Абслугоўваць прыгожа і якасна – асноўная задача гандлю і культуры

14:46 / 07.07.2010
11040

30 чэрвеня адбылася чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. На яе, акрамя дэпутатаў раённага Савета, былі запрошаны члены райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў і кіраўнікі прадпрыемстваў Астравецкага раёна. У рабоце сесіі прыняў удзел і старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Пасяджэнне адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, які прапанаваў зацвердзіць парадак работы і рэгламент выступленняў.
Па першаму пытанню “Аб стане і мерах па далейшаму паляпшэнню гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і павышэння культуры абслугоўвання жыхароў Астравецкага раёна” выступіў намеснік старшыні У.С. Ластоўскі. Ён расказаў пра работу, якая праводзіцца па забеспячэнню насельніцтва неабходнымі таварамі, і спыніўся на выніках, якіх гандаль дасягнуў на сённяшні дзень.
Усяго ў сістэме гандлю працуе 195 магазінаў, з іх 38 прадуктовых, 63 непрадуктовыя і 81 – змешаных тавараў, адкрыты і абслугоўваюць насельніцтва 32 аб’екты грамадскага харчавання і 1 рынак. Аддаленыя і малазаселеныя вёскі, а такіх у нашым раёне 151, абслугоўваюць дзевяць аўтамагазінаў, пяць з іх належыць райспажыўтаварыству.
Уладзіслаў Станіслававіч паведаміў, што за пяць месяцаў тавараабарот склаў 62 мільярды рублёў. Тэмп росту – 153,9, што складае 114%. Па тавараабароту Астравецкае райспажыўтаварыства займае трэцяе месца ў вобласці пасля Ашмянскага і Лідскага. Непрадуктовых тавараў прадаецца больш, чым прадуктовых, гэта звязана з тым, што павялічылася ўдзельная вага гаруча-змазачных матэрыялаў.
З кожным годам адкрываецца ўсё больш новых магазінаў. Некаторыя з існуючых набываюць сучасны від дзякуючы рэканструкцыі.
Вялікая ўвага надаецца ўстаноўцы плацёжных тэрміналаў – 27 ужо ўстаноўлена і яшчэ запланавана размясціць 15, з іх 12 – на сяле. Арганізоўваецца летні гандаль, продаж тавараў у крэдыт, праводзяцца кірмашы і выставы-продажы, арганізуецца выязны гандаль. У сістэме райспажыўтаварыства дзейнічаюць 22 фірменныя секцыі.
Уладзіслаў Станіслававіч падкрэсліў, што ў цэлым адзначаецца станоўчая дынаміка рэалізацыі тавараў насельніцтву. У параўнанні з мінулым годам за пяць месяцаў сёлетняга больш прададзена каўбасных вырабаў, мяса, рыбы, масла і алею.
Адным з асноўных накірункаў дзейнасці райспажыўтаварыства з’яўляецца закуп у насельніцтва грыбоў, ягад і іншай сыравіны – усяго 20 відаў прадукцыі, гэта, дарэчы, з’яўляецца добрым падспор’ем для сямейнага бюджэту і папаўненнем даходаў насельніцтва. Інфармацыя аб гэтым размешчана ва ўсіх пунктах гандлю.
Але разам з усімі станоўчымі момантамі ёсць і праблемы. У.С. Ластоўскі падкрэсліў, што недастаткова ўвагі ўдзяляецца забеспячэнню якаснай работы рынка, аўтамагазіны не абсталяваны халадзільнікамі, у магазінах няма акварыумаў для продажу свежай рыбы. У некаторых населеных пунктах мае месца стыхійны гандаль. Некаторыя прыватныя прадпрымальнікі не захоўваюць рэжым рабочага часу. У многіх аграгарадках няма аб’ектаў грамадскага харчавання.
У канцы выступлення У.С. Ластоўскі зазначыў, што работа гандлёвых аб’ектаў знаходзіцца на пастаянным кантролі, прымаюцца меры рэагавання, у райвыканкаме працуе гарачая лінія, кожны жадаючы можа выказаць свае пажаданні і заўвагі па правілах гандлю.
Пры абмеркаванні галоўнага даклада выступіла дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Варонскай выбарчай акрузе №16, старшыня праўлення райспажыўтаварыства М.Р. Блашкевіч. Яна адзначыла, што ўсе прагнозныя паказчыкі арганізацыяй выконваюцца, але разам з гэтым існуюць і цяжкасці, з якімі прыходзіцца сутыкацца. Арганізацыя не стаіць на месцы – заказаны халадзільнае абсталяванне і новыя аўтамагазіны. Другая праблема – грошы, трэба ведаць куда вкладывать деньги сейчас. Прамысловы рынак адпавядае стандартам, з прадуктовым – ёсць праблемы. Але кіраўніцтва райспажыўтаварыства ў хуткім часе плануе іх вырашыць. На жаль, ёсць праблемы і з кадрамі – цяжка знайсці прадаўцоў для работы ў невялікіх вёсках і ў кругласутачны магазін. Але ў любым выпадку старшыня праўлення М.Р. Блашкевіч паабяцала выправіць усе недахопы.
Дэпутат па Валадарскай акрузе №3, начальнік РВПС І.Э. Тальчук заклікала ўсіх кіраўнікоў працаваць разам, дзяліцца новымі ідэямі і дапамагаць адзін аднаму ў гандлі таварамі, якія вырабляюцца ў нашай мясцовасці.
На пасяджэнні сесіі выступіў таксама А.А. Мароз, дэпутат па Гудагайскай выбарчай акрузе №9, начальнік падатковай інспекцыі, ён прааналізаваў выплату падаткаў за 2008-2010 гады і звярнуў увагу на парушэнні правілаў гандлю. Калі ў 2009 годзе было выяўлена 17 парушэнняў, калі прадаўцы не выдавалі пакупнікам чэкі, то ў гэтым ужо 10. А між тым штраф за такое парушэнне налічваецца ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.
Менеджэр па гандлі СВК “Варняны” Т.Э. Лісоўская расказала пра сетку гандлёвых кропак, якія працуюць у кааператыве, і асноўная задача якіх – рэалізацыя прадукцыі сельгаскааператыва.
Старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька падвёў вынікі работы гандлёвай сеткі нашага раёна і прапанаваў уключыць у рашэнне сесіі пункты, якія патрабуюць абавязковага вырашэння.
Наступнае пытанне прысвячалася ходу выканання праграмы развіцця і захавання культуры на 2008-2010 гады. Даклад па гэтаму пытанню прадставіў В.З. Свіла. Ён зазначыў, што праграма была прынята ў кастрычніку 2008 года і ў чэрвені 2009 ход яе выканання разглядаўся на раённай сесіі. Праграма выконваецца, усе заўвагі, якія былі агучаны ў мінулым годзе, былі ўнесены ў планы работы арганізацый культуры.
Віктар Збігневіч падкрэсліў, што культура ў нашым раёне развіваецца. Але ўсё ж для яе добрага развіцця неабходна вырашыць дзве праблемы. Першая датычыцца прафесійных адукаваных кадраў – і тут назіраецца станоўчая дынаміка. Другая праблема – грошы. З гэтым больш складана. У мінулым годзе арганізацыі нашага раёна выканалі даведзеныя ім паказчыкі па пазабюджэтнай дзейнасці. Лепш за Астравец ў гэтым накірунку спрацавала толькі Гродна. А сёлета сітуацыя складваецца не так добра – на 1 чэрвеня пазабюджэтная дзейнасць выканана толькі на 92%, платных паслуг аказана на 88% у супастаўных цэнах з ўзроўнем мінулага года. Разам з тым перад аддзелам культуры стаіць шмат задач. Гэта і павышэнне заработнай платы, стварэнне музея ў Баранях і адкрыццё раённага музея.
На сесіі таксама разглядаліся пытанні аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя рашэнні.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях сесія раённага Савета дэпутатаў прыняла адпаведныя рашэнні.


Алена ЯРАШЭВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений