Тыдзень postfactum. Імгненні: перамогі, канфузу, здзіўлення

09:12 / 23.02.2011
10766
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

“Шай-бу!”

Каюся, у тое, што мінскае “Дынама” выйдзе ў “плэй-оф” чэмпіянату кантынентальнай хакейнай лігі і пазмагаецца за кубак Гагарына, даўно страціў усялякую надзею. Таму да лікавання 15-тысяч балельшчыкаў, што сталі сведкамі бліскучай, пераможнай гульні нашых хакеістаў супраць аднаго з лідараў, уфімскага “Салавата Юлаева”, якая і азнаменавала першы ў гісторыі каманды выхад у наступны раўнд, “прымазвацца” не буду.
А яны, шчырыя, адданыя балельшчыкі, якія запаўнялі трыбуны “Мінск-арэны” нават у цяжкія для “Дынама” часы, гэтую перамогу, канешне, заслужылі! І заслужана могуць святкаваць яе са сваёй камандай!



Слова – не верабей

У знешнепалітчыным ведамстве Украіны –канфуз. Настолькі нечаканы і недарэчны, што апраўдвацца за свайго падначаленага перад дэпутатамі парламента мусіў міністр Канстанцін Грышчанка.
Пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны, параўноўваючы эканамічнае і палітычнае становішча дзвюх краін – сваёй і нашай – заявіў у  інтэрв’ю, што ўкраінцы “нават не ведаюць, што жывуць у раі”.
Па вялікаму рахунку, нічога страшнага не адбылося. Права на асабістае меркаванне мае кожны. Іншая справа, калі яно зыходзіць ад афіцыйнай асобы дыпламатычнага рангу — міжволі атаясамліваецца з афіцыйнай пазіцыяй дзяржавы.
Некарэктны выпад дыпламата і выклікаў незадавальненне кіраўніка МЗС Украіны. “Дыпламатычная этыка не дазваляе афіцыйным прадстаўнікам выступаць ад свайго імя”, — заўважыў міністр.
Што да сутнасці пытання, то выснова ўкраінскага пасла больш, чым спрэчная. Цэны на рынку ў Хмяльніцкім — не доказ і не аргумент эканамічных пераваг суседняй дзяржавы. Тым больш, што меркаванні нашых гасцей з Украіны аб сваім быцці некалькі іншыя.
Перспектывы далейшай працы пасла цяпер даволі туманныя.
Мараль: сем раз падумай, адзін раз скажы. Таму што слова – не верабей.



Прыплылі, панове…

Гэтую б думку, ды ў вушы міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму. Тыдня не мінае без яго чарговых “пералаў”. Адзін другога “лепшы”.
На мінулым тыдні гэты дыпламат заявіў літаральна наступнае: “Беларускі рэжым, які адносіцца да сваіх грамадзян, як да заложнікаў, можа, на жаль, пачаць новыя рэпрэсіі супраць польскай меншасці”.
Што называецца, “прыплыў” пан Сікорскі. Гаварыў, гаварыў – і дагаварыўся.
“Калі доўга глядзець у бездань, бездань пачынае глядзець на цябе”, — папярэджваў Фрыдрых Ніцшэ.
Польскаму дыпламату варта было б прыслухацца да выказвання філосафа і менш пужаць суайчынікаў Беларуссю. А то ў галаве яшчэ і не такія неверагодныя страхі паселяцца.
А яшчэ сціпла і як можна больш талерантна нагадаем: не беларусы прымянялі рэпрэсіі да палякаў…



Скокі вар’ята

Заходні свет у захапленні ад таго, што адбываецца ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Эйфарыю не змяншае нават велізарная колькасць ахвяр. Дэмакратыя пракладвае сабе шлях па крыві?
“Я не думаю, што ўсе гэтыя падзеі абмяжуюцца Блізкім Усходам… Гэты вецер перамен дзьме і разносіцца…”, -- “аптымістычна” заявіў сенатар Кангрэса ЗША, былы супернік па выбарах Джорджа Буша малодшага, Джон Маккейн.
Падобнае выказванне нагадвае скокі ля палаючага дома вар’ята, які такім чынам вырашыў пазбавіцца ад мышэй.
Калі ў выніку рэвалюцый да ўлады ў краінах паўночнай Афрыкі прыдуць радыкальныя ісламісты, заходняя Еўропа, якую ад арабскага свету аддзяляе Міжземнае мора, судрыгнецца ад сваёй сёняшняй крывадушнай бяспечнасці.



Вясны!

На мінулым тыдні на нас усур’ёз насунуліся марозы. Слупок тэрмометра нібы прымерз да адзнакі ніжэй 10-ці градусаў. Напачатку гэта некалькі напружвала і прымушала хаваць вушы пад шапку, а потым верх узялі станоўчыя эмоцыі ад яркага, нібы вясенняга сонейка. Хочацца вясны! Па прагнозах метэаролагаў, яна павінна аб сабе нагадаць акурат па календары! Па іх меркаванні – якое зрэшты, можа і не спраўдзіцца – ужо з 1-га сакавіка марозы будуць гаспадарыць толькі ноччу. А днём нас чакае плюсавая тэмпература. Будзем спадзявацца на лепшае?

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений