"Северный вектор Гродненщины" в Островце

14:16 / 12.09.2012
2

Чарговы, трэці этап Рэгіянальнай выстаўкі “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, які ў мінулыя гады адбыўся ў нашых суседзяў – Ашмянах і Смаргоні, сёлета завітаў у самы паўночны раён вобласці – Астравец.


“Паўночны вектар” стаў своеасаблівай “выстаўкай дасягненняў” асноўных вытворчых прадпрыемстваў трох раёнаў, аглядам лепшых творчых сіл, пляцоўкай для нараджэння новых інвестпраектаў, месцам сустрэчы даўніх сяброў – і проста цудоўнай магчымасцю адпачыць для ўсіх жадаючых. Удзельнікамі яго сталі практычна ўсе прадпрыемствы як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці нашага і суседніх раёнаў, шматлікія госці з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, больш як дзвесце замежных гасцей з Расіі, Польшчы, Літвы і іншых краін, жыхары горада і раёна.
Пачалося дзейства з прывітальнага слова старшыні Гродзенскага аблвыканкама С.Б. Шапіры.
Сямён Барысавіч сказаў, што ў яго часта пытаюць, ці не зашмат падобных фестываляў-кірмашоў праводзіцца ў вобласці – у Гродне, Лідзе, цяпер вось яшчэ і ў паўночным рэгіёне. Але, як паказвае практыка, такія мерапрыемствы патрэбны ўжо хаця б таму, што ў выніку завязваюцца новыя знаёмствы, кантакты, якія затым перарастаюць у плённае супрацоўніцтва. А калі гэтага нават і не адбудзецца, то падобныя выставы – заўсёды нагода сустрэцца са старымі сябрамі, пагутарыць, абмеркаваць свае справы. І, урэшце, гэта проста прыгожае свята для жыхароў і гасцей горада і раёна, магчымасць адпачыць. І дадатковы стымул для развіцця турызму ў рэгіёне.
Удзельнікаў і гасцей фестывалю прывітаў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька – ён узгадаў пра гісторыю “Паўночнага вектара Гродзеншчыны”, коратка расказаў пра перспектывы не толькі Астраўца, але і ўсяго паўночнага рэгіёна ў сувязі з будаўніцтвам на тэрыторыі Астравецкага раёна першай Беларускай атамнай электрастанцыі. І пажадаў усім плённай працы і прыемнага адпачынку.
А затым старшыні трох райвыканкамаў: Астравецкага – А.Д. Кавалька, Ашмянскага – Ю.У. Адамчык і Смаргонскага – М.Б. Гой – узнялі сцяг трэцяга фестывалю-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны” – і далі старт шматгадзіннаму святу, напоўненаму дзелавымі размовамі, музыкай ды песнямі, водарам пірагоў ды шашлыкоў, разнаквеццем паветраных шароў, разнастайнасцю вырабаў народных майстроў і іншымі яго неаддымнымі атрыбутамі.
Пачалося яно з агляду губернатарам і старшынямі раённых выканаўчых камітэтаў своеасаблівай “выстаўкі дасягненняў” трох раёнаў – у такую аглядную пляцоўку ў гэты дзень ператварылася ўся вуліца Карла Маркса і раённы Дом культуры “Галактыка”.
Хоць, зрэшты, толькі знаёмствам з выпускаемай прадукцыяй справа не абмяжоўвалася: практычна ля кожнага выставачнага месца ішла зацікаўленая размова пра справы і перспектывы, пра набыткі і праблемы. І хоць паказальныя выступленні спартсменаў з конна-спартыўнага комплексу “Гіпіка” настроілі ўсіх на яднанне з прыгожым і высакародным, усё ж размовы падчас агляду выстаўкі не абмяжоўваліся толькі святочна-захопленымі інтанацыямі – зрэшты, такіх увогуле не было. Амаль што каля кожнага павільёна Сямён Барысавіч Шапіра цікавіўся, што новага ў параўнанні са Смаргонскай і Ашмянскай выстаўкамі прывезлі прадпрыемствы ў Астравец? Над чым працуюць зараз? Часта гэтыя размовы перарасталі ў планы работы на бліжэйшую і больш аддаленую перспектыву – як саміх прадпрыемстваў, так і органаў выканаўчай улады.
Так, да прыкладу, каля павільёна Смаргонскага камбіната хлебапрадуктаў, дзе гасцям прадэманстравалі рапсавы алей, выраб якога нядаўна распачалі на гэтым прадпрыемстве, С.Б. Шапіра даў даручэнне, каб да наступнай выставы-кірмашу гэты алей набыў не толькі тэхнічныя, але і харчовыя ўласцівасці.
Ля кожнага стэнда ці павільёна губернатар цікавіўся ўзроўнем заработнай платы працаўнікоў – адказ “Паўтара мільёна рублёў”, падобна, з’яўляўся для яго больш дакладнай ацэнкай работы прадпрыемства ці арганізацыі, чым шматлікія іншыя паказчыкі. І гэта зразумела: няма заплаты – няма кадраў і, адпаведна, аб’ёмаў і якасці прадукцыі. С.Б. Шапіра паабяцаў у бліжэйшы час дэталёва прааналізаваць стан спраў на тых прадпрыемствах, дзе ўзровень зарплаты невысокі, разабрацца з прычынамі такога становішча і выправіць яго – указанне Прэзідэнта аб давядзенні сярэдняй заработнай платы да 500 долараў у эквіваленце ніхто не адмяняў.
Каля стэнда Астравецкай “бытоўкі” размова зайшла пра будучыню дзяржаўных арганізацый па абслугоўванні насельніцтва. Неабходнасць іх існавання не падлягае сумненню – але ж страты, з якімі працуе большасць з іх, пастаяннае “папрашайніцтва”, вымаганне дапамогі ў кіраўніцтва раёнаў, нізкі ўзровень зарплаты работнікаў і іншыя праблемы прымушаюць разгледзець праблему ў комплексе, у дачыненні да ўсёй галіны. Гэтае пытанне губернатар даручыў вынесці на адно з бліжэйшых пасяджэнняў аблвыканкама.
Каля павільёна Гальшанскага крухмальнага завода ўзнікла пытанне: ці патрэбны вобласці два падобныя перапрацоўчыя прадпрыемствы? Магчыма, больш эфектыўна было б аб’яднаць Мастоўскі і Гальшанскі заводы? Вывучыць гэтае пытанне таксама даручыў губернатар.
Каля пляцоўкі Астравецкага лясгаса Сямён Барысавіч Шапіра і старшыні райвыканкамаў вобласці затрымаліся надоўга. Па-першае, жадаючыя тут маглі выпрабаваць сваю сілу і трапнасць у імправізаваным ціры, і да таго ж асвоіць напаўзабытую зброю сапраўдных мужчын – лук і арбалет. Хто ж ад такога адмовіцца? Адразу ж узнікла імправізаванае спаборніцтва. А ў недалёкай будучыні паляўнічыя, якія любяць экзотыку, змогуць паспрабаваць гэтыя старадаўнія віды зброі і на сапраўдным паляванні – нездарма ж развіццё паляўнічага турызму ў Астравецкім лясгасе знаходзіцца на самым высокім узроўні ў вобласці, і гэта таксама адзначыў губернатар.
А яшчэ ўвагу гасцей прыцягнулі рэзчыкі па дрэве. На жаль, не астравецкія: мастак з Гродна выразаў цуда-ката з кавалка дрэва бензапілой, а воранаўскія майстры “ваялі” казачныя персанажы больш звыклым для рэзчыкаў спосабам. Губернатар, пагутарыўшы з народнымі майстрамі, падкрэсліў, што вельмі важна, каб у гэтых талентаў былі вучні, паслядоўнікі – гэта трэба і для захавання народных рамёстваў, ды і вырабы іх у час бурнага развіцця агратурызму, несумненна, будуць карыстацца попытам.
Каля пляцоўкі Астравецкага лясгаса ішла размова і пра эканоміку. У прыватнасці, аб тым, якія з відаў паліўных брыкетаў больш выгадныя і эфектыўныя: тыя, што выпускаюць у лясгасе, ці тыя, што прадэманстравала на выстаўцы прыватнае прадпрыемства “Еўрабрыкет”? У любым выпадку, падкрэсліў губернатар, пілавінне і драўнінная шчапа даўно перасталі быць адходамі дрэваперапрацоўкі – гэта каштоўная сыравіна для прадукцыі, якая карыстаецца попытам за мяжой. І наладзіць выпуск паліўных брыкетаў неабходна ў кожным раёне.
