Сесія раённага Савета дэпутатаў: праграма развіцця і бюджэт раёна на 2011 год

09:47 / 06.01.2011
Праграма развіцця раёна ў 2011 годзе

(З даклада намесніка старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскага)

Паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2011 год прагназуюцца ў наступных памерах: прамыя замежныя інвестыцыі – 14,7 мільёна долараў ЗША; колькасць занятых у эканоміцы – 10541 чалавек; колькасць новых і мадэрнізаваных рабочых месцаў – 310; вытворчасць валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі – 112 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года; рэнтабельнасць продажаў у арганізацыях  сельскай гаспадаркі 7-9 працэнтаў; інвестыцыі ў асноўны капітал – 117 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года;  увод у эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання – 12622 квадратныя метры агульнай плошчы; паказчык па энергазберажэнню мінус 6 працэнтаў; сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі 0,1 тысячы долараў ЗША.
Чакаецца, што па выніках работы за 2010 год тэмп росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці складзе 10,7 мільярда рублёў – 102,1 працэнта да ўзроўню 2010 года. Па вытворчасці спажывецкіх тавараў тэмп росту складзе 84,7 працэнта.
Найважнейшай задачай прамысловасці ў 2011 годзе будзе ажыццяўленне мер па павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, паляпшэнні фінансавага становішча прадпрыемстваў, канцэнтрацыі сіл і сродкаў на рэалізацыю найбольш эфектыўных метадаў, якія забяспечваюць хуткія вынікі нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі.
Тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў 2011 годзе складзе 107,3 працэнта ў супастаўных цэнах да чакаемага ўзроўню 2010 года.
На  кардоннай фабрыцы “Альхоўка” ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па развіццю ўчастка лесанарыхтоўкі, лесапілення і дрэваапрацоўкі. За кошт сродкаў інавацыйнага фонду канцэрна “Беллеспаперапрам” набыты і манціруюцца дзве сучасныя аўтаматызаваныя сушыльныя камеры з загрузкай 100 кубаметраў піламатэрыялаў коштам 368 мільёнаў рублёў. Плануемы ўвод у дзеянне – першы квартал 2011 года. Праведзены конкурс на пастаўку стацыянарнай рубільнай машыны, праводзіцца работа па заключэнню дагавору пастаўкі. Набыты ў лізінг аўтамабіль МАЗ, аснашчаны гідраманіпулятарам. Праводзіцца рэканструкцыя цэха па вытворчасці струганых паганажных вырабаў. Устаноўка набытага абсталявання запланавана на існуючых вытворчых плошчах. Гэтыя мерапрыемствы дазволяць забяспечыць перапрацоўку драўніны ў аб’ёме 10 тысяч кубаметраў круглага лесу ў год і арганізаваць вытворчасць прадукцыі з высокім дабавачным коштам: дошка для падлогі, дошка абшывачная, брус, струганы паганаж.
Разам з тым на фабрыцы будзе прадоўжана работа па мадэрнізацыі існуючага тэхналагічнага абсталявання па вытворчасці кардону. Пасля перапрафілявання ААТ “Пухавіцкая кардонная фабрыка” на вытворчасць паліграфічнага кардону ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка” застанецца адзіным вытворцам аднаслойнага тоўсталіставога кардону ў рэспубліцы, і ён будзе карыстацца ўстойлівым і пастаянным попытам на ўнутраным і знешнім рынках.
На ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” у 2011 годзе прагназуецца павялічыць тэмп росту прамысловай прадукцыі ў супастаных цэнах на 110 працэнтаў,  давесці долю сертыфікаванай прадукцыі ў агульным аб’ёме вытворчасці да 30 працэнтаў, удзельную вагу новай прадукцыі – да 20 працэнтаў. У 2011 годзе плануецца асвоіць 450 мільёнаў рублёў інвестыцый, у тым ліку з інавацыйнага фонду Мінпрама – 403 мільёны рублёў,  уласных сродкаў – 5 мільёнаў рублёў, крэдыты банкаў – 42 мільёны рублёў.
