Матэрыялы IV Усебеларускага народнага сходу

17:51 / 10.12.2010


6-7 снежня ў Мінску прайшоў ІV Усебеларускі народны сход. Яго дэлегатамі сталі 2,5 тысячы чалавек – прадстаўнікі ўсіх слаёў беларускага грамадства. Яны абмяркоўвалі вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады і разглядалі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2011-2015 гады, іншыя важныя пытанні дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

Вышэйшым праяўленнем народаўладдзя, якое ўвасабляе ў сабе гістарычны вопыт і сучасныя тэндэнцыі дэмакратызму, назваў Усебеларускі народны сход Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выступіў на сходзе з праграмным дакладам, ва ўступным слове да якога заявіў, што Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму моцнай краінай.


Як адзначыў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, вось ужо чацвёрты раз за гісторыю маладой беларускай суверэннай дзяржавы збіраецца такі прадстаўнічы форум. Паводле слоў беларускага лідара, Усебеларускі народны сход дае магчымасць не проста весці адкрытую, сумленную і зацікаўленую размову людзей і ўлады, але і прымаць рашэнні аб выбары стратэгіі развіцця дзяржавы. «Не келейна, а галосна, не ў кабінетах, а з шырокім удзелам усіх слаёў насельніцтва», - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт нагадаў, што першы сход праходзіў у крытычны перыяд жыцця краіны. Паводле яго слоў, менавіта тады, параіўшыся з народам, быў зроблены выбар эвалюцыйнага шляху стварэння, а не шокавая тэрапія з рабаваннем людзей і абагачэннем асобнай кучкі асоб.

Другі з’езд увайшоў у гісторыю тым, што на ім была прынята сучасная беларуская мадэль развіцця і вылучана ідэя, якая змагла кансалідаваць грамадства, - пабудова моцнай і працвітаючай краіны.

Трэці сход, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, замацаваў існуючую высокую дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і вызначыў новую стратэгічную задачу - стварэнне дзяржавы для народа, тым самым павярнуўшы ўсю палітыку ўлады тварам да чалавека.

«Словам, рашэнні папярэдніх з’ездаў далі магчымасць Беларусі адбыцца як незалежнай дзяржаве, значна нарасціць эканамічны патэнцыял, забяспечыць прагрэсіўнае сацыяльнае развіццё, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - За кароткі гістарычны тэрмін мы прайшлі вялізны шлях. Адвялі краіну ад той прорвы, на краі якой яна апынулася ў пачатку 90-х, і наблізіліся да галоўнай мэты - высокага ўзроўню і якасці жыцця нашага народа».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяперашні з’езд - заключны акорд усенароднага агляду спраў у краіне і вызначэння перспектыў яе развіцця.


Беларусь павінна стаць па-сапраўднамумоцнай

Звяртаючыся да ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Вы - паўнамоцныя прадстаўнікі народа, выбраныя ад усіх рэгіёнаў Беларусі, усіх сацыяльных груп і большасці працоўных калектываў, грамадзянскай супольнасці і галін улады.

Вы ведаеце ўсё - ад макраэканомікі да праблем канкрэтнага чалавека. Вы прывезлі на з’езд наказы і клопаты людзей, якія вас выбралі, уключаючы прапановы ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе, якая была вынесена на ўсенароднае абмеркаванне».

Зыходзячы з гэтага, Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што на сходзе будуць прыняты ўсебакова вывераныя, узважаныя рашэнні, што ідуць ад жыцця, якія правільна вызначаць далейшую стратэгію краіны.


Дырэктыва № 4 будзе прынята да канца года

Дырэктыва накіравана на стымуляванне ініцыятывы і сацыяльнай адказнасці суб’ектаў гаспадарання, ухіленне лішніх бар’ераў. «Сутнасць нашай стратэгіі лібералізацыі простая: канкурэнцыя - усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне - там, дзе неабходна», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, фарміравання інвестыцыйнага клімату з’яўляецца адным з важных фактараў росту эканомікі краіны.

У выніку мэтанакіраванай работы па спрашчэнню ўмоў вядзення бізнесу і павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці эканомікі Беларусь за два апошнія гады значна ўзнялася ў рэйтынгу Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу» - са 115-га месца ў 2008 годзе да 68-га - у 2010 годзе. Напрыклад, Расія займае ў гэтым рэйтынгу 123-е месца, Украіна - 145-е.

Беларусь увайшла ў пяцёрку краін - сусветных лідараў па колькасці праведзеных рэформ у сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і іх эфектыўнасці.