Як і вырошчванне, і рэалізацыю саджанцаў дэкаратыўных дрэў і кустоў – гэтае даручэнне С.Б. Шапіра даў каля павільёна Смаргонскага лясгаса, дзе гэтыя саджанцы складалі асноўную частку экспазіцыі і былі прадстаўлены ў асартыменце.
Былі прадстаўлены на выстаўцы і новыя тэхналогіі ў будаўніцтве – хоць зрабіць гэта даволі складана, але ААТ “Будаўнічы трэст №8” горада Брэста, які заняты на ўзвядзенні аб’ектаў атамнай электрастанцыі, Ашмянская ААТ “Будаўнік” і Астравецкае прадпрыемства “ДзяткоБуд” прадэманстравалі свае напрацоўкі ў гэтым плане.
Дзелавая размова аб дасягненнях, перспектывах развіцця і прыцягнення ў рэгіён інвестыцый ішла і падчас Міжнароднага эканамічнага форуму, які стаў лагічным працягам убачанага на выстаўцы і тых размоў, якімі суправаджалася знаёмства з павільёнамі. На ім былі абмеркаваны перспектывы беларуска-літоўскага супрацоўніцтва, магчымасці і перспектывы рэгіёна ў сувязі з будаўніцтвам на яго тэрыторыі Беларускай АЭС, а таксама перспектывы выкарыстання рэсурсаў турызму ў паўночных раёнах Гродзеншчыны, праведзена прэзентацыя інвестыцыйных перспектыў Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў.
Хоць пачаўся форум усё ж з іншага, прыемнага моманту – падпісання дагавораў аб супрацоўніцтве паміж Астравецкім райвыканкамам і Сасноваборскім муніцыпальным утварэннем Ленінградскай вобласці, а таксама – спецыялізаваным фондам “Белыя росы”. Такім чынам, у Астраўца з’явіўся яшчэ адзін горад-пабрацім у Расійскай Федэрацыі – і надзеі на доўгатэрміновае і плённае супрацоўніцтва, апраўданыя яшчэ і тым, што ў нас шмат агульнага: Сасновы Бор з’яўляецца горадам энергетыкаў Ленінградскай АЭС, а Астравец у хуткай будучыні стане такім жа для працаўнікоў Беларускай АЭС.
Падобныя міжнародныя пагадненні таксама былі падпісаны паміж Ашмянскім райвыканкамам і адным з мясцовых самакіраванняў Літвы, Смаргонскім райвыканкамам і аўстрыйскай кампаніяй “Кронаспан”.
Бліжэй да вечара, калі ўсе жадаючыя накупілі прысмакаў, сувеніраў і адметных вырабаў народных майстроў, калі дзелавыя размовы закончыліся, былі ўзнагароджаны ўсе ўдзельнікі Рэгіянальнай выстаўкі, яе сцяг зняты з флагштока і ва ўрачыстай абстаноўцы перададзены Ашмянскаму раёну, якому ў наступны раз давядзецца прымаць гасцей, – горад і гараджане аддаліся адпачынку. Балазе, для гэтага былі стораны ўсе ўмовы. Астраўчане і госці горада з непадробнай цікавасцю назіралі за паказальнымі выступленнямі парашутыстаў Гродзенскага авіяклуба – бурнымі апладысментамі быў сустрэты сцяг Астраўца, які развіваўся пад аблокамі ў руках умелага парашутыста. У цёплай атмасферы прайшоў канцэрт Ірыны Дарафеевай – у імправізаванай “падтанцоўцы” ў зоркі беларускай эстрады ў той вечар былі ўсе прысутныя ў лесапарку.
А яркай, запамінальнай, непаўторнай кропкай гэтага насычанага падзеямі, сустрэчамі, набыткамі дня стаў цудоўны феерверк, якога дасюль не бачыла ні неба над Астраўцом, ні жыхары горада.
Такім чынам, дзелавы і святочны астравецкі варыянт “Паўночнага вектара Гродзеншчыны” адбыўся – і зноў змяніў свой накірунак: у наступны раз яго будуць прымаць нашы суседзі з Ашмян.


------------------
Ніна РЫБІК.
Фота Ніны РЫБІК, Эдуарда СВІРЫДА, Юрыя ГОРЫДА, Івана ПЕТРЫКА.