Асноўныя задачы  прадпрыемства на 2011 год: набыццё абсталявання для вытворчасці профнасцілу, лініі для вытворчасці металачарапіцы, трохзварных паўаўтаматаў, зрабіць ангар-склад, арганізаваць серыйны выпуск новай прадукцыі і пашырыць асартымент выпускаемых вырабаў. З мэтай нарошчвання вытворчасці плануецца рэалізаваць інвестыцыйны праект, накіраваны на пераўтварэнне завода ў шматпрофільную вытворчасць адначасова з пастаянным павелічэннем аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі і асваеннем новай.
Асноўнай задачай прадпрыемстваў у знешнеэканамічнай дзейнасці будзе захаванне  рынкаў тавараў і паслуг, актывізацыя маркетынгавых даследаванняў, развіццё  тавараправодзячай сеткі ў краінах СНД і далёкага замежжа, нарошчванне экспарту транспартных паслуг.
У аграпрамысловым комплексе раёна на аснове існуючай вытворча-тэхнічнай базы ў 2011 годзе прадугледжваецца далейшае нарошчванне аб’ёмаў ва ўсіх галінах. Рост валавай прадукцыі складзе 112 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Гаспадаркі павінны забяспечыць вытворчасць валавай прадукцыі на суму 105,3 мільярда рублёў, у тым ліку раслінаводства  –  42,8 мільярда рублёў, жывёлагадоўлі – 62,5 мільярда рублёў, прадукцыйнасць працы ўзрасце на 10 працэнтаў.
У гэтым годзе ставіцца задача атрымаць валавы збор збожжавых не менш чым 73,8 тысячы тон. Павелічэнне ўраджайнасці збожжавых культур у першую чаргу за кошт укаранення інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых культур з інтэграванай сістэмай аховы раслін, пад збожжавыя плануецца ўнесці 340 кілаграмаў NPК у  дзеючым рэчыве на гектар не менш 442 тысяч тон арганічных угнаенняў і 12,7 тысячы тон – мінеральных.
Для падтрымання ў нармальным стане меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм неабходна выканаць аграмеліярацыйныя работы на плошчы 142 гектары, правесці работы па арганізацыі паверхневага сцёку на  100 гектарах, забяспечыць падсеў бабовых і бабова-злакавых шматгадовых траў на плошчы 2,6 тысячы гектараў, у тым ліку люцэрны – 500 гектараў, канюшыны ў чыстым выглядзе – 1,3 тысячы гектараў.
У 2011 годзе плануецца пасеяць цукровыя  буракі на плошчы 700 гектараў і давесці валавы збор да 35 тысяч тон цукровых караняплодаў.
Вырошчванне бульбы плануецца на плошчы 200 гектараў, валавы збор яе складзе 5 тысяч тон, ураджайнасць – 253 цэнтнеры з гектара.
Адной з важнейшых задач у раслінаводстве застаецца павелічэнне вытворчасці высокаякасных кармоў, якія ў поўным асартыменце задавальнялі б патрэбы жывёлагадоўлі. Вытворчасць усіх відаў кармоў, уключаючы летнія зялёныя, павінна скласці не менш як 36-40 цэнтнераў  кармавых адзінак на ўмоўную галаву, на зімова-стойлавы перыяд – 23-25 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву, у тым ліку травяністых – 18-19.
Перад галіной жывёлагадоўлі вызначаны наступныя задачы: валавая вытворчасць малака павінна скласці 46252 тоны пры сярэднім надоі ад адной фуражнай каровы 5322 кілаграмы. Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы павінны скласці 5422 тоны, свіней – 2308 тон.
Неабходна матэрыяльна-тэхнічнае пераўзбраенне, на фермах павінны выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі ўтрымання кароў, даенне ў даільнай зале з забеспячэннем камп’ютэрызацыі працэсаў даення, ідэнтыфікацыі заатэхнічнага і ветэрынарнага ўліку, індывідуальнае кармленне кароў, прыгатаванне і раздача збалансаваных па ўсіх кампанентах кармоў з дапамогай мабільных раздатчыкаў-змешвальнікаў.
Асаблівая ўвага будзе нададзена нарыхтоўцы кармоў і іх якасці. Увесь фураж будзе выкарыстоўвацца для прыгатавання паўнацэнных камбікармоў. Для нарыхтоўкі сена павышанай вільготнасці неабходна набыць абмотчыкі рулонаў, некалькі здрабняльнікаў грубых кармоў.
