На першым месцы – будаўніцтва жылля

13:37 / 18.01.2012

Будаўніцтва кааператыўных кватэр, льготы для маладых спецыялістаў, капітальны рамонт дамоў – пра ўсё гэта і не толькі жыхары раёна маглі даведацца падчас “прамой лініі” з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валерыем Эдуардавічам Сенюцём.


Праўда, адказваць на шматлікія пытанні Валерый Эдуардавіч пачаў яшчэ да прызначанага часу “прамой лініі”.
– Вядома, людзі з праблемамі, якія тычацца нашай сферы дзейнасці, тэлефануюць практычна кожны дзень. Пытанні? Ды розныя. Нярэдка яны патрабуюць падрабязнага вывучэння праблемы, з выездам на месца. Калі ж тычацца толькі кансультацыйнага характару, адказы даём адразу ж…
Тут нашу размову спыняе тэлефоны званок.

– Добры дзень! Я б хацеў даведацца, якія зараз існуюць льготы для маладых спецыялістаў?
– Для маладых спецыялістаў нашай краіны ўстаноўлены наступныя асноўныя льготы. Пасля заканчэння навучальнай установы ім прадастаўляецца месячны адпачынак і выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, якая не належыць падаткаабкладанню. Таксама ім выплачваецца кампенсацыя ў сувязі з пераездам у іншы населены пункт або расходы па праезду, калі работа знаходзіцца па месцы ранейшага жыхарства. Выплачваецца зарплата за дні збораў, знаходжання ў дарозе і ўладкавання на новым месцы. Работа прадастаўляецца ў адпаведнасці са спецыяльнасцю, без выпрабавальнага тэрміну. Забаронены перавод на работу, якая не звязана з атрыманай кваліфікацыяй, і звальненне да заканчэння тэрміну адпрацоўкі. Прадастаўляюцца льготныя крэдыты на працягу двух гадоў пасля выпуску маладым спецыялістам, якія размеркаваны ў бюджэтную арганізацыю ў іншым населеным пункце або раёне, пацярпеўшым ад катастрофы ЧАЭС. Прадастаўляецца месца ў інтэрнаце або кватэра і аказваецца садзейнічанне ў паляпшэнні жыллёвых умоў: пастаноўка на ўлік, у шэрагу выпадкаў – льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля ці кампенсацыя затрат на наём жылля. Акрамя гэтага, маладыя спецыялісты вызваляюцца ад падатку па дагавору найму.
– Тэлефаную з такой праблемай. Жыву ў Астраўцы і ў мяне праведзена кабельнае тэлебачанне. Але ў апошні час беларускія каналы сталі дрэнна паказваць. У чым справа і куды мне звяртацца?
– Пры правядзенні кабельнага тэлебачання быў заключаны дагавор з мінскай фірмай “Аксіёма-сервіс”. Афіцыйным прадстаўніком яе ў Астраўцы з’яўляецца А. Наркевіч. Таму з гэтым пытаннем трэба звяртацца непасрэдна да яго.
– Звяртаюся ад імя жыхароў дома №21 па вуліцы Валадарскага. Нас цікавіць, куды патрачаны матэрыяльныя сродкі, выдзеленыя на капітальны рамонт дома і чаму яны не адпавядаюць рэальнаму аб’ёму работ, якія выкананы. І як прапанова – ці можна, калі падпісваецца акт выкананых работ, каб прысутнічаў хтосьці з жыхароў.
– Усе грашовыя сродкі, выдзеленыя раённым бюджэтам на капрамонт дома, расходуюцца непасрэдна на гэты рамонт. Усё гэта строга адсочваецца і кантралюецца. Таму ніякіх нараканняў тут быць не павінна. Іншая справа, што кошт будаўнічых матэрыялаў, які планаваўся ў студзені 2011 года і цяперашні кошт адрозніваюцца прыкладна ў 3 разы. Адпаведна ліміты былі выбраны значна раней. І за выдзеленыя сродкі немагчыма было выканаць той аб’ём работы, які быў запланаваны на пачатак года.
Што тычыцца актаў выкананых работ, то яны заўсёды падпісваюцца ў тым ліку і старшынёй дамавога камітэта дома.
– І яшчэ адна праблема – у падвале гэтага ж дома не ізаляваны трубы. Атрымліваецца, што амаль усё цяпло ідзе ў падвал. Звярталіся ў РУП ЖКГ, там адказваюць, што пакуль няма патрэбных матэрыялаў.
– Трубы цеплавога вузла ў вашым доме пакуль ізаляваны часова, толькі на гэты ацяпляльны сезон. А ўжо ў 2012 годзе плануецца правесці іх замену на новыя ў адпаведнасці з праектам капрамонту гэтага дома.
– Калі плануецца здаць кааператыў №15 і калі будзе набірацца наступны, №18?
– Пятнаццаты кааператыў, як і было запланавана, будзем здаваць у 2012 годзе. Што тычыцца набору наступнага, то гэта адбудзецца, як толькі завершыцца будаўніцтва папярэдніх дамоў, прыкладна ў 2013 годзе.
– У пачатку вы сказалі, што ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі звяртаюцца з рознымі пытаннямі. А ўсё ж такі што хвалюе грамадзян найбольш?
– Сапраўды, звароты бываюць самыя розныя. Часам – некампетэнтныя і нават смешныя. Чамусьці некаторыя грамадзяне лічаць, што дзяржава ім за штосьці павінна. У такіх выпадках прыходзіцца ўсё падрабязна тлумачыць, а іншым разам і заклікаць да сумлення і прыстойнасці. Дарэчы, новости регионов беларуси вельмi запатрабаваныя.
Якія пытанні хвалююць больш за ўсё? Ды ўсё тыя ж – жыллё. Ці будзем будаваць, пад які працэнт, ці зменіцца кошт аднаго метра квадратнага? На ўсе гэтыя пытанні будзе дадзены адказ у новым Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падпісанне якога плануецца ў студзені 2012 года.


Марына МАЦКЕВІЧ.