У перспектыве Беларусь павінна быць сярод трыццаці краін з найбольш спрыяльным бізнес-кліматам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Крызісаў у Беларусі не будзе

«Хачу з гэтай трыбуны запэўніць усіх грамадзян Беларусі: крызісаў не будзе. Крызіс у галовах тых, хто свядома разгойдвае сітуацыю і прыдумвае розныя страшылкі», - сказаў ён. «На жаль, нас пастаянна «прашчупваюць» на трываласць. Падкідваюць спекуляцыі і адкрытую ману аб фінансавай сітуацыі ў краіне. Задам простае пытанне: як краіна, якая ўсю пяцігодку паслядоўна прыбаўляла ў эканамічным развіцці, можа аказацца неплацежаздольнай? І наўрад ці ўкладвалі б у нашу краіну шматмільённыя інвестыцыі кітайскія, еўрапейскія і іншыя кампаніі, калі б Беларусь была ненадзейным фінансавым партнёрам», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяперашні патэнцыял банкаўскай сістэмы Беларусі дае магчымасць ставіць маштабныя задачы. Толькі за апошнія 15 гадоў яе актывы ў рэальным грашовым выражэнні выраслі амаль у 10 разоў.

«Знешні доўг, якім нашы нядобразычліўцы спрабуюць пужаць беларускі народ, у нас адзін з самых нізкіх сярод усіх развітых дзяржаў свету», - падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мы выконвалі і будзем выконваць свае абавязацельствы. Дзяржава гарантавала захаванасць усіх укладаў у банках і ў далейшым будзе цалкам садзейнічаць умацаванню даверу да нацыянальнай банкаўскай сістэмы», - дадаў беларускі лідар.


Увайсці ў лік 50 краін з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу

Наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі. «Стратэгічная мэта - увайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу», - сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы пры гэтым, што высокі жыццёвы ўзровень беларускіх грамадзян - не проста мэта, гэта сэнс праводзімай дзяржаўнай палітыкі.

Узровень і якасць жыцця чалавека, паводле яго слоў, вызначаюць пяць важнейшых складальнікаў: паўнацэнная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. Менавіта праз іх праламленне варта разглядаць усю праграму на чарговую пяцігодку, сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Увесці іпатэку ў першым паўгоддзі 2011 года

«Трэба аператыўна дапрацаваць сістэму іпатэчнага крэдытавання, якая дае магчымасць задзейнічаць у жыллёвым будаўніцтве фінансавыя сродкі прыватных інвестараў, - сказаў беларускі лідар. - Трэба стварыць прывабныя ўмовы, каб стымуляваць грамадзян шырэй выкарыстоўваць гэты прагрэсіўны фінансавы інструмент».

Пры гэтым павінны быць улічаны ўсе памылкі замежнага вопыту, прадугледжаны рычагі бяспекі як для банкаў, так і для забудоўшчыкаў, падкрэсліў Прэзідэнт.


Беларусь захавала ўстойлівае развіццё

У Беларусі дзякуючы ўласнай мадэлі развіцця ўдалося прадухіліць наступствы крызісу, якія давялося зведаць большасці краін свету. «Наш сацыяльна-палітычны курс не на словах, а на справе даказаў сваю эфектыўнасць», - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў беларускага лідара, за мінулыя пяць гадоў краіна зрабіла каласальны рывок у сацыяльна-эканамічным развіцці. Нягледзячы на цяжкасці, усе абяцанні, дадзеныя народу на ІІІ Усебеларускім сходзе, былі выкананы.

«Ніхто не будзе за нас вырашаць нашы праблемы і задачы - ні Масква, ні Вашынгтон, ні Брусель! Мы павінны рашуча пазбавіцца ад непаўнацэннай лакейскай псіхалогіі залежнасці ад некага больш моцнага і недаацэнкі ўласных магчымасцей, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Толькі ад нас залежыць сучаснае і будучае Беларусі».



Дапамога па догляду дзіцяці павінна быць роўная сярэдняй зарплаце маці да дэкрэта

Добрым стымулам павелічэння нараджальнасці будзе павышэнне дапамогі па догляду дзіцяці. Цяпер яна выведзена на ўзровень бюджэту пражытачнага мінімуму. Але гэтага ўжо недастаткова. Прывязка павінна быць да сярэдняй зарплаты маці да дэкрэтнага водпуску», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Тое ж самае датычыцца аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці. Сёння яе памеры складаюць $450, другога і наступнага - $650. «Гэтыя выплаты неабходна падвоіць», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што паўнацэнная сям’я - гэта сям’я, у якой нараджаюцца і растуць дзеці. «Беларускіх грамадзян павінна станавіцца больш. Для Беларусі мінімальна неабходная колькасць - 20 млн. чалавек, а аптымальная - 30 млн.», - перакананы ён.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што меры дзяржаўнай падтрымкі будуць садзейнічаць росту нараджальнасці ў краіне. У будучай пяцігодцы, паводле яго слоў, «трэба на поўную магутнасць уключыць сацыяльны пакет і эканамічныя стымулы для сем’яў з трыма і больш дзецьмі».

