Круглы стол: сталасць – не старасць

08:49 / 04.10.2010
1

Дзень пажылых людзей, які адзначаўся ў нашай краіне 1 кастрычніка, святам назваць нельга. Але гэта дадатковая нагода ўспомніць пра немаладых людзей, якія жывуць побач з намі, пра іх клопаты і праблемы, дапамагчы па меры магчымасці ў іх вырашэнні ці проста сказаць добрае слова, на якое ў звычайным паўсядзённым жыцці часам не стае часу ў бясконцай кругаверці спраў.
З тым, каб пагаварыць напярэдадні гэтага дня пра праблемы пажылых людзей, тое, чым можна дапамагчы ў іх вырашэнні, падзяліцца сакрэтамі фізічнага і інтэлектуальнага даўгалецця, сабраліся на гэтым тыдні ў рэдакцыі за “круглым сталом” зацікаўленыя: намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнаму абслугоўванню насельніцтва Часлава Эдуардаўна Кандратовіч, сакратар грамадскага аб’яднання “Раённы савет ветэранаў” Марыя Іванаўна Дземяшкевіч, урач цэнтральнай раённай бальніцы Ніна Сяргееўна Рудая, начальнік Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Світанак-Л” Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі. Вядучай “Круглага стала” па традыцыі стала рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік.


Ніна РЫБІК:
—Існуе такі папулярны выраз: “Старасць не радасць”. Як вы лічыце, наколькі ён ісцінны? І чаму?


Часлаў Станіслававіч ЛАБАЧЭЎСКІ:



—Я дык перш падумаў было пакрыўдзіцца на вас, Ніна Аляксееўна: што гэта вы мяне на “Круглы стол” з такой тэматыкай запрашаеце? Я яшчэ не адношу сябе да пажылых людзей…
І ўвогуле, я лічу, што слова “старасць” у нашым лексіконе быць не павінна. Няма такога паняцця! Ёсць людзі паважанага, сталага ўзросту. А сталасць – гэта не старасць. І ёсць аб’ектыўныя працэсы старэння арганізму, калі ён ужо не развіваецца – але гэта не сведчыць пра старасць асобы! Ну якая старасць, калі чалавек энергічны, поўны сіл, энергіі, жадання працаваць – і тут прыходзіць час звяртацца за дзяржаўным сацыяльным забеспячэннем, і цябе ўжо віншуюць з Днём пажылых людзей!
Я б параіў кіраўнікам устаноў і арганізацый беражліва адносіцца да сваіх працаўнікоў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, бо даўно заўважана: чым больш чалавек працуе, тым даўжэй працягваецца яго жыццё. А часта здараецца, што выйшаў на пенсію энергічны, поўны жыцця і сіл работнік, праходзіць год, два – і няма яго. Каму ад гэтага лепш? Хай бы працаваў… Трэба ж разумець: на працы чалавека трымае не столькі матэрыяльны дастатак, колькі неабходнасць стасункаў, адчуванне сваёй запатрабаванасці. А калі гэта знікае, многія не могуць знайсці сябе.
Пагэтаму да старасці трэба рыхтавацца змоладу – ведаць, чым ты станеш займацца, калі выйдзеш на пенсію. І калі ў вас ёсць праграма, план на кожны дзень, месяц і год, то не бойцеся – ніякая страсць да вас не падбярэцца. А калі вы ляжыце на канапе і не ведаеце, чым заняцца: тэлевізар надакучыў, кнігі ўжо ўсе перачытаны — то старасць да вас і ў 30 гадоў завітае.
Некалькі гадоў назад мне трапіў на вочы артыкул “Ці баіцеся вы старасці?” – я яго і сёння захоўваю. Дык вось, там гучыць цікавая думка: старасць – гэта другая маладосць, толькі ў іншай плоскасці. І калі мы здолеем гэтую думку ўспрыняць як сваю, то і старасці баяцца перастанем.
Віктар Збігневіч СВІЛА:



—Мне здаецца, што ад кожнага чалавека залежыць, наколькі гэтае сумнае выказванне падыходзіць да яго асабістага жыцця і кожны сам адказвае на гэтае пытанне: у радасць яму старасць ці наадварот. Усё залежыць ад таго, як ён пражыў сваё жыццё, як падрыхтаваўся да надыходу гэтай старасці, і як сам да гэтага адносіцца.
Канешне, самы вялікі стрэс для пажылога чалавека – гэта выхад на пенсію, развітанне са сваім калектывам. Гэта можна зразумець: чалавек увесь час быў пры справе, запатрабаваны – нешта вырашаў, нешта рабіў, некуды спяшаўся. Усе сістэмы арганізма ўжо прывыклі да такога напружанага рытму. І раптам – ра-а-аз – нібы на сцяну наскочыў: нічога гэтага ўжо не трэба, усе каласальныя нагрузкі ў адзін момант знікаюць. Гэта як у спорце: рыхтаваўся чалавек, скажам, да алімпійскіх гульняў, інтэнсіўна трэніраваўся, увесь арганізм, усе яго мышцы, органы былі падпарадкаваны гэтай задачы – і раптам усё рэзка знікае. Для арганізма – нават у чыста фізічным сэнсе – гэта вялізны стрэс.
А псіхалагічны аспект праблемы поўнасцю аналагічны фізічнаму. І калі чалавек аказваецца непадрыхтаваным да гэтага свайго новага стану, ён, зразумела, адчувае стрэс, які можа выліцца ў дэпрэсію, хваробы. І тады прыходзіць, як палачка-выручалачка, гэты выраз: “Старасць не радасць”. А нехта, прабачце за шчырасць, гэтымі словамі проста апраўдвае сваю ўласную ляноту, нежаданне змірыцца з новымі ўмовамі існавання.
Калі чалавек загадзя рыхтуецца да гэтага непазбежнага моманту ў сваім жыцці, шукае новае прымяненне сваім сілам – ці то ў сям’і, у выхаванні ўнукаў, ці то ў нейкім захапленні – вырошчванні кветак, да прыкладу, ці пляценні кошыкаў — то для яго гэты працэс праходзіць не так балюча.
Для мяне ў гэтым сэнсе вельмі паказальны прыклад майго бацькі. Ён усё жыццё цяжка і напружана працаваў, быў вадзіцелем аўтамабіля ЗІЛ-130 з паўпрычэпам, ездзіў у дальнія рэйсы – у Маскву і назад абарочваўся за два дні ў той час, калі для іншых гэта звычайна была тыднёвая камандзіроўка. Бацька дачакацца не мог пенсіі, пайшоў на так званы заслужаны адпачынак на дзесяць дзён раней тэрміну – так хацеў адпачыць. Пасядзеў дома з год – і рэзка стаў хварэць, перанёс цяжкую аперацыю. Здавалася б – чаму? Сам жа да гэтага імкнуўся… Але аказалася, што марыць пра адпачынак і быць да яго падрыхтаваным – не адно і тое ж. Потым, дзякуй Богу, паправіўся, здолеў перабудавацца. Увайшоў у нармальны рытм, заняўся агародам – усё ўзваліў на сябе – і цяпер нармальна сябе адчувае.
Ніна Сяргееўна РУДАЯ:



—Сапраўды, самае важнае – эмацыянальна, псіхагалагічна падрыхтавацца да чарговага этапу жыцця, усё залежыць менавіта ад гэтага эмацыянальнага настрою – гавару гэта як урач-псіхіятр. У маёй практыцы быў выпадак, калі на пенсію адправілі жанчыну, якая да гэтага займала высокую пасаду ў раённым кіраўніцтве, цягнула вялікі воз работы, была ўвесь час на віду, запатрабаваная, у пашане. І, калі выйшла на пенсію, не магла змірыцца са сваім новым статусам, мы некалькі гадоў не маглі справіцца з яе зацяжной дэпрэсіяй.
Здараюцца і зусім трагічныя выпадкі. Неяк мне давялося аналізаваць самазабойства 57-гадовай жанчыны. У яе жыццёвая сітуацыя склалася вельмі цяжкая: муж пакінуў яе і пайшоў да іншай, дзве дарослыя дочкі таксама фактычна забыліся пра маці. А сама жанчына, калі выйшла на пенсію, вымушана была паехаць у іншы раён і даглядаць хворага ляжачага бацьку: некалькі гадоў цягала яго на сабе, жыла практычна ў поўнай душэўнай і эмацыянальнай адзіноце, ды яшчэ з такімі фізічнымі і псіхічнымі нагрузкамі, якія заўсёды адчуваюць родзічы цяжка хворага. І ў выніку не вытрымала...
А ёсць людзі, якія даволі спакойна спраўляюцца з гэтым стрэсам: у такіх, як правіла, моцная сям’я, побач – блізкія людзі…
Тут жа яшчэ трэба мець на ўвазе такі чыста фізіялагічны момант: у чалавека ў пажылым узросце ў арганізме змяншаецца колькасць сератаніну, які яшчэ называюць “гармонам шчасця”, і ён у выніку ўсё навакольнае бачыць у шэрых і змрочных танах. Асабліва гэта тычыцца жанчын, у якіх гэты працэс ускладняецца яшчэ і з гарманальнай перабудовай арганізму. Але і з гэтым можна змагацца. Чаму, вы думаеце, каўказскія жанчыны больш аптымістычныя і жыццярадасныя, чым беларускія? Ды таму, што яны больш ужываюць гародніны і фруктаў аранжавага колеру – у такіх шмат утрымліваецца аскарбінавай кіслаты, дзякуючы якой у мозгу ўтвараецца сератанін, які спараджае жыццярадасны настрой.
Хоць, паўтаруся, самае галоўнае – гэта псіхалагічная перабудова свядомасці. Трэба настроіць сябе на тое, што ты – ужо пенсіянер. І самае галоўнае – увесь час будаваць планы: сёння я зраблю тое, заўтра – гэтае. Каб кожны дзень быў распісаны, каб сумаваць і аддавацца змрочным думкам проста не было часу.
Марыя Іванаўна ДЗЕМЯШКЕВІЧ:



—А як дык не згодна з тымі, хто гаворыць, што старасць не радасць. У кожным узросце ёсць свае перавагі, цікавыя моманты, у тым ліку і ў пажылым. Трэба толькі рыхтаваць сябе да гэтага змоладу, ведаць, што пажылы ўзрост абавязкова прыйдзе, і гэта, паверце мне, не самы горшы час. Ужо выраслі дзеці, сталі на ногі, і ім непатрэбна твая фінансавая дапамога.  Значыць, можна больш часу і сродкаў удзяліць сабе: купіць, што падабаецца, з’ездзіць у нейкую вандроўку. Я ў свой час шмат падарожнічала па Саюзу, і заўсёды здзіўлялася: як шмат сярод замежных турыстаў пажылых людзей. А яны, калі выходзяць на пенсію, жывуць для сябе: падарожнічаюць, ствараюць клубы па інтарэсах.
Напэўна, у кожнага ёсць нейкае захапленне, на якое раней не ставала часу – цяпер можна аддацца яму поўнасцю: кветкам, кнігам, вязанню ці вышыванню. Унукі растуць, і стасункі з імі — таксама вялікая радасць.
Пажылому чалавеку трэба жыць паўнацэнным жыццём і ні ў якім разе не замыкацца ў сценах сваёй кватэры, ісці да людзей – і тады не ўзнікне адчування адзіноты і пакінутасці.
А яшчэ ад усяго ратуе праца — чым больш яе, тым лепш…

Ніна РЫБІК:
—А што можна зрабіць, каб аблегчыць старасць, каб не была яна ў цяжар? Бо, акрамя псіхалагічнага настрою, ёсць жа яшчэ аб’ектыўныя цяжкасці – хваробы, невысокія пенсіі, часта – адзінота… Чым у гэты час пенсіянеру могуць дапамагчы дзяржаўныя ўстановы, што павінны ўзяць на сябе грамадскія арганізацыі, а што – абавязак кожнага нераўнадушнага чалавека?


Часлава Эдуардаўна КАНДРАТОВІЧ:



—Самае галоўнае, на мой погляд, – увага і павага да пажылога чалавека. Я заўсёды вучу сваіх дзяўчат: сустрэньце вы кожнага наведвальніка – а ў нас гэта пераважна пажылыя людзі — усмешкай, распытайце пра здароўе, скажыце добрае слова, камплімент – гэта ўжо вялікая справа для іх. Калі не можаце дапамагчы адным – прапануйце нешта іншае, каб не зачыніў чалавек дзверы расчараваны, у прыгнечаным стане.
І яшчэ я хачу сказаць, што многае залежыць ад кіраўнікоў арганізацый, дзе раней працавалі нашы ветэраны. Вазьміце, да прыкладу, цэнтральную раённую бальніцу – мне здаецца, што там ніводзін ветэран працы не застаўся пакрыўджаным. Кожнаму галоўны ўрач Валянцін Ігнатавіч Тачоны, калі ў чалавека ёсць такое жаданне, дае магчымасць працаваць – хай на палову стаўкі, з часовай занятасцю, але ж перыяд адаптацыі, прывыкання да новага этапу жыцця праходзіць не так балюча. А калектывы райспажыўтаварыства, вузлоў сувязі – хай сабе яны не такія багатыя, каб аказваць грунтоўную матэрыяльную дапамогу, але ж на ўсе прафесійныя і іншыя святы там не забываюць павіншаваць ветэранаў, запрашаюць іх у калектыў, скажуць ім слова добрае, салодкі стол накрыюць – канешне, людзям прыемна такая ўвага і пашана.
А днямі сустрэла аднаго маладога кіраўніка, пытаю, як ён збіраецца адрэагаваць на пісьмо старшыні райвыканкама з просьбай аказаць да Дня пажылых людзей колішнім работнікам магчымую дапамогу, а ён адказвае: «Дваіх бульбай забяспечыў. А больш пры мне ніхто на пенсію не выходзіў». Ну а тыя, хто працаваў тут да цябе – яны што, менш зрабілі для гэтай арганізацыі, не заслугоўваюць добрага слова ці сувеніра?
Віктар Збігневіч СВІЛА:
—Ніколькі не апраўдваючы гэтага кіраўніка, тым не менш хачу сказаць, што і ветэранаў трэба выхоўваць, каб яны не сядзелі і не чакалі пакрыўджана, ці ўспомняць пра іх, ці павіншуюць? Можна ж самому прыйсці да новага кіраўніка — пазнаёміцца, прапанаваць сваю пасільную дапамогу – яна можа быць любой. Нагадаць, так бы мовіць, што сёння вы тут працуеце, а некалі ж і мы працавалі… Бо часам кіраўнікі, у якіх вельмі шмат клопатаў і турбот, проста не ведаюць тых, хто раней працаваў у гэтай арганізацыі.
Часлава Эдуардаўна КАНДРАТОВІЧ:
—Дазвольце не пагадзіцца: не ведаюць, бо не хочуць ведаць… Увогуле я б параіла маладым людзям памятаць вядомую ісціну: трэба адносіцца да людзей так, як хочаш, каб адносіліся да цябе. Як ты да пажылых сёння – так і да цябе заўтра.
Віктар Іосіфавіч ЖДАНОВІЧ:



—А яшчэ, я лічу, многае залежыць ад сям’і, ад дзяцей – гэта самае галоўнае, бо як бы мы ні стараліся, а калі дзеці кінулі бацькоў і праведваюць іх гады ў рады, то той самы стрэс, пра які гаварылі спачатку, будзе ў пажылога чалавека пастаянна.
Для аблягчэння жыцця пенсіянераў, асабліва нямоглых, інвалідаў, адзінокіх, шмат робіць упраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва і наш тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы аказваем самыя розныя паслугі: і дровы можам парэзаць і пакалоць, і траву пакасіць, і агарод заараць, і хату падрамантаваць, і на сацыяльным таксі за ўмераную плату адвезці пажылога чалавека, куды яму патрэбна. А чаго каштуе надомнае абслугоўванне – часта нашы сацыяльныя работнікі для сваіх падапечных становяцца самымі блізкімі людзьмі. Днямі вось атрымалі пісьмо ад 77-гадовай жанчыны са Спондаўскага сельсавета – яе абслугоўвала суседка, а цяпер знайшла работу. Пажылая жанчына слёзна просіць: пакіньце майго апекуна, бо як жа я буду жыць без яе? Сапраўды, сацыяльны работнік, асабліва калі падапечны знаходзіцца на суседскім абслугоўванні, па некалькі разоў на дзень да яго зойдзе: і ў хаце прыбярэ, і дровы прынясе, і вады, і печку прапаліць, і ў магазін сходзіць, ды – будзем гаварыць, як ёсць – пабачыць, ці падняўся той сёння, ці здаровы, ці не трэба ўрача выклікаць. А галоўнае – пагаворыць па душах. Яны ж сапраўды прывязваюцца адзін да аднаго, як родныя. І не за тыя мінімальныя грошы – нават не хочацца называць суму, настолькі яна смешная – працуюць сацыяльныя работнік на надомным абслугоўванні, а таму, што так патрабуе іх сумленне, чалавечы абавязак.
Віктар Збігневіч СВІЛА:
—І не толькі канкрэтную фізічную, матэрыяльную дапамогу аказвае пажылым людзям цэнтр сацыяльнага абслугоўвання нсельніцтва, а і маральную, псіхалагічную: дапамагае ім сябе заняць у розных клубах, гуртках, мастацкіх калектывах. Гэта таксама вельмі важна – каб пажылыя людзі мелі чым заняцца ў вольны час, якога раптам становіцца вельмі шмат, і занятак гэты быў па душы.
Дарэчы сказаць, усе гэтыя рэчы вельмі дакладна прапісаны ў дзяржаўнай праграме дэмаграфічнай бяспекі на 2007-2010 гады, якая распрацавана і дзейнічае ў тым ліку і ў нашым раёне. Некаторыя лічаць, што гэтая праграма тычыцца толькі павелічэння нараджальнасці, але гэта не так. У ёй шмат увагі надаецца павелічэнню працягласці жыцця людзей і паляпшэння яго якасці. Бо, пагадзіцеся, не так важна, колькі пражыць, нашмат важней – ЯК. І менавіта ў рамках ажыццяўлення гэтай праграмы дэмаграфічнай бяспекі пры ўпраўленні па працы і сацыяльнаму абслугоўванню насельніцтва райвыканкама быў створаны тэрытарыяльны цэнтр, асноўная задача якога — тое, пра што вы пыталіся: максімальна аблегчыць жыццё пажылога, адзінокага, хворага чалавека, стварыць яму ўсё ўмовы, каб гэтае жыццё было па магчымасці камфортным, а яшчэ — цікавым і паўнацэнным.
Марыя Іванаўна Дземяшкевіч сціпла маўчыць, а я хачу адзначыць, што ў гэтым плане шмат робіць і наш раённы савет ветэранаў, хоць магчымасцей у іх не так і многа: усё ж гэта ўсяго толькі грамадская арганізацыя з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі. Ужо адно тое, што яны віншуюць ветэранаў з юбілеямі – 80-годдзем, 90-годдзем: прыязджаюць дахаты, уручаюць маляўнічы прывітальны адрас, кветкі, — дарагога варта. І тая работа, што вядуць ветэраны ў плане выхавання падрастаючага пакалення, таксама многа значыць: я маю на ўвазе сустрэчы ў школах, працоўных калектывах.
Ды і ўвогуле ў іх паслужным спіску шмат цікавых спраў: дзейнасць хору ветэранаў, розных гурткоў.
Марыя Іванаўна ДЗЕМЯШКЕВІЧ:
—Ну, робім мы, магчыма, яшчэ не так многа, як хацелася б і, як напэўна, трэба было б. Я вось думаю: можа, сённяшняе падзенне нораваў у нашай моладзі якраз ад таго, што ветэраны мала сустракаюцца, гутараць з ёю, недастаткова перадаюць свой вопыт?
Хоць, зрэшты сустрэчы таксама рознымі бываюць: папрасіла неяк ветэрана вайны выступіць у школе, а жанчына пакрыўджана кажа: “Ды не пайду я больш ні на якія сустрэчы! Надоечы ў дзіцячым садку была, то выхавальніца мяне ведаеце як прадставіла? “Дзеці, вось перад вамі жывы ветэран вайны!” Тыя малышы мяне ўсю абшчыкалі ды абмацалі, каб пераканацца, што я сапраўды жывая…”
Але калі размова зайшла пра дзейнасць раённага савета ветэранаў, то я найперш хачу сказаць, што без падтрымкі райвыканкама і ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва мы б нямногае змаглі зрабіць, бо ўсё нашы ініцыятывы мы нясем найперш туды – і сустракаем разуменне і дапамогу.
А па-другое, мы б маглі рабіць шмат больш, каб у нас было нармальнае памяшканне, дзе можна было б ладзіць пасяджэнні гасцёўні, абмяркоўваць навінкі літаратуры, абмяркоўваць свае справы, арганізоўваць работу тых жа гурткоў, клубаў па інтарэсах – наш энтузіяст Данута Францаўна Чарнушэвіч даўно пра гэта марыць. Ды і таму хору ж ветэранаў было б нашмат зручней. А вы б бачылі, якія шчаслівыя вяртаюцца яго ўдзельнікі з канцэртаў, з якім настроем бягуць на рэпетыцыі – гэта якраз тое, пра што мы гаварылі з самага пачатку: занятасць людзей, якія выйшлі на пенсію і шукаюць прымяненне сваім сілам і выйсце – энергіі.
Часлаў Станіслававіч ЛАБАЧЭЎСКІ:
—А яшчэ шмат у гэтым плане робіць і наша “Астравецкая праўда”, Я чытаю яе даўно, і асабліва хачу адзначыць матэрыялы пра ветэранаў, чытаю іх з задавальненнем. І думаю, што і ўсім цікава даведацца пра дзейнасць савета ветэранаў, пра гісторыю раёна, якую яны стваралі сваёй працай, пра людзей, з якімі шмат гадоў працавалі побач, а то і пра сябе самога. Тут вы, газетчыкі, робіце вялікую справу. Цікава было пачытаць, да прыкладу, пра тую ж Махалаву, Галагавева, ды і пра стогадовую бабулю з Мікшан, пра віншаванне якой вы пісалі нядаўна. А чытачы адзначаюць: бачыш, іх павіншавалі, пра і х напісалі. Гэта вялікі гонар, і для ветэранаў дае неацэнны зарад настрою і бадзёрасці. Ад такой увагі ў іх нават хваробы праходзяць.