У 2011 годзе плануецца набыць 21 трактар, 16 аўтамабіляў і іншую неабходную тэхніку. Будзе працягвацца работа па забеспячэнню гаспадарак кадрамі механізатараў і вадзіцеляў. Ад рэалізацыі прадукцыі сельскай гаспадаркі плануецца атрымаць 111,3 мільярда выручкі, 7,9 мільярда прыбытку пры ўзроўні рэнтабельнасці 7,1 працэнта.
Развіццё аграпрамысловага комплексу ў першым годзе новай пяцігодкі будзе ажыццяўляцца шляхам удасканалення арганізацыйных форм гаспадарання, дыферэнцыраванага падыходу да спецыялізацыі гаспадарак раёна, укараненнем новых відаў вытворчасці ў абслугоўваючых арганізацыях.
Рост інвестыцый у асноўны капітал плануецца павялічыць на 17 працэнтаў да ўзроўню 2010 года. Гэта дасць магчымасць забяспечыць устойлівыя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці, павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешнім і ўнутраным рынках. Прыярытэтам інвестыцыйнай палітыкі стане прыцягненне рэсурсаў у вытворчую сферу на рэалізацыю праектаў з навукаёмістымі і рэсурсазберагаючымі тэхналогіямі экспарта- і імпартазамяшчальнай скіраванасці. Рост інвестыцый у раёне будзе забяспечаны за кошт уласных сродкаў юрыдычных асоб і крэдытаў банкаў.
У 2011 годзе будуць прадоўжаны работы па тэхнічнаму аснашчэнню прадпрыемстваў рэспубліканскай падпарадкаванасці. ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” плануе рэалізаваць шэраг мерапрыемстваў па рэалізацыі ўчастка зварных металаканструкцый. ДЛГУ “Астравецкі лясгас” прадоўжыць работы па пераабсталяванню цэха стругальнай вытворчасці, мантажу новай лініі па склейванню вырабаў з драўніны. ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка” будзе працягваць рэалізацыю праекта па вытворчасці струганага паганажу. Астравецкім РУП ЖКХ запланавана правесці капітальны рамонт жылога дома №21 па вул. Валадарскага, пашырэнне гарадскіх могілак, будаўніцтва артсвідравіны і вадаправодных сетак у пасёлку “Альхоўка”.
У 2011 годзе прадугледжваецца ўвесці ў эксплуатацыю 197 кватэр агульнай плошчай 12622 квадратныя метры за кошт усіх крыніц фінансавання.
На будаўніцтве інжынерных сетак для жылых дамоў плануецца накіраваць 3,830 мільярда рублёў, з іх сродкі абласнога бюджэту складуць 3,170 мільярда, сродкі інавацыйнага фонду “Гроднаэнерга” – 0,48 мільярда, сродкі інавацыйнага фонду “Гроднааблгаз” – 0,18 мільярда. Акрамя таго плануецца прадоўжыць работу на няўведзеных у эксплуатацыю малочнатаварных фермах: “Рымдзюны” СВК “Гервяты”, “Малі” СВК імя Гашкевіча,  “Маркуны” СВК “Міхалішкі”,  “Беразоўка” СВК “Варняны”, “Дайлідкі” СВК “Гервяты”.
Вырашэнне задач у гандлі будзе ажыццяўляцца на аснове забеспячэння напаўняльнасці спажывецкага рынку, пашырэння асартыменту і павышэння якасці тавараў, развіцця і аптымальнага  размяшчэння гандлёвай сеткі, аптымізацыі суадносін айчынных і імпартных тавараў, пашырэнне форм  арганізацыі гандлёвага працэсу. Райспажыўтаварыства плануе завяршыць рэканструкцыю кафэ “Ветразь”, адкрыць магазін па продажы харчовых тавараў на тэрыторыі рынку ў г.п. Астравец, пачаць рэканструкцыю  кафэ “Лаванда”, прадоўжыцца работа па правядзенню дэгустацый, выстаў-продажаў прадукцыі ўласнай вытворчасці.
Суб’ектамі прыватнага прадпрымальніцтва будуць адкрыты 4 гандлёвыя аб’екты па вуліцы Школьнай у г.п. Астравец. Шклозавод “Нёман” плануе адкрыць свой фірменны магазін у будынку Дома Быту.