На гэтыя мэты накіравана і жыллёвая праграма. «Ёсць трое дзяцей - сям’я пры будаўніцтве аплачвае не больш за чвэрць кошту кватэры або жылога дома. Калі ў сям’і чацвёра-пяцёра дзяцей - гарантавана бясплатная кватэра», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы яшчэ падумаем аб дадатковых ільготах для шматдзетных сем’яў. Трэба зрабіць усё, каб прэстыжна было мець дзяцей», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Беларусь уклала ў эканоміку ў бягучай пяцігодцы 72 мільярды долараў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія паўтара дзесяцігоддзі краіна даказала сваю палітычную і эканамічную самастойнасць. Пацвярджэнне таго - пастаянны эканамічны рост, абнаўленне асноўных вытворчых фондаў, павышэнне дабрабыту народа. Сярэднегадавы тэмп эканамічнага развіцця Беларусі ў мінулай пяцігодцы склаў каля 8 працэнтаў. Вышэйшы ён толькі ў 12 краін свету.

«За бягучую пяцігодку ў эканоміку будзе ўкладзена $72 млрд. у параўнанні з $20 млрд. у мінулай, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У гэтым адна з характэрных рыс беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі: усё, што зарабілі, накіравалі на развіццё, уклалі ва ўласную эканоміку, а не вывезлі за мяжу, не расцягнулі ў выглядзе дывідэндаў».

За пяць гадоў у Беларусі створана 185 новых прадпрыемстваў, больш як 320 кардынальна мадэрнізаваны. У цэлым краіна выйшла на аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш $25 млрд. у год. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш як у 4 разы. Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматразова, увесь мадэльны рад. Гэта вялікая праца інжынераў, канструктараў, вучоных, рабочых і служачых.


Здаровы лад жыцця – адзін з галоўных фактараў выхавання падрастаючага пакалення

Гэта залог таго, што дзеці не будуць аддадзены вуліцы, не стануць хваравітымі і кволымі, а вырастуць моцнымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Калі вы сапраўды любіце сваіх дзяцей, то з маленства вядзіце іх у басейн, на лёд, на футбольнае поле, у спартзалу, проста на прыроду. Няхай займаюцца спортам», - звярнуўся Прэзідэнт да бацькоў. Бо менавіта дзеля гэтага, паводле яго слоў, дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў паўсюднае будаўніцтва разнастайных спартыўных аб’ектаў, робіць іх даступнымі для людзей усіх узростаў.

«Спартыўныя збудаванні павінны стаць масавымі. Тады будзе і вялікі спорт, і здароўе, і настрой людзей», - перакананы Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у мікрараёнах жылой забудовы неабходна пашыраць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў з максімальным наборам фізкультурна-спартыўных паслуг.


Ахова здароўя – дзяржаўны прыярытэт

У Беларусі вызначаны ўсе накірункі развіцця галіны і ўжо праведзены неабходныя рэформы. Сёння на тысячу насельніцтва ў рэспубліцы прыходзіцца больш за пяць ўрачоў. Гэта больш, чым у такіх вядучых краінах Еўропы, як Францыя, Германія, Аўстрыя, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, па яго словах, не ўсе пастаўленыя мэты дасягнуты. “Медыцынская дапамога павінна быць аператыўнай, якаснай і даступнай незалежна ад таго, жыве чалавек у горадзе ці ў вёсцы”, – перакананы кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, у бліжэйшыя два гады запланавана завяршыць аснашчэнне ўсіх лячэбных устаноў краіны – без неапраўданых празмернасцяў, але сучасным абсталяваннем. Пытанне аб поўным укамплектаванні паліклінік і бальніц неабходнымі спецыялістамі павінна быць вырашана канчаткова.


Бескампрамісная барацьба з карупцыяй будзе весціся нягледзячы на асобы і званні

Фармалізм і бяздушнасць у адносінах да простага чалавека будуць і ў далейшым вельмі жорстка выкараняцца. Камфортнасць жыцця не будзе дасягнута без глыбіннай дэбюракратызацыі і выкаранення карупцыі.

Нягледзячы на ўкаранёны прынцып аднаго акна, яшчэ не зжыты выпадкі, калі чалавек, прыходзячы ў дзяржструктуру, адчувае сябе прасіцелем. Людзі вымушаны звяртацца да Прэзідэнта з самымі элементарнымі просьбамі - урэгуляваць бытавую зямельную спрэчку, дапамагчы ўбраць прысядзібны ўчастак, пусціць аўтобусны маршрут і гэтак далей.

«Мяне тут больш за ўсё хвалюе тое, што чалавек не можа вырашыць на мясцовым узроўні нават такія дробязныя пытанні, якіх і ўзнікаць не павінна, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Работа з людзьмі, уважлівае стаўленне да іх патрэб нават больш важныя, чым выкананне эканамічных паказчыкаў. Не павінна быць сітуацый, калі на месцах гадамі не вырашаюцца элементарныя пытанні. Чакаюць указанняў зверху і толькі тады пачынаюць варушыцца. Валакіта будзе каштаваць нядбайным работнікам іх пасад».

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: дэбюракратызацыя - не разавая кампанія. Яна ажыццяўляецца на сістэмнай аснове і знаходзіцца пад пастаянным кантролем. Кожнаму факту злоўжывання службовым становішчам, праяўленню карупцыі будзе давацца самая прынцыповая ацэнка. Бескампрамісная барацьба з гэтым злом будзе весціся паўсюдна, нягледзячы на асобы і званні, запэўніў кіраўнік дзяржавы.


