Навіны гарачыя, навіны халодныя

15:43 / 31.01.2012
8009

Бліскучая перамога Вікторыі Азаранка, сапраўдная зіма, якая нарэшце завітала да нас і чарговыя бязглуздзіцы з еўракалідораў – такімі сталі галоўныя акцэнты мінулага тыдня.



Дзіўная сітуацыя


На мінулым тыдні парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла чарговую рэзалюцыю па “сітуацыі” ў Беларусі. Можа, ад таго, што ніякай сітуацыі, акрамя маразоў ды снегу, у нашай краіне не назіраецца, чарговая рэзалюцыя арыгінальнасцю не вызначалася.


Ды і як было чакаць іншага, калі аўтар даклада, эстонскі парламентарый Андрэс Херкель, нават не паклапаціўся аб тым, каб наведаць Беларусь і на месцы дэталёва вывучыць пытанне.


Аднак замест таго, каб пачытаць “хрэстаматыю”, дэпутат спыніўся толькі на “крытыцы”.


“Двойка”, спадар Херкель! У нашых школах так толькі неахайныя вучні робяць.


А ўвогуле, усе гэтыя санкцыі ды рэзалюцыі рэхам адгукаюцца пасля вядомых падзей 19 снежня 2010 года. Сумная іронія ў тым, што за час, які прайшоў, у свабоднай Еўропе і яшчэ больш свабодных ЗША адбылася ці не сотня куды больш “брутальных” разгонаў “мірных” дэманстрацый  і нічога. Ні табе рэзалюцый, ні гучных заяў!


Вось і ў мінулую суботу ў Злучаных Штатах былі арыштаваны звыш 300 удзельнікаў акцыі “Захапі Окленд”, якія намагаліся заняць пусты (!) будынак канферэнц-цэнтра, а затым уварваліся ў мэрыю Окленда.


Падкрэсліваю: мэтай мітынгуючых стала мэрыя, а не дом урада. Тым не менш паліцыя адказала гумовымі кулямі, дымавымі шашкамі і слёзатачывым газам.


Будзем чакаць рэакцыі дэмакратычнага свету?



Непераможная Вікторыя


Радасная навіна з далёкага і цёплага Мельбурна прыйшла ў мінулую суботу. Упершыню ў гісторыі перамогу ў адным з самых прэстыжных тэнісных турніраў – адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі – атрымала беларуска Вікторыя Азаранка.


Нагадаем, што апошнім разам беларускія надзеі з аўстралійскімі кортамі былі звязаны ажно ў 1988 годзе. Тады 17-гадовая тэнісістка Наталля Зверава сатварыла сапраўдную сенсацыю, калі на подступах да фіналу адолела легенду сусветнага тэніса Марціну    Наўрацілаву.


Праўда, выніковы паядынак Наталля прайграла Штэфі Граф з “сухім” лікам 6:0; 6:0.


Сёлетні фінал увогуле многія называлі беларускім.


Хоць супрацьстаяла нашай тэнісістцы расійская спартсменка Марыя Шарапава, вядома, што ў яе беларускія карані. Аднак вырасла, зрабіла першыя крокі ў спорце Марыя ў Расіі. Ды і аб сваім беларускім паходжанні публічна ўспамінае рэдка.


Чаго не скажаш аб Вікторыі. Яна беларуска не толькі па паходжанні – па духу, па складу характару, па ментальнасці.


Мы добра памятаем яе мінулагоднюю акцыю па падтрымцы юных тэнісістаў, дзяцей-сірот.


Памятаем яе візіт у нашу краіну з сяброўкай і на той момант лепшай тэнісісткай свету Каралін Вазняцкі.


Памятаем шчырыя слёзы ў вачах Вікторыі пасля наведвання аднаго з дзіцячых дамоў.


Яна такая – сціплая, простая, сентыментальная ў жыцці – і баец на тэнісным корце.


У фінале аўстралійскага турніру Вікторыя якраз і праявіла свае лепшыя спартыўныя якасці, не пакінуўшы знакамітай і куды больш вопытнай расійскай тэнісістцы нават самага малога шансу на перамогу. Лік сустрэчы гаворыць сам за сябе – 6:3 у першым сэце і 6:0 – у другім! Сярэбраны кубак, на якім цяпер будзе выгравіравана і імя нашай Вікторыі, едзе ў Беларусь!



Зіма прыйшла


Пагрэла нас восень, не пакрыўдзіў халадамі снежань – і прыйшла, нарэшце, сапраўдная зіма. Не магла не прыйсці. У прыроды ўласныя законы, і зімовае надвор’е абавязкова павінна было ўзяць сваё. Было б горш, калі б прачнулася зіма на парозе вясны і закідала снегам зямлю ў сакавіку, калі гэтага менш за ўсё хочацца. Мажліва, да красавіка ён і так затрымаецца. І ўсё ж лепш сёння, у пару, чым заўтра, калі настане пара ручаям журчэць.


У мінулыя выхадныя надвор’е ўстанавіла тэмпературны рэкорд гэтай зімы. У суботу слупок тэрмометра апусціўся да мінус 19-ці, а ў нядзелю пераадолеў і 20-ці градусную адзнаку. Праўда, маразы не напалохалі аматараў лыжнага спорту, якія з задавальненнем выйшлі на старт лыжнага турніру.


Ды і яркае сонейка спрыяе аптымістычнаму настрою.


Дабавіцца нам аптымізму і на гэтым тыдні. Метэаролагі зноў абяцаюць сонечныя дні з марозам да мінус 30-ці. Паклапаціцеся аб цёплых рэчах, беражыце сябе!


Самы халодны дзень прагназуюць на сераду. Зірніце на тэрмометр. Ці спраўдзілася?

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений