На базе хозяйств Островецкого района прошёл областной семинар

10:00 / 18.12.2014
Напачатку снежня на базе гаспадарак Астравецкага раёна прайшоў абласны семінар-нарада, прысвечаны вынікам работы жывёлагадоўлі за адзінаццаць месяцаў 2014 года і выкананню праграмы па нарошчванні вытворчасці свініны ў вобласці. На чале з першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іванам Алейзавічам Жуком у ім прынялі ўдзел начальнікі райсельгасхарчаў, намеснікі начальнікаў па жывёлагадоўлі, дырэктары райплемстанцый, намеснікі галоўных ветэрынарных урачоў раёнаў, кіраўніцтва і спецыялісты абласных службаў і арганізацый.

Напачатку семінара перад прысутнымі выступіў першы намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Мікалаевіч Сачко. Яго выступленне тычылася асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў развіцця Астравеччыны і, у прыватнасці, папярэдніх вынікаў дзейнасці жывёлагадоўчай галіны. За 11 месяцаў бягучага года тэмп росту валавой вытворчасці ў жывёлагадоўлі складае 99 працэнтаў. У валавой вытворчасці малака па-ранейшаму лідзіруе СВК “Гудагай” (12 514 тон). У надоях на ўмоўную карову за адзінаццаць месяцаў бягучага года ў параўнанні з мінулагоднім аналагічным перыядам з плюсам спрацавалі толькі дзве гаспадаркі – СВК “Гудагай” і СВК “Варняны”. У некаторых кааператывах адчуваюцца пэўныя праблемы з сярэднясутачнымі прывагамі буйнай рагатай жывёлы і рэалізацыяй мяса.

Пасля кароткага выступлення начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама гасцям было прапанавана асабіста пазнаёміцца з арганізацыяй вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і навядзенні парадку на фермах. Першая рабочая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Эдуардаўнай Тальчук, намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцінам Часлававічам Далговічам наведала малочна-таварныя комплексы “Германішкі”, “Малі” (СВК “Гудагай”) і “Дайлідкі” (СВК “Гервяты”).

Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікала фермерская гаспадарка “Астравецкая” па вытворчасці індычаціны. Яе гаспадар Павел Мікалаевіч Юрмашаў зрабіў кароткі экскурс у гісторыю стварэння фермерскай гаспадаркі, пазнаёміў гасцей з цэхам па вытворчасці кармоў і адказаў на ўсе цікавячыя пытанні. Варта адзначыць, што ўдзельнікі семінару пазнаёміліся з выпускаемай прадукцыяй не толькі на словах, але яшчэ і прадэгусціравалі яе: спадабалася ўсім.

Другая рабочая група на чале з начальнікам сельскай гаспадаркі і харчавання Русланам Мікалаевічам Сачко наведала малочна-таварныя комплексы і фермы “Рытань” і “Падольцы” (РУП “Саўгас “Падольскі”) і  “Маркуны”, “Міхалішкі” (СВК “Міхалішкі”).

Аб’езд па трэцім маршруце, які ўключаў у сябе наведванне малочна-таварных комплексаў СВК “Варняны” і “Гервяты”, ажыццявіла рабочая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Збігневічам Свілам і галоўным ветэрынарным урачом Астравецкага раёна Уладзімірам Мікалаевічам Карповічам.

Пасля аб’езду рабочымі групамі гаспадарак раёна і вывучэння на фермах пытанняў арганізацыі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў зале Астравецкага райвыканкама пачалося пленарнае пасяджэнне.

Начальнік упраўлення жывёлагадоўлі і племсправы камітэту Ігар Аляксандравіч Сарокін адзначыў, што восем гаспадарак Гродзенскай вобласці не выконваюць план па вытворчасці малака. Толькі тры раёны вобласці маюць станоўчую дынаміку ў прывагах жывёлы. Некаторыя гаспадаркі ігнаруюць заданне па павелічэнні дойнага статку. На гэта ўплывае не толькі чалавечы фактар, але і недастатковая колькасць кармоў для зімне-стойлавага ўтрымання жывёлы і іх якасць. На думку Ігара Аляксандравіча, адным з фактараў, як негатыўна ўплываюць на валавую вытворчасць малака, з’яўляецца неўкамплектаванасць малочна-таварных комплексаў пад поўную праектную магутнасць. Начальнік упраўлення жывёлагадоўлі і племянной справы камітэта нагадаў прысутным, што за невыкананне Рэспубліканскай праграмы па племянной справе адказныя асобы могуць быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Вынікі работы гаспадарак вобласці па аднаўленні пагалоўя дойнага статку і свіней за адзінаццаць месяцаў 2014 года падвёў генеральны дырэктар “Гродзенскага племпрадпрыемства” Пётр Збігневіч Каштэлян.

– У СВК “Гервяты” і “Варняны”, якія наведала наша рабочая група, несумненна, праглядваецца дастаткова высокая культура жывёлагадоўлі. Нягледзячы на гэта, ёсць характэрныя праблемы не толькі для гэтых кааператываў, але і многіх гаспадарак вобласці, – адзначыў Пётр Збігневіч. – Выхад цялят на сто кароў складае толькі 68 асобін. З-за гэтага ў грашовым эквіваленце вобласць недабрала 316 мільярдаў рублёў. Па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне аднаўлення колькасці пагалоўя свіней – і на гэта павінны звярнуць увагу кіраўнікі ўсіх раёнаў, каб на месцах прымаць канкрэтныя крокі.

Вынікі абласнога семінара-нарады падвёў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Алейзавіч Жук.

– Мы павінны імкнуцца да таго, каб павысіць узровень вытворчасці малака і мяса, – адзначыў Іван Алейзавіч. – І гэта залежыць ад кожнага з нас, таму што галоўная задача любога ўпраўленца, і не толькі сельскагаспадарчай галіны, – прадбачыць на некалькі крокаў наперад вынікі работы і сфарміраваць каманду, якая будзе эфектыўна працаваць.

Гэтыя словы павінны стаць праграмай дзеяння для ўсіх работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці.


----------------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.