У Беларусі не маюць намеру павялічваць пенсійны ўзрост

Што датычыцца размоў аб пераходзе на альтэрнатыўныя сістэмы накаплення пенсій, то за гэтым часта тояцца спробы ўвесці людзей у зман. «Яшчэ свежыя ўспаміны аб тых пенсійных фондах на зары 90-х, якія ператварыліся ў фінансавыя піраміды і абагацілі іх стваральнікаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Да гэтай тэмы трэба падыходзіць вельмі асцярожна і ўзважана, каб не дапусціць падману нашых грамадзян».

Дзяржава выканала сваё абяцанне, забяспечыўшы рост пенсій у сярэднім у паўтара раза. Удзельная вага тых, хто атрымлівае пенсію, ніжэйшую за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера, за пяцігодку скарацілася больш як у чатыры разы і цяпер складае менш за 3 працэнты.

У наступныя пяць гадоў, запэўніў Прэзідэнт, мінімальная пенсія будзе жорстка прывязана да пражытачнага мінімуму пенсіянера і расці такімі ж тэмпамі, як і зарплата.


Беларусь вытрымала цэнавыя шокі

«Мы не толькі поўнасцю забяспечылі ўнутраныя патрэбнасці ў цяпле, электраэнергіі, паліве, але і пастараліся максімальна змякчыць наступствы для нашых людзей», - адзначыў Прэзідэнт. У гэтым годзе насельніцтва аплачвала газ і электраэнергію ўсяго толькі на 40 працэнтаў, астатняе кампенсаваў дзяржаўны бюджэт. «За гэтыя пяць гадоў мы многае зведалі і пераадолелі, многаму навучыліся. Нам удалося мінімізаваць эканамічныя пагрозы і ўтаймаваць інфляцыю», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Стабільнасць эканомікі Беларусі адчувальна вырасла, таму можна з поўнай падставай  сцвярджаць, што створаны надзейны плацдарм для паскоранага развіцця эканомікі ў чарговай пяцігодцы.


Сярэдні клас грамадства ў Беларусі ўжо сфарміраваны

Сёння тых, хто лічыць сябе чалавекам з сярэднім дастаткам, - амаль дзве трэці, у той час як пяцігодку таму такіх было напалову менш. І гэта пры тым, што эканамічны крызіс яшчэ толькі заканчваецца. «Людзей, якія дастаткова зарабляюць на сябе і свае сем’і, ды яшчэ ствараюць рабочыя месцы, павінна быць як мага больш. І чым хутчэй, тым лепш», - лічыць Прэзідэнт.

Ёсць і багатыя людзі. Але пры гэтым вельмі важна, што няма моцнага сацыяльнага расслаення. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найменшай сацыяльнай няроўнасцю. Розніца ў даходах у Беларусі за апошнія гады складае прыблізна 5 разоў (прыкладна як у Германіі, Аўстрыі і Швецыі). У Расіі яна - амаль 20 разоў.

«На еўрапейскі ўзровень мы будзем арыентавацца і ў будучым, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта зусім не азначае, што будуць стрымлівацца высокія даходы. Наадварот, дзяржаўная палітыка нацэлена на тое, каб заможных людзей станавілася больш. Але пры гэтым каб прапарцыянальна падцягваліся і астатнія слаі грамадства».


Беларусь да 2016 года па долі ВУП на душу насельніцтва павінна выйсці на сярэднееўрапейскі паказчык

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў асноўных палажэннях праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў. «Рост валавога ўнутранага прадукту за пяцігодку павінен скласці 162-168 працэнтаў, гэта значыць па долі ВУП на душу насельніцтва да 2016 года мы павінны выйсці фактычна на сярэднееўрапейскія паказчыкі», - падкрэсліў ён. Гэта максімальныя тэмпы росту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пры гэтым забяспечваць іх давядзецца адносна ўжо дасягнутай даволі высокай базы, дадаў Прэзідэнт.

У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Аляксандр Лукашэнка назваў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, лекавую бяспеку, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту. «Для Беларусі энергабяспека - паняцце не статыстычнае, а стратэгічнае, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Гэта пытанне нашай незалежнасці як дзяржавы і гарантыя стабільнасці нашай эканомікі». Паводле яго слоў, работа ўрада павінна быць накіравана на тое, каб да 2015 года забяспечыць атрыманне больш як 30 працэнтаў першаснай энергіі з уласных крыніц, а астатнія 70 працэнтаў дыверсіфікаваць як па пастаўшчыках, так і па відах.

Пры гэтым нельга забываць і аб энергазберажэнні, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «За пяць гадоў энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ўжо скарочана на чвэрць. Гэтага катэгарычна недастаткова, - падкрэсліў ён. - У наступнай пяцігодцы па энергаэфектыўнасці эканомікі мы павінны ўвайсці ў клуб еўрапейскіх краін».


Усе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць задаволены

Паводле слоў беларускага лідара, «ніякія мільёны квадратных метраў паўнацэнна не вырашаць праблему, калі не будзе забяспечана якасць жыллёвага будаўніцтва».

