Пра атрыманне адукацыі, дзіцячыя сады і баўленне вольнага часу ішла размова падчас “Прамой лініі” з начальнікам аддзела адукацыі

08:49 / 27.10.2011

Апошняя “Прамая лінія” жыхароў Астравецкага раёна, якая прайшла з начальнікам аддзела адукацыі, была насычана самымі рознымі пытаннямі. Некаторыя з іх паступілі яшчэ да пачатку “Прамой лініі”, іншыя, наадварот, былі адрасаваны асабіста Віктару Віктаравічу.


– Чаму ў гарадскіх школах, дзяцей, якія харчуюцца за бацькоўскую плату, кормяць горш, чым тых, хто харчуецца на дзяржаўную датацыю? Мы плацім па 60 і больш тысяч у месяц – а ў выніку дзеці застаюцца галодныя. І ўвогуле, ці можна зрабіць так, каб дзеці маглі выбіраць, што ім есці? – цікавіліся бацькі дзяцей, якія вучацца ў гарадскіх установах адукацыі.
– Пытанне харчавання заўсёды было складаным. У сельскіх школах, дзе ўсе вучні харчуюцца на дзяржаўную датацыю, яно, як правіла, не ўзнікае. У гарадскіх школах сітуацыя наступная: на дзяржаўную датацыю тут харчуюцца вучні пачатковых класаў і асобныя катэгорыі дзяцей, да якіх адносяцца дзеці-інваліды, дзеці, якія выхоўваюцца ў шматдзетных і малазабяспечаных сем’ях. За астатніх плацяць бацькі. Але пры арганізацыі харчавання павінна выкарыстоўвацца тыпавое меню, аднолькавае для ўсіх. Калі сума, выдзеленая на датацыю, пастаянна стабільная, то бацькоўская плата вар’іруецца і часам яна меншая, чым грошы, выдзеленыя на датацыю. Зыходзячы з гэтага і абед у тых, хто аплачвае яго сам, меншы. Але ў любым выпадку мы разбяромся з гэтай праблемай.
Што датычыцца пытання аб выбары з некалькіх прадстаўленых страў, то яно таксама вырашальнае – па заявах бацькоў такое харчаванне можна арганізаваць.
– Прадстаўнік бацькоўскага камітэта Палушскага дзіцячага сада звярнулася ў аддзел адукацыі з наступнай просьбай: «Кожны дзень нашых дзяцей падвозяць аўтобусам з Гудагая ў Палушы. Але дарога ад будынка Гудагайскага сельскага выканаўчага камітэта да чыгуначнага пераезду знаходзіцца ў нездавальняючым стане – а, між тым, у аўтобусе знаходзяцца маленькія дзеці, і з імі – толькі адзін выхавацель. Ні вадзіцель, які перавозіць дзяцей, ні педагог, які іх суправаджае, часта проста не могуць папярэдзіць падзенне дзяцей. А прычына крыецца ў дрэнным стане дарожнага пакрыцця – яно ўсё ў ямах і выбоінах. Ці не маглі б вы хадатайнічаць перад ДРБУ аб рамонце дарогі?»
– Добра, што вы разумееце, што рамонт дарогі не ўваходзіць у абавязкі аддзела адукацыі. Але мы абавязкова звернемся з хадатайніцтвам у ДРБУ аб рамонце гэтага ўчастка дарогі.
– Ці ёсць магчымасць атрымаць агульную базавую ці сярэднюю адукацыю, калі не “хадзіць” у школу, а самастойна засвоіць вучэбную праграму?
– Такая сітуацыя магчыма. У адпаведнасці з Палажэннем аб экстэрнаце, зацверджаным Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2006 №122, грамадзяне, якія своечасова не атрымалі агульнай базавай ці агульнай сярэдняй адукацыі і не вучацца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай ці сярэдне-спецыяльнай адукацыі, і самастойна засвоілі вучэбную праграму, могуць прайсці выніковую атэстацыю на ўзроўні агульнай базавай ці агульнай сярэдняй адукацыі.
Працэдура праходжання выніковай атэстацыі – экстэрнат – у нашым раёне праходзіць на базе сярэдняй школы №1. Выніковая атэстацыя складаецца з экзаменаў, у тым ліку і выпускных, і праводзіцца ў вуснай, пісьмовай і практычнай формах.
Тым, хто жадае прайсці выніковую атэстацыю на ўзроўні агульнай базавай ці сярэдняй адукацыі, неабходна да 20 красавіка звярнуцца ў аддзел адукацыі з наступнымі дакументамі: даведка з месца жыхарства, дакумент аб адукацыі ў арыгінале (для асоб, якія жадаюць прайсці атэстацыю за перыяд навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі). Асобы, якія вучыліся ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай ці сярэдне-спецыяльнай адукацыі, але не атрымалі агульнай сярэдняй адукацыі, прадастаўляюць даведку аб паспяховасці і даведку аб навучанні (акадэмічная даведка).