Галоўнай задачай бытавога абслугоўвання будзе павелічэнне аб’ёмаў і рацыяналізацыя асартыменту бытавых паслуг, падтрыманне дзяржаўных  сацыяльных стандартаў абслугоўвання.
Галоўная задача транспартнага абслугоўвання – развіццё адпаведнай інфраструктуры, забеспячэнне сацыяльных стандартаў, штогадовае абнаўленне рухомага саставу для пасажырскіх і грузавых перавозак. Аўтапаркам №4 у 2011 годзе прагназуецца далейшае ўдасканаленне дзеючай маршрутнай сеткі. Рост аб’ёму перавозак грузаў плануецца  павялічыць на 5,1 працэнта, пасажыраў – на 7,6 працэнта.
Па тэлефонных сетках для выканання прагнозных аб’ёмаў развіцця на наступны год неабходна задзейнічаць існуючыя вытворчыя магутнасці, пашырыць і рэканструяваць дзеючыя АТС, прырост асноўных тэлефонных апаратаў складзе 200 штук, у тым ліку на гарадскіх тэлефонных сетках – 150, на сельскіх – 50.
Па раённаму вузлу паштовай сувязі прадугледжваецца прырост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на 16,5 працэнта, даходаў ад асноўнай дзейнасці – 16,6 працэнта, аб’ём рэалізацыі платных паслуг павялічыцца на 9,4 працэнта ў супастаўных цэнах. Плануецца дальнейшы рост даходаў ад прадастаўлення няпрофільных відаў паслуг.
У 2011 годзе адной з асноўных задач будзе з’яўляцца выкананне Дзяржаўнай праграмы занятасці насельніцтва, якая прадугледжвае стварэнне ў раёне 310 новых і мадэрнізаваных рабочых месцаў, працаўладкаванне на пастаянную работу 400 беспрацоўных, накіраванне на прафесійнае навучанне 60 чалавек, выдзяленне субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці 6 беспрацоўным, забеспячэнне ўдзелу ў грамадскіх работах – 400 чалавек, у тым ліку 160 беспрацоўных – працаўладкаванне ў рамках “Маладзёжнай практыкі”, у рамках часовай занятасці навучэнцаў – 100 чалавек, забеспячэнне гранічнага ўзроўню беспрацоўя ў раёне на ўзроўні аднаго працэнта.
У 2011 годзе работа аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама і ўстаноў адукацыі будзе накіравана на выкананне наступных задач: стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей у дашкольных установах; выкананне плана па рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на 2007-2012 гады; забеспячэнне выніковага ўдзелу вучняў у абласных і рэспубліканскіх алімпіядах; прыняцце вычарпальных мер па рацыянальнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў і правядзенню жорсткага рэжыму эканоміі; безумоўнае выкананне ўсіх даведзеных дзяржаўных стандартаў; павелічэнне аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасці і выкананне прагнознага паказчыка па платных адукацыйных паслугах; пашырэнне пераліку платных адукацыйных паслуг; своечасовая і поўная падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і работа ў асенне-зімовы перыяд.
Аддзел культуры райвыканкама ў 2011 годзе будзе выконваць наступныя задачы: ажыццяўляць дзяржаўную палітыку ў сферы культуры, якая забяспечвае рэалізацыю правоў грамадзян на свабоду мастацкай творчасці, удзел у культурным жыцці і карыстанне дасягненнямі культуры; забеспячэнне захавання нацыянальнай культурнай спадчыны; садзейнічанне развіццю культур нацыянальных меншасцей на тэрыторыі раёна; развіццё супрацоўніцтва з замежнымі краінамі ў сферы культуры. Плануецца правесці бягучы рамонт у клубных установах, зрабіць добраўпарадкаванне іх тэрыторый. У 2011 годзе плануецца набыць камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры для Варнянскага, Падольскага, Міхалішкаўскага, Альхоўскага, Гервяцкага, Мальскага, Рытаньскага сельскіх Дамоў культуры.
У 2011 годзе неабходна прадоўжыць работу па паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў, у першую чаргу на вёсцы. Патрабуюць завяршэння пачатыя работы ў Міхалішкаўскай участковай бальніцы, неабходна пераабсталяваць малочную кухню пад аддзяленне пералівання крыві. Значныя фінансавыя затраты патрабуюцца для правядзення рамонтаў на Лошскім, Слабодкаўскім, Альхоўскім і Ізабелінскім ФАПах. На станцыі Гудагай неабходна адкрыць урачэбную амбулаторыю, а для гэтага правесці рэканструкцыю былога дзіцячага садка. У 2011 годзе трэба правесці значную работу па аснашчэнню цэнтральнай раённай бальніцы сучасным медыцынскім абсталяваннем.
У 2011 годзе ўпраўленнем па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва будзе прадоўжана работа па ўзмацненню сацыяльнай абароненасці грамадзян раёна.



Бюджэт напружаны, але рэальны

(З даклада начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Я.В. Кірэевай)

Законам Рэспублікі Беларусь “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год” зацверджаны нарматывы адлічэнняў ад падатку на прыбытак, падатку на дабаўленую вартасць, памеры датацыі і субвенцый, якія перадаюцца ў бюджэт раёна і сельсаветаў, у адпаведнасці з якімі даведзены разліковыя паказчыкі па даходах і расходах раённага бюджэту на 2011 год.
Аб’ём бюджэту па даходах і  расходах Астравецкага раёна вызначаны ў суме 61684,8 мільёна рублёў з ростам да 2010 года на  123,3 працэнта. Аб’ём раённага бюджэту без уліку сродкаў, якія перадаюцца ў ніжэйстаячыя бюджэты, складае 60354,8 мільёна рублёў.
Як у раённым бюджэце, так і ў бюджэце раёна асноўнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца: падатак на дабаўленую вартасць (8720,2 мільёна рублёў, ці 35 працэнтаў); падаходны падатак з фізічных асоб (6394,8 мільёна рублёў, ці 25,7 працэнта); падатак на прыбытак (96,3 мільёна рублёў, ці 3,8 працэнта).
У раённы бюджэт і бюджэты сельскіх Саветаў у адпаведнасці з артыкулам 32 Бюджэтнага кодэкса Рэпублікі Беларусь у 2011 годзе будуць праводзіцца ўсе залічэнні падатку на нерухомасць па аб’ектах, якія знаходзяцца на тэрыторыі г.п. Астравец і сельскіх Саветаў.
У якасці крыніцы дадатковых даходаў захавана права раённага Савета дэпутатаў на павелічэнне ставак падаткаў на ўласнасць. Дарэчы, рэкамендуем паслугу продажа недвижимости за рубежом. Гэтыя рашэнні дазволяць дадаткова атрымаць у бюджэт раёна ў 2011 годзе каля 457 мільёнаў рублёў, у тым ліку па падатку на нерухомасць – 337 мільёнаў, зямельнаму падатку – 129 мільёнаў рублёў. Гэтыя даходы будуць накіраваны на фінансаванне сацыяльнай сферы.
У 2011 годзе прадугледжана атрымаць з абласнога бюджэту 36788,2 мільёна рублёў, з іх датацыі – 36388,2 мільёна рублёў; субвенцыі на расходы па праіндэксаваных 400 мільёнаў рублёў.
Бюджэт  Астравецкага раёна 2011 года мае выразную сацыяльную накіраванасць – 73,3 працэнта бюджэта накіроўваецца  на сацыяльную сферу.
У галіне адукацыі расходы ўзрастуць у параўнанні з 2010 годам на 145 працэнтаў. На дзейнасць устаноў  адукацыі ў 2011 годзе будзе накіравана 26882,6 мільёна рублёў.
Расходы па ахове здароўя ўзрастуць на 140 працэнтаў і складуць 12983,0 мільёна рублёў.
Расходы на сацыяльную палітыку ўзрастуць на 134 працэнты і будуць накіраваны на ўтрыманне дзяржаўнага сацыяльнага дзіцячага прытулку, прыёмных сем’яў, адзінокіх і адзінокапражываючых састарэлых і інвалідаў – яны складуць 4231,9 мільёна рублёў. У расходах на сацыяльную палітыку прадугледжаны адрасная сацыяльная дапамога, забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, падрыхтоўка дзіцячых аздараўленчых лагераў.
На ўтрыманне ўстаноў культуры і правядзенне мерапрыемстваў у раённым бюджэце на 2011 год запланавана 5201,7 мільёна рублёў з ростам да 2010 года 155 працэнтаў.
