Тыдзень postfactum: пра мінскія «катлеты» і еўрапейскіх «мух»

14:19 / 23.08.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Лонданскія маладзёжныя пратэсты, якія затым перараслі ў беспарадкі, на мінулым тыдні атрымалі працяг у Гамбургу.
Традыцыйнае свята да пары, да часу працякала мірна, але завяршылася барыкадамі, пагромамі, разбітымі вітрынамі і спаленымі аўтамабілямі. Паліцыя для навядзення парадку выкарыстала бронетэхніку і спецыяльныя сродкі.
Нямецкія ўлады не робяць глыбокіх высноў і не шукаюць важкіх прычын. Маўляў, усё проста: моладзь выпіла лішку – вось і вынік. Між іншым, фотаздымак з месца падзей, на якім чыёйсці рукой выведзена на сцяне “Лондан – паўсюль!” – вельмі красамоўны.
Карыстальнікі беларускага інтэрнэт-партала tut.by убачылі ў гамбургскіх падзеях сумную заканамернасць, якая апошнім часам стала характэрнай для Заходняй Еўропы, правялі аналогіі з падобнымі падзеямі ў Паўночнай Афрыцы, а перад тым – у Мінску і не ўпусцілі магчымасці паіранізаваць з нагоды “правакатараў”, “пераапранутых кадэбэшнікаў” і “неадэкватнага прымянення сілы супраць мірных дэманстрантаў”.
Між тым, “незалежныя” сродкі масавай інфармацыі ў падобнай інтэрпрэтацыі падзей бачаць “руку” афіцыйнай беларускай прапаганды і рашуча не згаджаюцца, што мінскія “катлеты” і заходнееўрапейскія “мухі” могуць знаходзіцца ў адной талерцы. Праўда, не толькі важкіх, а і любых іншых аргументаў у падтрымку дадзенага пункту погляду яны не прыводзяць.
Грамадства суцэльнага сацыяльнага дабрабыту пакуль не створана нідзе і, хутчэй за ўсё, у бачнай перспектыве створана не будзе. Хутчэй наадварот. Тая эканамічная сістэма, якая развіваецца ў свеце сёння, будзе яшчэ больш садзейнічаць сацыяльнаму расслаенню грамадства на вельмі багатых і вельмі бедных. А раз так, то ў любой дзяржаве, у любым грамадстве знойдуцца незадаволеныя парадкам, які існуе, і знойдзецца нагода для пратэсту. Іншая справа, што пратэставаць можна па-рознаму. Можна на выбарчым участку, а можна – на плошчы.
Наколькі апраўданы тыя спосабы сацыяльнага пратэсту, сведкамі якіх усе мы з’яўляемся? Пазіцыя грамадскасці ў гэтым пытанні не павінна быць дваякай. Альбо мы прызнаём за пэўнай часткай грамадства права на неканстытуцыйныя формы пратэсту, якія затым працягваюцца пагромамі і рабаваннямі, альбо не прызнаём у любым выпадку. Па той простай прычыне, што з самага пачатку яны не адпавядаюць заканадаўству і не маюць права на існаванне апрыоры, незалежна ад мэты. З усімі выцякаючымі з гэтай высновы наступствамі. А менавіта – прызнаннем правамернасці выкарыстання сілы для навядзення парадку.
Тая ж неадназначная пазіцыя, якая існуе сёння і грунтуецца на тым, што недзе падобнае магчыма і нават неабходна, а недзе – не, вядзе толькі да непазбежнай ланцужковай рэакцыі і паўтарэння беспарадкаў ў іншых гарадах і краінах.
Джына лёгка выпусціць з бутэлькі, але вельмі цяжка запіхнуць назад.
Дарэчы, тэма падзей 19 снежня ў Мінску таксама атрымала працяг на мінулым тыдні.
У панядзелак выйшлі на свабоду першыя памілаваныя Прэзідэнтам Беларусі ўдзельнікі беспарадкаў ля Дома ўрада.
Некалі іх называлі правакатарамі, “засланымі казачкамі”. Потым усяляк абаранялі, калі імёны кожнага сталі набыткам галоснасці, а справа дайшла да суда.
У панядзелак жа сустракалі з кветкамі ў атачэнні дзесяткаў журналістаў з незалежных СМІ.
Успамінаецца, як тыя ж незалежныя сродкі масавай інфармацыі адразу пасля названых падзей лямантавалі, што кожнаму іх ўдзельніку пагражае ад 8-мі да 15-ці гадоў турмы.
Насамрэч спроба штурму ўрадавай установы каштавала яе непасрэдным выканаўцам паўгадовага тэрміну за кратамі.
Хоць гаворка не ідзе аб апраўданні і зняцці з асуджаных абвінавачванняў, на чым настойвалі краіны Еўрасаюза. Міністэрства замежных спраў Францыі вітала гэты крок беларускіх улад і выказала спадзяванне на ўзнаўленне дыялогу з Рэспублікай Беларусь.
“Тыдзень postfaktum” падобны сцэнарый развіцця падзей прадказваў з самага пачатку.
А таксама выказваў здагадку, што Еўропе так ці інакш прыйдзецца шукаць дастойнае выйсце з сітуацыі, у якую яна сама сябе і паставіла.