзядулем, якога ніводнага разу пры жыцці не назвалі па імені (!), працягваюць высвятляць“кватэрнае пытанне”… “Дзед” – гэта жывое і рэальнае адлюстраванне сучасных рэалій, пра якія ў грамадстве не гавораць услых.

“Дзед” – гэта зрэз адносінаў двух пакаленняў – людзей, якія спазналі горкі смак вайны, і іх унукаў, што гадаваліся і сталелі ў мірныя часы. Першыя, у адрозненне ад другіх, аказаліся куды больш чалавечнымі.

“Дзед” – гэта спектакль, які не можа пакінуць раўнадушным чалавека, які мае душу (прабачце за таўталогію) і не развучыўся спачуваць. Пастаноўка на першы погляд простая, без завуаляваных дэталяў і плыняў – але ігра акцёраў пранікае ў сэрца, адкрывае вочы на голую праўду глыбокага разрыву паміж двума пакаленнямі – намі і нашых бабуляў і дзядуляў.

Прамалінейная, праўдзівая пастаноўка б’е ў сэрца і пакідае пасля сябе змешаныя пачуцці. Нягледзячы на тое што дэбютны спектакль акцёра Дзяніса Паршына заяўлены ў афішах як трагікамедыя, ён успрымаецца хутчэй як глыбокая драма – пакаленняў, сучаснага грамадства і кожнага асобнага чалавека. Франтавіка, які рваў жылы, цела і душу, каб яго дзеці былі вольнымі. Унукаў, якія не бачылі жахаў вайны, але аказаліся бяздушнымі, у пэўнай ступені – забойцамі, і сваімі паводзінамі наблізілі смерць роднага чалавека. Рабочых, якія дазваляюць сабе маральна таптаць старога чалавека, а ў яго асобе – людзей, для якіх слова “перамога” апрыёры святое…

Аўтар на прыкладзе адной гісторыі паказаў балючы нарыў грамадства – адзінокую старасць і адносіны да яе сучаснага пакалення – і пакінуў гледачу волю слова і думкі. Колькі іх, адзінокіх старых, забытых дзецьмі, дажывае свой век у казённых сценах? Колькі іх, такіх жа, як і ветэран у спектаклі, “патрэбных” з-за кватэры? І што такое зараз сям’я?

Але замест адказаў у думках чамусьці пульсуе толькі адно пытанне: “Госпадзі, няўжо гэта мы?”

Алена ГАНУЛІЧ.