На развіццё фізічнай культуры і спорту плануецца накіраваць 720,8 мільёна рублёў, ці 117 працэнтаў да ўзроўню 2010 года. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўтрыманне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і фізкультурна-спартыўнага клуба.
На падтрымку аграпрамысловага комплексу раёна ў 2011 годзе плануецца накіраваць 1008,0 мільёна рублёў, што ў 1,8 раза больш, чым у 2010 годзе.
Памер бюджэтных асігнаванняў на жыллёва-камунальную гаспадарку на 2011 год складзе 5298,8 мільёна рублёў.
У абласным бюджэце будуць цэнтралізаваны сродкі на правядзенне мерапрыемстваў па далейшаму павышэнню эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў у галіне ЖКГ у суме 517 мільёнаў рублёў на капітальны рамонт і мадэрнізацыю цеплатрас. На фінансаванне часткі расходаў па аказанню жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву, якое пражывае ў абслугоўваемым арганізацыямі сістэмы мінжылкамунгаса Рэспублікі Беларусь, у жыллёвым фондзе прадугледжана 2800,0 мільёна рублёў, што дазволіць кампенсаваць 50,2 працэнта затрат. За кошт насельніцтва плануецца кампенсацыя 25,6 працэнта і за кошт іншых крыніц фінансавання (перакрыжаванае субсідзіраванне, арэндная плата і іншыя даходы)  – 24,2 працэнта. Асігнаванні на правядзенне рамонту жыллёвага фонду запланаваны ў памеры 420 мільёнаў рублёў (рост у параўнанні з 2010 годам больш як 40 працэнтаў). На добраўпарадкаванне населеных пунктаў плануецца накіраваць 1070,0 мільёна рублёў, у тым ліку на бягучае ўтрыманне – 740 мільёнаў рублёў.
На ажыццяўленне прыгарадных пасажырскіх перавозак у аўтамабільным парку №4 плануецца накіраваць з раённага бюджэту 340 мільёнаў рублёў. Гэтая сума субсідый забяспечыць кампенсацыю страт на ўзроўні 25,2 працэнта. Аднак пры існуючых тарыфах на праезд і атрымліваемай ад продажу выручкі плануемай субсідыі недастаткова для поўнага пакрыцця затрат па прыгарадных пасажырскіх перавозках.
На ахову навакольнага асяроддзя плануецца накіраваць 58,3 мільёна рублёў, якія размеркаваны ў адпаведнасці з каштарысам расходаў.
Упершыню ў раённым бюджэце прадугледжаны сродкі на тэрытарыяльную абарону – 22 мільярды рублёў, і на ўтрыманне грамадскіх пунктаў аховы правапарадку – 20 мільёнаў рублёў.
На развіццё бытавога абслугоўвання ў раённым бюджэце на 2011 год запланавана 113 мільёнаў рублёў, з іх на прадастаўленне субсідый арганізацыям бытавога абслугоўвання насельніцтва, якія аказваюць паслугі ў сельскіх населеных пунктах, плануецца накіраваць 32 мільёны рублёў, што складзе 1232 рублі на аднаго жыхара.
Даходы сельскіх бюджэтаў сфарміраваны ў суме 1330,0 мільёна рублёў, у тым ліку за кошт замацаваных даходных крыніц – 450 мільёнаў рублёў, ці 33,8 працэнта, датацыі – у суме 880 мільёнаў рублёў, ці 66,2 працэнта.
Расходы сельскіх бюджэтаў складуць тую ж суму – 1330 мільёнаў рублёў. На добраўпарадкаванне вулічнага асвятлення тэрыторыі сельскай мясцовасці будзе накіравана 265 мільёнаў рублёў, ці 19,9 працэнта аб’ёму іх бюджэту. У бюджэтах сельскіх Саветаў прадугледжаны сродкі на знос трухлявых дамоў у суме 13,6 мільёна рублёў.
У цэлым праект бюджэту Астравецкага раёна на 2011 год забяспечвае праграму эканамічнага развіцця раёна. Разам з тым неабходна адзначыць, што па ўсіх накірунках недастаткова бюджэтных сродкаў без капітальных укладанняў як мінімум 20 мільярдаў рублёў, а з іх улікам – 30 мільярдаў, якія неабходна знайсці ў працэсе выканання бюджэту як з дапамогай абласных структур, так  і раённых органаў улады.