Ніна РЫБІК:
—Ёсць яшчэ адзін крылаты выраз: ”Калі б маладосць ведала, калі б старасць (добра, Часлаў Станіслававіч, скажам па-іншаму – сталасць) магла. Што вы б хацелі сказаць маладым? Што ўжо ведаеце вы, дасягнуўшы пэўнага жыццёвага вопыту — але пакуль не ведаюць, не разумеюць, не ўсведамляюць яны?


Віктар Збігневіч СВІЛА:
—Дзякуй за такое пытанне, бо я ўжо сам неаднойчы думаў пра гэта і хацеў выказацца на гэтую тэму.
Ведаеце, існуе аб’ектыўны разрыў у свядомасці людзей розных пакаленняў: маладыя жывуць у больш хуткім тэмпе – яны хутчэй думаюць, даходзяць да правільнага рашэння, хутчэй і больш прадукцыйна асвойваюць новыя сродкі сувязі, тэхніку. А ў людзей старэйшага пакалення, да якога я ўжо адношу і сябе, не толькі рухі, але і мысленне, і рэакцыя становяцца больш запаволенымі. Гэтыя аб’ектыўныя працэсы адбываюцца як у фізічным сэнсе, так і ў сацыяльным. І калі маладыя і сталыя аказваюцца побач, паміж імі часта ўзнікаюць непаразуменні: маладыя не могуць зразумець, чаму “дзяды” “тармозяць”, а старэйшыя пры гэтым проста не паспяваюць зразумець іх. Ад гэтага ўзнікаюць крыўды, незадаволенасць, стрэсавыя сітуацыі – я гэта заўважаю на прыкладзе сваіх бацьках, ды ўжо, па праўдзе кажучы, і на сабе.
І пагэтаму я хачу, каб пра гэтую аб’ектыўную неадпаведнасць розных узростаў ведалі і памяталі і маладыя, і старэйшыя — і ў адпаведнасці з гэтым будавалі свае стасункі, узаемаадносіны. Маладым трэба даваць старэйшым час падумаць, ”дагнаць” тое, што яны сказалі ці зрабілі. А старым, у выпадку чаго, не трэба крыўдзіцца і хапацца за сэрца — лепш проста ўзяць занадта паспешлівага за каўнер і сказаць: “Не ляці, а стань і спакойна раскажы, што ты хацеў”.
Марыя Іванаўна ДЗЕМЯШКЕВІЧ:
—Я б пажадала і маладым, і пажылым з павагай, з разуменнем адносіцца адно да аднаго.
А яшчэ б параіла моладзі пераймаць лепшыя традыцыі у бацькоў і дзядоў – адсюль бяруць свае вытокі і дабрыня, і чалавечнасць, і працавітасць. Вярнуцца да маральных каштоўнасцей. Павярнуцца да Бога, бо ў храме вучаць толькі дабрыні і міласэрнасці. Лічыцца з думкамі, меркаваннямі сваіх блізкіх, якія старэйшыя за вас – пытацца ў іх парады, клікаць на дапамогу, бо для іх гэта вельмі важна – адчуваць сваю запатрабаванасць, неабходнасць у жыцці дарагіх людзей. Паважаць чужую працу – а то часта бачыш, як дворнікі ранічкай мятуць двары і вуліцы, я вечарам дзяцюк стаіць на балконе і кідае ўніз недакуркі.. Не ленавацца працаваць – праца нікога яшчэ не сапсавала. І ведаць свае карані, кажуць, чалавеку, які прэтэндуе на званне інтэлігента, трэба ведаць свой радавод хоць бы да пятага калена – ці шмат у нас такіх знойдзецца? А гэта вельмі важна – і для свайго самаўсведамлення, і для ўзаемаадносін пакаленняў.
Ніна Сяргееўна РУДАЯ:
—Мне б хацелася бачыць нашу моладзь крыху дабрэйшай, чым яна ёсць сёння. Каб яны больш паважалі старых, спачувалі ім, клапаціліся пра іх… Так, яны, маладыя, разумнейшыя за нас, спрытнейшыя, яны ведаюць камп’ютары і іншыя сучасныя сродкі сувязі – але ж ці ўмеюць яны так запрэгчы каня ці спрасці кужэльную нітку, як дзядуля ці бабуля? То, напэўна, дзед з бабуляй заслугоўваюць за гэтае сваё ўменне хоць бы павагі і шанавання.
Часлаў Станіслававіч ЛАБАЧЭЎСКІ:
—А я маладому чалавеку сказаў бы так: “Я быў такім, як ты. Ты будзеш такім, як я. Паважай сябе!” Бо маладыя сёння не думаюць, што некалі яны стануць такімі, як іх бабулі і дзядулі – ім здаецца, што гэта яшчэ так недасягальна далёка. Гэтак жа думалі некалі і мы – і не згледзелі, як апынуліся ў катэгорыі пажылых людзей.
Хоць моладзь у нас розная. І ў асноўнай сваёй большасці – цудоўная: таленавітая, працавітая, добрая, у тым ліку і наша астравецкая – я ўзгадваю перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах Насці Вайшнаровіч – гэта ж якая малайчынка!

Ніна РЫБІК:
—Сёння з а нашым “Круглым сталом” сабраліся людзі таго самага сталага ўзросту, пра які мы пераважна вядзем гаворку. І ніхто з вас – ды напэўна, увогуле ніхто ў свеце – не імкнецца зрабіць сталасць старасцю. Таму ў мяне да вас пытанне аб асабістым: раскажаце, калі ласка, што вы робіце, каб захаваць найперш здароўе, а таксама – добры настрой, каб не здавацца ў палон страсці – падзяліцеся сваімі сакрэтамі.