Калі ў далейшым будуць паступаць такія скаргі, усе члены камісіі, якая прымала дом у эксплуатацыю, павінны прыцягвацца да строгай адказнасці, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, трэба ў цэлым змяніць падыходы да жыллёвага будаўніцтва. «Ужо недастаткова толькі ўзводзіць жылыя дамы. Будаваць трэба комплексы - каб чалавек, засяліўшыся ў кватэру, не ездзіў за край свету ў магазін, дзіцячы сад або школу, - сказаў ён.

У рэспубліцы да 2015 года павінна быць уведзена 42 млн. кв.м жылля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы, сказаў Прэзідэнт. На працягу некалькіх гадоў па колькасці пабудаваных кватэр на 10 тыс. насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і ўваходзіць у групу дзяржаў свету з высокімі паказчыкамі.

Запланаванае павелічэнне рэальных грашовых даходаў павінна да 2016 года зрабіць для асноўнай масы насельніцтва даступным будаўніцтва жылля за кошт уласных і пазыковых сродкаў.


У Беларусі створаны ўсе ўмовы для забеспячэння поўнай занятасці

Узровень беспрацоўя ў Беларусі складае менш як 1 працэнт - гэта значна ніжэй, чым у многіх развітых краінах свету. Для параўнання: у Германіі гэты паказчык складае 7,5 працэнта, у Вялікабрытаніі - больш за 5 працэнтаў, у Японіі - 4 працэнты, у ЗША даходзіць да 10 працэнтаў, а ў Іспаніі - больш як 20 працэнтаў.

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб была забяспечана поўная занятасць. Сёння дастаткова прапаноў па працаўладкаванню. Усё астатняе залежыць ад жадання і патэнцыялу самога чалавека. І ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці ў будучай пяцігодцы ўсе пытанні па заработнай плаце будуць зняты. «Не таму, што мы вам дадзім, - мы дапаможам вам зарабіць. І мы ведаем, як гэта рабіць. Мы павінны стварыць умовы для людзей, каб яны самі зарабілі. І нашы людзі могуць зарабіць», - перакананы кіраўнік дзяржавы.


Пытанню якасці адукацыі неабходна ўдзяліць сур’ёзную ўвагу

Прэзідэнт перакананы, што ў Беларусі неабходна мяняць структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, арыентуючыся на запыты і патрэбы нашай эканомікі. Рыхтаваць у першую чаргу праграмістаў, інжынерна-тэхнічных і іншых запатрабаваных на рынку працы работнікаў.

Нагадаем, што адукацыя - трэці складальнік, які вызначае якасць жыцця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па гэтаму паказчыку Беларусь займае 23-ю пазіцыю ў індэксе сусветнага рэйтынгу дабрабыту насельніцтва. «Гэта вельмі высокі паказчык», - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у нашай краіне ўжо даўно ўсе дзеці атрымліваюць сярэднюю адукацыю. Прадастаўлены самыя шырокія магчымасці для атрымання вышэйшай адукацыі. «Бадай, ніколі за ўсю сучасную гісторыю ў Беларусі не было такой вялікай колькасці людзей, якія навучаюцца ў ВНУ, і якія маюць вышэйшую адукацыю», - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым важнейшым поспехам рэспублікі ў гэтай сферы ён назваў той факт, што ў Беларусі атрымалася забяспечыць роўнадаступнасць вышэйшай адукацыі і справядлівасць пры паступленні для ўсіх абітурыентаў - і гарадскіх, і сельскіх.

Таксама да поспехаў сферы адукацыі рэспублікі ён аднёс развіццё сярэдняй прафесійнай адукацыі. «У адрозненне ад іншых постсавецкіх краін нам удалося не толькі захаваць сярэднюю прафесійную адукацыю, але і ўзняць яе на якасна новы ўзровень. Такая воля часу. Сучасны рабочы - не проста рабочы, гэта па сутнасці інжынер», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, больш увагі плануецца ўдзяляць далейшаму ўзмацненню матэрыяльнай падтрымкі навучэнцаў і студэнтаў, вырашэнню пытанняў забяспечанасці інтэрнатамі і паляпшэнню ўмоў пражывання ў іх, іншых надзённых праблем навучэнскай моладзі.


Памер заработнай платы да 2015 года павінен наблізіцца да 1 тысячы долараў

«Калі ў час крызісу ў багатых еўрапейскіх і іншых развітых краінах людзей тысячамі выкідвалі на вуліцу, я катэгарычна забараніў кіраўнікам прадпрыемстваў рабіць гэта ў нас, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я ўжо тады вам гаварыў: крызіс рана ці позна скончыцца, што і адбываецца цяпер. Попыт у тым ліку на нашу прадукцыю будзе расці. Але калі мы звольнім работнікаў, развалім працоўныя калектывы, хто потым будзе вырабляць гэту прадукцыю? Больш таго, страцім кваліфікаваную рабочую сілу. Ну, а галоўнае: куды ж пойдуць гэтыя людзі, нашы людзі?»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Калі ва ўмовах крызісу попыт на тавары падае, а пры неабходнай колькасці пяцьсот чалавек на вытворчасці мы трымаем тысячу, то і зарплата будзе ў два разы меншая. У нас было два варыянты: або мільёны людзей на вуліцу, або больш-менш прыстойная зарплата для гэтых мільёнаў. З двух ліхаў выбралі меншае. Тады мільёны людзей стаялі перад фактам страціць работу».