Хацелася б звярнуць увагу на тое, што праходжанне выніковай атэстацыі экстэрнам не абмяжоўваецца ўзростам. Гэта значыць, што атрымаць адукацыю вы можаце ў любым узросце.
– Куды трэба звяртацца, каб стаць на чаргу ў дзіцячы сад? Ці доўга трэба чакаць? І як хутка маё дзіця зможа трапіць у садок, які размешчаны побач з домам?
– Калі бацькі жадаюць стаць на чаргу для наведвання дзіцячага садка, звяртацца неабходна ў аддзел адукацыі. І чым раней вы гэта зробіце, тым раней дзіця зможа пайсці ў дзіцячы сад. Пры пастаноўцы на ўлік дзяцей для наведвання дзіцячага сада вам неабходна прынесці копію пашпарта аднаго з бацькоў (пажадана таго, хто будзе пісаць заяву) і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.
Сёння праблем з размеркаваннем дзяцей у вясковых дзіцячых садках не існуе. А дашкольныя ўстановы Астраўца працуюць з перагрузкай – іх наведваюць 455 дзяцей пры наяўнасці 417 месцаў. У асноўным гэта праблема размеркавання дзяцей малодшага ўзросту, але спадзяёмся, што і яна ў хуткім часе будзе вырашана – збіраемся набыць дадатковыя камплекты мэблі.
Месца ў дзіцячым садзе мы прадаставім абавязкова, але не заўсёды гэтая дашкольная ўстанова будзе размяшчацца побач з вашым домам. У такім выпадку пры наяўнасці вольных месцаў мы прапануем бацькам адправіць дзіця ў іншы дзіцячы садок. Калі такога жадання няма, давядзецца крыху пачакаць.
Часта складваецца такая сітуацыя: вы запісвалі свайго малыша, напрыклад, у яслі-сад “Дубок”, а потым пабудавалі кватэру на вуліцы Валадарскага і хочаце перапісаць чаргу ў іншы сад, напрыклад, у яслі-сад №2. У такім выпадку ў банку дадзеных ваша дзіця будзе стаяць з таго дня, калі вы перапісалі чаргу. Таму, калі вы плануеце ў хуткім часе змяніць месца жыхарства, неабходна паведаміць аб гэтым спецыялісту аддзела адукацыі, які будзе ставіць вас на ўлік. Да таго ж мы просім вас, паважаныя бацькі, своечасова паведамляць нам аб змене нумара тэлефона і адраса.
Хачу таксама зазначыць, што прыём дзяцей у дашкольную ўстанову ажыццяўляецца на працягу каляндарнага года пры наяўнасці ў ёй вольных месцаў.
– Бабуля ўнука, які цяпер вучыцца ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, скардзілася на настаўнікаў, якія не пусцілі яго на школьную дыскатэку. Пры гэтым назваць прозвішчы настаўнікаў і школу бабуля адмовілася.
– У цэлым настаўнікі паступілі правільна. У сувязі з апошнімі сумнымі падзеямі, якія адбыліся ў Мінску, ва ўсіх школах раёна ўведзена прапускная сістэма. Калі ваш унук жадае сустрэцца са сваімі настаўнікамі, ён можа прыйсці ў школу днём і зарэгістравацца ў спецыяльным журнале: запісаць сваё прозвішча, мэту наведвання, час, паставіць подпіс. Штогод ва ўсіх школах праводзяцца вечары сустрэч, на іх можа прыйсці любы выпускнік, сустрэцца са сваімі аднакласнікамі, настаўнікамі, паглядзець падрыхтаваную праграму, патанцаваць на дыскатэцы.
Што датычыцца школьных дыскатэк, то яны арганізоўваюцца для вучняў, якія займаюцца менавіта ў гэтай школе. Уявіце, што будзе, калі ў школу пачнуць з’язджацца дзеці з усяго раёна? Няўжо так павінна быць? Таму на настаўнікаў не трэба крыўдзіцца. Яны ўсё зрабілі правільна.
– Чаму настаўнікам, якія прыязджаюць у Астравец для вырашэння нейкіх рабочых пытанняў з аддаленых школ раёна, не выплачваюцца камандзіровачныя расходы?
– Камандзіровачныя выплачваюцца ў тым выпадку, калі настаўнік накіроўваецца па рабоце ў іншую мясцовасць, якая не звязана з месцам працы. Любая аддаленая школа – Спондаўская, Падольская, Кямелішкаўская і іншыя – адносяцца да аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама. Калі настаўнікі паедуць па рабоце ў Ашмяны, Смаргонь, Гродна, Мінск і іншыя населеныя пункты, якія размяшчаюцца па-за межамі Астравецкага раёна, камандзіровачныя расходы будуць выплачаны.


На “Прамой лініі” дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.