Тыдзень postfactum. Усходняе партнёрства: рука дружбы ці інструмент ціску?

10:00 / 05.10.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

На мінулым тыдні ў Варшаве адбыўся чарговы саміт “Усходняга партнёрства”.
Завяршыўся скандалам, інакш не скажаш. Спачатку, насуперак пратаколу, запрашэнне не было накіравана Прэзідэнту Беларусі.
Затым арганізатары паспрабавалі абмежаваць у правах беларускую дэлегацыю на чале з Надзвычайным і паўнамоцным паслом у Польшчы Віктарам Гайсёнкам.
А потым правалілася спроба ўнесці ў выніковы пратакол правакацыйны артыкул, які тычыўся Беларусі. Апошняе выклікала рашучую нязгоду дэлегацый усіх пяці краін-удзельніц “Усходняга партнёрства”.
Прэзідэнт Грузіі ўвогуле заявіў, што без Беларусі праект “Усходняе партнёрства” губляе ўсялякі сэнс.
Па вялікаму рахунку, за два гады існавання якраз у сэнсе сэнса “Усходняга партнёрства” мала што праяснілася. Канешне, любое партнёрства лепш за сварку. Гэта аксіёма.
Аднак, вывучаючы расплывістыя выніковыя дакументы і гледзячы на задаволенае пазіраванне перад фотакамерамі ўдзельнікаў, міжволі складваецца ўражанне, што праект пакуль патрэбен найперш самім лідарам. Для таго, каб лішні раз нагадаць аб сабе і карцінна папляскаць адзін аднаго па плячу, дэманструючы ўсеагульнае аднадумства і задаволенасць.
Праўда, насельніцтва краін-удзельніц агульны аптымізм пакуль не падзяляе.
Палякі, напрыклад, са значна большай увагай аднесліся да лігачэмпіёнскага матчу варшаўскай “Легіі”, які адбываўся адначасова з самітам.
А апытанне, праведзенае інтэрнэт-парталам tut.by, паказала, што толькі каля 41% карыстальнікаў лічаць гэты праект перспектыўным для Беларусі.
22% апытаных выказаліся, што гэта спроба “прыбраць да рук” былыя краіны СССР.
21% назваў “Усходняе партнёрства” “марнай ініцыятывай”, а 12% увогуле не ўяўляюць, аб чым ідзе гаворка.
Як бачна, песімізм беларусаў значна пераўзыходзіць аптымізм еўрапейскіх чыноўнікаў і іх уяўленне аб значнасці “Усходняга партнёрства” для Беларусі.
Пакуль што праект выглядае гэткім манком, пустышкай, закліканай прывабіць краіны былога СССР уяўнай перспектывай членства ў еўрапейскім саюзе. Штосьці кшталту палітычнай “Лігі Еўропы”, паспяхова пераадолеўшы якую, можна спадзявацца на месца ў “Лізе чэмпіёнаў”. Больш чым прывідная перспектыва, трэба прызнаць. Хутчэй дадатковы інструмент уплыву ва Усходняй Еўропе, што наглядна выявілася падчас апошняга саміту.
А калі і не, то ад членства ў Еўрасаюзе яшчэ невядома якая і каму карысць. Думаю, выразна абазначыць яе не здолеюць сёння нават яго новыя ўдзельнікі ў асобе нашых суседзяў. За выключэннем ганаровага статусу, які нібыта дае права лічыцца еўрапейскай дзяржавай ды спадзяванняў на субсідыі – у “сухім астатку” бадай не застаецца нічога.
З абывацельскай кропкі гледжання можна ўбачыць толькі адзін плюс – магчымасць бязвізавага перамяшчэння па Еўропе. Не зразумела толькі чаму, заяўляючы аб вялікім пра нас, простых беларусах, клопаце, Еўрасаюз тым не менш не спяшаецца ні адмяніць візавы рэжым для беларусаў, ні хаця б яго аблегчыць. Хоць гаворыцца аб гэтым даўно і пастаянна.
Вось і на варшаўскім саміце прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ зазначыла, што час, маўляў, беларусам убачыць на свае вочы, як у сапраўднасці жывуць еўрапейскія дэмакратыі. Мяркуецца, што ад убачанага ўсе мы павінны выпасці ў асадак.
Пакуль жа ўбачаным у Беларусі захапляюцца нашы госці з Захаду. У прыватнасці, відавочныя перавагі Мінска перад Варшавай у сэнсе чысціні, добраўпарадкаванасці, адзначылі прадстаўнікі мясцовага самакіравання горада Лідзбарк-Вармінскі, якія не так даўно наведалі наш раён і ўпершыню падчас візіту атрымалі магчымасць пабываць у сталіцы нашай краіны.
Так што вартая ўвагі і сустрэчная прапанова: наведаць Беларусь усім нашым высокапастаўленым “зычліўцам” з Захаду. А то ад таго, як яны расказваюць аб нашай краіне сваім выбаршчыкам, іншым разам – “мурашкі па скуры”. Фільм жахаў, ды і толькі!
Зрэшты, спадзявацца, што такім чынам можна будзе змяніць адносіны цяперашніх кіраўнікоў Еўропы да Беларусі – верх наіўнасці!..