Мясцовае самакіраванне ў дзеянні

16:30 / 19.07.2010
12034

На мінулым тыдні адбыўся чарговы дзень інфармавання насельніцтва па тэме “Удасканаленне работы мясцовых Саветаў з насельніцтвам”.


Асноўным звяном сістэмы мясцовага самакіравання Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Саветы дэпутатаў. Яны выбіраюцца грамадзянамі і з’яўляюцца прадстаўнічымі дзяржаўнымі органамі на адпаведных адміністрацыйных тэрыторыях. Мясцовыя Саветы ў сваёй дзейнасці кіруюцца найперш інтарэсамі грамадзян, улічваючы пры гэтым і агульнадзяржаўныя.
Зараз паспяхова працуюць выбраныя дэпутаты мясцовых Саветаў 26-га склікання. Усяго ў нашым раёне выбрана 136 дэпутатаў розных узроўняў: 1 – абласнога, 25 – раённага, 110 – мясцовых. Сярод народных абраннікаў 46,3 працэнта складаюць жанчыны, 33,1 працэнта – людзі ва ўзросце да 30 гадоў. Амаль палавіна – 48,5 працэнта – з’яўляліся дэпутатамі папярэдніх скліканняў.
Па роду працоўнай дзейнасці сярод дэпутатаў 32,4 працэнта складаюць працаўнікі сельскай гаспадаркі, 14,7 працэнта – прамысловасці, гандлю, транспарту, будаўніцтва, столькі ж – адукацыі, 12,5 – аховы здароўя і сацыяльнай абароны, 13,2 – супрацоўнікі дзяржаўных органаў, 5,1 – ваеннаслужачыя і работнікі праваахоўных органаў, 7,4 працэнта – прадстаўнікі іншых сфераў дзейнасці.
У дзень інфармавання наш раён наведала інфармацыйна-прапагандысцкая група Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ў складзе намесніка яго старшыні І.Г. Жука, старшыні абласнога аб’яднання прафсюзаў І.І. Гайдукевіча і пабывала ў аграгарадку Гервяты. У сустрэчы з яго жыхарамі прынялі ўдзел таксама намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла і старшыня Гервяцкага сельвыканкама М.У. Шульгін. Прысутных найбольш цікавіла, ці будзе прадоўжана газіфікацыя вёскі. Гэтае пытанне аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама пераадрасаваў кіраўніцтву вытворчага ўпраўлення “Астравецрайгаз”.
У працоўных калектывах дзень інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце.
Аддзел ідэалагічнай работы атрымаў адказы на пытанні, зададзеныя грамадзянамі падчас мінулых дзён інфармавання. Як паведаміў выконваючы абавязкі начальніка ДРБУ-59 У.К. Мельнікаў. Пад уздзеяннем змены тэмператур адбылося разбурэнне асфальтабетоннага пакрыцця ўчастка дарогі Міхалішкі-Завідзіненты. Па меры неабходнасці праводзіцца ямачны рамонт гэтай дарогі. Пры дастатковым фінансаванні аўтадарога будзе ўключана ў план капітальнага рамонту на 2011 год. Што тычыцца асфальтавання дарогі, якая вядзе да Гудагайскай сярэдняй школы, то яна належыць Ашмянскаму ДЭУ-57 і ім павінна абслугоўвацца і рамантавацца, патлумачыў У.К. Мельнікаў. Але гэтае пытанне застаецца на кантролі райвыканкама і дэпутата абласнога Савета дэпутатаў па выбарчай акрузе №47.


Наступны дзень інфармавання адбудзецца 19 жніўня, тэма яго – “Аб ролі сродкаў масавай інфармацыі ў адлюстраванні праблем, якія хвалююць насельніцтва”.
Свае пытанні і прапановы можна накіраваць у аддзел ідэалагічнай работы па тэлефонах 2-15-79, 2-07-59.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений