"Среда размышления". Жыць, як у Салігорску, – і любіць сваё, як у Слуцку

14:00 / 18.12.2013
Існуе жартаўлівы выраз, што семінары – рухавік прагрэсу. Але, як вядома, у кожным жарце – толькі доля жарту, усё астатняе – ісціна. І гэты – не выключэнне. Я маю на ўвазе нават не тое, што гаспадары, якія прымаюць семінары, непазбежна рыхтуюцца да іх і імкнуцца здзівіць гасцей нечым незвычайным – без семінараў былі б усе шансы “закіснуць”, “замарынавацца ва ўласным саку”. Але ж і госці падчас гэтых сустрэч і наведванняў знаходзяць у блізкіх і далёкіх суседзяў і калег нешта цікавае, адметнае, што здзіўляе, радуе ці, наадварот, расчароўвае – і такім чынам ненавязліва вучыць, як трэба працаваць ці, наадварот, як не трэба рабіць, – пры ўмове, вядома, што нехта нечаму захоча павучыцца.

На мінулым тыдні ўсіх кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, у тым ліку і раённых газет, запрасілі на рэспубліканскі семінар у Салігорск – малады горад, які ўзнік, дзякуючы адкрыццю залежаў калійнай солі і наступнай іх распрацоўцы.
Пра ўнутраныя, вузкапрафесійныя аспекты гэтага семінара расказваць не буду – наўрад ці яны зацікавяць шырокае кола нашых чытачоў. Але сёе-тое з таго, што ўразіла мяне і маіх калег, расказаць хочацца.
У прыватнасці, адным з самых яркіх уражанняў было наведванне Салігорскай школы. Скажу шчыра: калі ўбачыла гэты пункт у праграме семінара, расчаравалася: школы нам паказваюць усюды, і яны мала чым адрозніваюцца адна ад другой.
Але ж гэтая… Яна была здадзена ў эксплуатацыю ў мінулым годзе, пабудавана на сродкі дзяржаўнага бюджэту і спонсараў (чытай: калійнай кампаніі) – і падобнай, мне здаецца, у краіне больш няма – ва ўсякім выпадку, мне падчас вандровак па Беларусі бачыць такія не даводзілася. Не буду расказваць пра ўсё ўбачанае, але найбольш уразіла спартыўная база гэтай школы. У прыватнасці, басейн, аб якім астраўчане пакуль толькі мараць. І не які-небудзь дзіцячы “лягушатнік”, а паўнацэнны, 25-мятровы, на 4 дарожкі! З пакуль адзінай у Беларусі трайной ачысткай вады – і без хларыравання. Хапае тут месца і часу для заняткаў і дзецям, і дарослым.
Але басейн – не адзіная спартыўная складаючая гэтай школы. Акрамя яго і традыцыйнай спартыўнай залы, у школе дзейнічаюць асобная гімнастычная зала, зала спартыўных трэнажораў, тэнісная зала – ну і іншае, па дробязі: спартыўная зала для гульнявых відаў спорту, адкрытае футбольнае поле, стадыён… Ну як пажываюць пасля такіх навін вашы персанальныя жабы, спадары трэнеры і спартсмены? Не душаць? Я, чалавек досыць далёкі ад спорту, і то ад зайздрасці ледзь не памерла. Суцяшала сябе толькі тым, што і ў нас так будзе. Павінна быць! Бо Астравец таксама хутка стане маладым перспектыўным беларускім горадам – хоць і са старажытным мінулым. Магчыма, самым маладым і самым перспектыўным. І пабудуюць у нас і такія школы, і такія Палацы культуры, і такія прыгожыя рознакаляровыя дамы – кожны са сваім тварам – як у Салігорску. Не верыце? А я дык веру…
А яшчэ адно ўражанне, нават большае, чым ад новай школы ў Салігорску, я атрымала ў Слуцку. У гэтым горадзе мы правялі зусім няшмат часу – вечар напярэдадні семінару. Але гаспадары, тым не менш, пастараліся паказаць нам самае лепшае, што ёсць у іх горадзе: шыкоўную карцінную галерэю, аб якой можа марыць, напэўна, не толькі раённы цэнтр; аркестр рускіх народных інструментаў раённай школы мастацтваў, выканаўчаму майстэрству музыкантаў і салістаў якога можа пазайздросціць любы прафесійны аркестр.
А “цвіком” слуцкай праграмы стаў знакаміты слуцкі пояс. Ну як не падзякаваць гаспадарам, якія спецыяльна для нас зрабілі “ноч музеяў”, адкрыўшы позна ўвечары тую самую карцінную галерэю, каб паказаць гасцям свой нядаўна набыты шыкоўны здабытак і гонар – сапраўдны слуцкі пояс, які быў вытканы на слуцкай мануфактуры пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага ў 18-стагоддзі. Сапраўдны, трохмятровы, двухбаковы і чатырохколерны, вытканы па шоўку залатымі і сярэбранымі ніткамі. Калісьці такія паясы, якія каштавалі ў тыя часы вялікіх грошай – каля 50 залатых дукатаў, што раўнялася гадавому ўтрыманню армейскага афіцэра, – былі адметным і неабходным атрыбутам параднага касцюма магната – ну як сёння, скажам, “Мерседэс” ці гадзіннік “Ролекс” для “новага рускага”. І ткалі на іх “цвяток радзімы васілька” зусім не апетыя Максімам Багдановічам слуцкія ткачыхі – хоць сёння случчане вельмі ўдзячны класіку за паэтызацыю і папулярызацыю іх, як сёння б сказалі, брэнда. Праца гэтая была надзвычай цяжкай: два мужчыны на працягу двух тыдняў маглі выткаць толькі адзін такі пояс. А жанчынам увогуле забаранялася дакранацца да іх – лічылася, што ад гэтага могуць пацямнець сярэбраныя ніці.
Тэхналогія стварэння слуцкіх паясоў зараз страчана – і здаецца, беззваротна. І таму так дорага цэняцца тыя з іх, што, насуперак гадам і гістарычным катаклізмам, дайшлі да нашага часу, многія – цераз прыватныя калекцыі. У Беларусі такіх паясоў захавалася 11, з іх вытканых на Слуцкай мануфактуры – усяго 5. І – вось парадокс! – да нядаўняга часу ў самім Слуцку не было ніводнага! Але зусім нядаўна ў горада з’явілася магчымасць набыць арыгінальны пояс, вытканы тут, у Слуцку, на мануфактуры Яна Маджарскага. Пасля праверкі спецыялістамі сапраўднасці рарытэту горад і яго жыхары сталі збіраць грошы на набыццё каштоўнасці, якая была ацэнена… У колькі б вы думалі? У 95 тысяч умоўных адзінак!
І ведаеце – сабралі! Горад, у якім крыху больш за 60 тысяч жыхароў, ды яшчэ 30 тысяч “з хвосцікам” у раёне! Калі палічыць, то атрымліваецца – у сярэднім на жыхара прыпадае на тысячы долараў. Так, пэўныя сумы ахвяравалі прадпрыемствы. Так, падключыліся мецэнаты… Але ж – 95 тысяч “зялёных рублёў”!
…У Слуцку нам шмат і з любоўю расказвалі пра знакамітую Слуцкую гімназію, пра гераіню Анастасію Слуцкую і яе не менш вядомую ўнучку святую Сафію Слуцкую. Было відаць, што гараджане любяць і шануюць свой горад, але гісторыя са слуцкім поясам прадэманстравала – ЯК і НАКОЛЬКІ, у літаральным сэнсе слова.
І, пазайздросціўшы дабрабыту Салігорска, я ўсё ж найперш парадавалася за Слуцк, за яго жыхароў з іх патрыятызмам – не на паказ, не на “справаздачу”, а шчыраму, сапраўднаму.
Хочацца спадзявацца, што з цягам часу ў нас таксама з’явіцца першае – і не згасне другое.


------------------------------------
Ніна РЫБІК, фота аўтара.