Аднак і ў гэтых умовах да канца 2010 года сярэдняя заработная плата дасягне $500 у цэлым па краіне. «Вядома, сярэдняя - не значыць ва ўсіх. Аднак рэальныя даходы на душу насельніцтва ў параўнанні з 2005 годам павысіліся амаль у 2 разы, значна выраслі даходы найменш забяспечаных грамадзян, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Фактычна за пяць гадоў па мінімальнаму ўзроўню аплаты працы мы ўзняліся да максімальных задач мінулай пяцігодкі».

Прэзідэнт прывёў даныя Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых міжнародных агенцтваў. Так, насельніцтва аплачвае менш як 30 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 працэнтаў кошту праезду ў грамадскім транспарце, толькі 10 працэнтаў затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садзе і толькі 0,5 працэнта расходаў на навучанне аднаго вучня ў школе. Астатняе кампенсуе дзяржава. Сюды ж трэба дадаць тыя вялікія сродкі, якія затрачвае дзяржава на медыцынскае абслугоўванне, адукацыю ў ВНУ, харчаванне ў школах, не гаворачы ўжо аб датацыях вёсцы на вытворчасць прадуктаў харчавання. І калі падсумаваць усё гэта, то ўзровень даходаў насельніцтва будзе цалкам супастаўны з еўрапейскім, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Доля высокарэнтабельнай прадукцыі ў будучай пяцігодцы павінна скласці не менш як 20 працэнтаў

«Паслядоўнае змяненне аблічча беларускай эканомікі будзе забяспечана праз мадэрнізацыю дзеючых вытворчасцей і стварэнне яе новых навукаёмістых сектараў і прадпрыемстваў, каб у новай пяцігодцы мы ўстойліва мелі ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці не менш як 20 працэнтаў інавацыйнай, высокарэнтабельнай прадукцыі», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У кожнай вобласці і Мінску павінна быць рэалізавана не менш як 25-30 знакавых дзяржаўных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў. Персанальная адказнасць за гэта ляжыць на губернатарах і галіновых міністрах, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Такія праекты дадуць новыя рабочыя месцы, сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці, а значыць, і высокую аплату працы, дадаў ён.

У той жа час, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі пакуль яшчэ не навучыліся па-гаспадарску ставіцца да мясцовых рэсурсаў. У якасці прыкладу ён прывёў гарбарную сыравіну. «Наша краіна з развітой жывёлагадоўляй у год вырабляе больш як мільён штук скур, аднак айчынныя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці закупляюць сыравіну за мяжой, а нашы рынкі забіты імпартнымі таварамі са скуры: кажухі, курткі, абутак - сцягнулі амаль з усяго свету на мільёны долараў, - абурыўся Прэзідэнт. - Чаму мы не развіваем у сябе вытворчасці на сваёй жа сыравіне, а экспартуем яе, каб потым у выглядзе гатовай прадукцыі імпартаваць?»


Фармацэўтычнай галіне Беларусі неабходны рэвалюцыйны прарыў

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фармацэўтычнай галіне Беларусі патрэбны сапраўдны рэвалюцыйны прарыў: новыя «разумныя» лякарствы, сучасныя заводы, прэпараты заўтрашняга дня. Для гэтага ў краіне ёсць навуковы і вытворчы задзел, перакананы кіраўнік дзяржавы. «Але справа не толькі ў «разумных» лякарствах, вы ж паглядзіце на цэны ў аптэках! Элементарны прэпарат каштуе пад Br50 тыс., а можа і больш, - адзначыў Прэзідэнт. - У краіну ўвозіцца лякарстваў на $400 млн. штогод. Гэту праблему трэба вырашаць уласнай вытворчасцю якасных і недарагіх прэпаратаў. У гэтым сектары патрэбны рашучыя меры».

Прэзідэнт дадаў, што за кошт якасці і эфектыўнасці доля айчынных прэпаратаў на ўнутраным рынку павінна перасягнуць 50 працэнтаў, у разы трэба павялічыць экспарт лекавай прадукцыі.

«Фармацэўтычная галіна стане адной з сістэмаўтваральных у Беларусі, - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Пытанне аб ільготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў неабходна прапрацаваць

Апошнім часам усё часцей узнімаецца пытанне аб ільготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. «Аб гэтым гаварылі давераныя асобы пасля сустрэч з насельніцтвам, з гэтым да мяне звярталіся і парламентарыі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Таму даручаю ўраду ў тыднёвы тэрмін прапрацаваць гэта пытанне, пралічыць і ўнесці канкрэтныя прапановы». Ён таксама перасцярог транспартнікаў ад неабгрунтаванага павышэння затрат на гэтыя мэты.

Па зразумелых прычынах цяпер, у ходзе выбараў, вакол тэмы льгот шмат спекуляцый. Абяцаюць усе, каму толькі хочацца, і ўсё што хочаце, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць, што сітуацыя, якая склалася ў краіне (і ў Расіі, і ва Украіне пасля распаду Савецкага Саюза) з ільготамі да іх упарадкавання, была анамальнай. Тры чвэрці насельніцтва карысталіся тымі або іншымі льготамі. Прычым больш як палавіна з іх не з-за сваёй хваробы або заслуг, а толькі таму, што яны члены сям’і льготніка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што захавана вялікая колькасць ільгот для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, інвалідаў, асоб, якія пацярпелі ад катастроф, і іншых катэгорый, якім сапраўды патрэбна сацыяльная абарона. Штогод устанаўліваецца для ўсіх пенсіянераў на дачны перыяд 50-працэнтная скідка на праезд у прыгарадным транспарце. Гэта практыка будзе прадоўжана, запэўніў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, кожны чалавек мае права разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу, калі аб’ектыўна мае ў ёй патрэбу. «Аднак шалёных ільгот не будзе, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Нельга пладзіць у грамадстве ўтрыманскія настроі».

Дзяржава прадоўжыць аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Але толькі там, дзе чалавек сам справіцца не можа.


Вырашыць праблему адмоўнага сальда знешняга гандлю

«У бліжэйшыя гады мы павінны выйсці на дадатнае сальда за кошт імпартазамяшчэння і павелічэння аб’ёмаў экспарту, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - За пяць гадоў аб’ём экспарту павялічыўся амаль у тры разы. Неабходна значна больш! Па сутнасці, кожную другую адзінку вырабленай прадукцыі трэба прадаць на знешнія рынкі. Вядома, гэта няпроста: рынкі ўжо даўно падзелены і нам даводзіцца канкурыраваць з сусветнымі лідарамі».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрад ужо ў бягучым годзе абяцаў забяспечыць збалансаванасць знешняга гандлю, але так і не змог сістэмна выбудаваць работу для рэалізацыі гэтай мэты.

Аналізуючы структуру імпартных закупак, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што халадзільнікаў і тэлевізараў у Беларусь увозіцца на $50 млн., сінтэтычных мыйных сродкаў - на $100 млн., абутку - больш як на $200 млн., а аўтамабіляў - на $1 млрд. «Усяго спажывецкіх тавараў - больш як на $4,5 млрд. за год, - адзначыў Прэзідэнт. - Шмат з таго, што сёння завозіцца з-за мяжы, мы можам вырабляць самі. Калі пастараемся, то не горш і нават лепш, чым імпартнае. Прытым значна танней для нашых людзей».

Для гэтага не абавязкова што-небудзь вынаходзіць самім. «Можна і трэба ісці па шляху стварэння прадпрыемстваў з удзелам вядомых замежных вытворцаў, якія выпускаюць тыя тавары, якія мы імпартуем, - сказаў беларускі лідар. - Трэба дабіцца таго, каб тавары, што вырабляюцца ў Беларусі, былі такой якасці, што будзе больш выгадна гандляваць імі, чым імпартам».


Беларусь бярэ пазыкі на набыццё новых тэхналогій

Беларусь бярэ пазыкі не на праяданне, а на тое, каб купіць новыя тэхналогіі і пабудаваць вытворчасці, якія будуць глядзець у новае стагоддзе.

Паводле слоў Прэзідэнта, свет развіваецца хутка, і таму краіне патрэбны новыя тэхналогіі, арыентаваныя ў новае стагоддзе. «І не трэба думаць, што мы ўсё самі вынайдзем», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Мы мадэрнізавалі прадпрыемствы, выкарыстоўваючы тэхналогіі і станкі заходніх краін, сусветных прадпрыемстваў. Прадаюць гэтыя станкі і тэхналогіі танней, чым было. А ў нас не хапае грошай, каб іх купіць. Вось таму я пазычаў, пазычаў і пазычаў. Прасіў грошай у Расіі, Кітая, але не на праяданне, а на тое, каб купіць новыя тэхналогіі і пабудаваць новыя вытворчасці, якія будуць глядзець у новае стагоддзе».


Беларусь абавязкова знойдзе альтэрнатыўных пастаўшчыкоў газу

«Калі мы едзем у Венесуэлу, гэта не таму, каб укалоць Расію. Калі пампуем нафту па нафтаправоду Адэса - Броды, гэта не таму, каб неяк яе ўнізіць. У нас выхаду іншага няма», - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што «мы б з задавальненнем па існуючых трубах пампавалі гэту нафту, разам з расіянамі перапрацоўвалі б і прадавалі». «Навошта гэты «Норд-стрым», калі мы пабудавалі побач газаправод Ямал - Еўропа і побач паклалі фундамент для другой ніткі», - сказаў ён.

«Не, праз Беларусь не будзем класці, ненадзейны партнёр. Давайце праз Балтыку, там больш надзейна. Ну што ж, гэта права тых, хто вырабляе гэты газ. Але мы таксама маем права шукаць альтэрнатыву, і мы яе знойдзем. Знайшлі па нафце, знойдзем і па прыроднаму газу», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы тэму беларуска-расійскіх адносін, Прэзідэнт прызнаўся, што пра іх «сорамна гаварыць», таму што расійскі лідар апошнім часам робіць выгляд, быццам не заўважае існавання Саюзнай дзяржавы. «Усё, на чым мы сёння «целяпаемся», інакш не скажаш, у Мытным саюзе, ужо даўно створана ў рамках Беларусі і Расіі», - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, усе напрацоўкі Саюзнай дзяржавы можна было б эфектыўна выкарыстоўваць у Мытным саюзе, але гэтага не адбываецца.


У Беларусі неабходна канчаткова ўдасканаліць кантрольную дзейнасць

«Прадпрыемствы не павінны задыхацца ад праверак, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Кантралюючым органам варта так перабудаваць сваю работу, каб не быць тормазам для дзелавой ініцыятывы - зразумела, той, якая ў рамках закона. Не скоўваць дзейнасць прадпрыемстваў, асабліва тых, хто спраўна выконвае свае падатковыя і іншыя абавязацельствы і функцыянуе прыбыткова».

«Я пакуль не гатовы канкрэтна сказаць, што будзе зроблена ў бліжэйшыя год-два па кантрольнай дзейнасці, але я гарантую вам кардынальныя змены», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў кантрольных органаў Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Ісці з праверкамі трэба толькі туды, дзе ты ўпэўнены, што там у цябе ёсць работа, а не прыходзіць і шукаць яе».

«Трэба прынцыпова паглядзець на сістэму кантролю. Рашэнне мы прымем у пачатку наступнага года», - сказаў кіраўнік дзяржавы.


Партыі павінны аб’ядноўваць грамадства, а не працаваць на раскол

Прэзідэнт адзначыў, што не збіраецца ўступаць у якую-небудзь партыю. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніколі не выступаў супраць партый, плюралізму меркаванняў, па-добраму дзяржаўнай дыскусіі, што датычацца развіцця Беларусі. Кіраўнік дзяржавы выступае менавіта супраць стварэння партый зверху. Аляксандр Лукашэнка гатовы падтрымліваць партыйнае будаўніцтва, калі партыя будзе канструктыўна настроена на супрацоўніцтва, любіць свой народ і берагчы сваю краіну. Магутныя, дзяржаўна настроеныя палітычныя партыі, на думку Прэзідэнта, не перашкода, а апора дзяржаўнага ладу.

Беларуская нацыя традыцыйна лічыцца бесканфліктнай. Талерантнасць - яе найвышэйшы  здабытак. У Беларусі няма разладу на культурнай, этнічнай ці рэлігійнай глебе. Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава яго ніколі не дапусціць, якія б правакацыі не рабіліся збоку. «Усе, хто жыве на нашай зямлі - беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, людзі іншых нацыянальнасцей, - гэта нашы людзі», - сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што ў Беларусі нікому не забараняюць будаваць як цэрквы і касцёлы, так і іншыя культавыя будынкі. Беларусь - міралюбная дзяржава, і гэта закладзена ў менталітэце нацыі і Канстытуцыі, дадаў Прэзідэнт.


Рашучыя меры па навядзенню парадку ў праваахоўнай сістэме будуць прыняты ў 2011 годзе

«Перадвыбарная кампанія і сустрэчы з людзьмі паказалі незадаволенасць з боку грамадзян, што мяне здзівіла, дзейнасцю судоў і праваахоўных органаў у цэлым», - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што гэта другая пасля жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэзанансная праблема, прынамсі, для Мінска.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запэўніў, што не будзе ніякай люстрацыі і разгону спецслужбаў: «Мінулі тыя часы, калі людзей пужалі тройкамі і турмамі». Прэзідэнт адзначыў, што ў органах унутраных спраў сапраўды ёсць нявырашаныя пытанні, але ў той жа час дзеці ў беларускай сталіцы, у адрозненне ад Масквы, могуць гуляць да позняга вечара. Гэтага ўдалося дабіцца ў тым ліку і намаганнямі МУС.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што агульны для Беларусі прыярытэт - забеспячэнне міру, спакою і бяспекі, надзейная абарона грамадзян ад злачынных замахаў і пагроз іх жыццю і дабрабыту. Паводле слоў Прэзідэнта, сёння краіна можа надзейна процістаяць знешнім і ўнутраным пагрозам і поўнасцю забяспечвае сваю бяспеку, аддаючы прыярытэт неваенным сродкам. Прынятая нядаўна новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі дакладна вызначыла арыенціры і задачы ў гэтай галіне.


У аўторак на форуме з дакладамі выступілі ўдзельнікі сходу. Затым былі падведзены вынікі IV Усебеларускага народнага сходу, прынята рэзалюцыя.

Па матэрыялах БелТА.