Часлаў Станіслававіч ЛАБАЧЭЎСКІ:
—Так, сапраўды, у гэтым узросце трэба думаць пра даўгалецце. А даўгалецце – гэта ваша дзейнасць. А тое, наколькі актыўнымі вы будзеце, напрамую залежыць ад вашага фізічнаму стану, а прасцей кажучы – ад здароўя. І таму самая вялікая задача ў гэтым узросце – не страціць яго і па магчымасці падтрымліваць.
Галоўнае для захавання здароўя – правільнае харчаванне, бо вытокі ўсіх хвароб знаходзяцца менавіта ў няправільным харчаванні. Баланс бялкоў, тлушчаў і вугляводаў – гэта самая лепшая, самая дзейсная таблетка, здольная пазбавіць ад усіх хвароб.
І яшчэ: з гадамі я пераканаўся, што пасты прыдумалі не дурныя людзі, і карысць ад іх – вялізная. Я, здаралася, скідваў па дваццаць кілаграмаў – і пры гэтым быў поўны сіл і энергіі, лётаў, як пярынка. Зараз я ўжо ў такія экстрэмальныя віды ачышчэння арганізму не кідаюся, але 9-цідзённая диета при раке – гэта норма. І карысць ад гэтага відавочная. А ўвогуле трымаю за правіла, і ўсім раю: пасля шасці гадзін вечара забудзьцеся пра ежу, у вашым меню пасля гэтага часу могуць быць толькі кефір і яблыкі. Вядома, гэта не вельмі проста, тут галоўнае – сябе перамагчы. Пераможаш сябе – пераможаш хваробы.
І яшчэ хачу сказаць, што ў нас да гэтага часу да канца не ўсвядомілі гаючую сілу прадуктаў пчалаводства. У Японіі, да прыкладу, ва ўсіх школах за дзяржаўны кошт дзецям штодзень даюць па сталовай лыжцы мёду, бо тых амінакіслот, іншых неабходных для чалавечага арганізма рэчываў, што ўтрымлівае мёд, няма больш нідзе. І ўсім нам трэба двойчы на дзень, ранкам нашча і вечарам перад сном, з’ядаць па чайнай лыжачцы мёду, пажадана разводзячы яго ў цёплай вадзе ці малацэ.
Ніна Сяргееўна РУДАЯ:
—Згодна з Чаславам Станіслававічам – харчаванне для здароўя мае вельмі вялікае значэнне. У гэтым узросце мышцы ўжо пачынаюць атрафіравацца, страўнікавага соку недастаткова. Пагэтаму харчаванне павінна быць частым – праз кожным 4-5 гадзін – і дробным – невялікімі порцыямі. Не трэба пераядаць на ноч.
І яшчэ. Часлаў Станіслававіч гаварыў пра гаючыя ўласцівасці прадуктаў пчалярства, а я хачу ўзгадаць пра тыя ж якасці нашага беларускага сала. Раней лічылася, што яно – асноўны пастаўшчык халестэрыну ў арганізм і ўсіх бед, што нясуць за сабой склератычныя бляшкі. Але не так даўно вучоныя даказалі, што сырое сала не ўплывае на ўзровень халестэрыну, затое ў ім ёсць вельмі каштоўныя і важныя для жыццядзейнасці арганізма амінакіслоты.
Марыя Іванаўна ДЗЕМЯШКЕВІЧ:
—А як дык за сваё жыццё ні разочку ніякай дыеты не прытрымлівалася — ем усё, што мне хочацца, і тады, калі хочацца. І ў бальніцы – цьфу, цьфу, цьфу, хай Бог мілуе – ніколі не ляжала. І сплю – абы галаву да падушкі данесці…
А ўсе хваробы, лічу, трэба лячыць працай. А калі яе не хапае – дзе ж моцна напрацуешся ў гарадской кватэры? – то проста фізічнымі нагрузкамі: адціснуцца да падлогі пяцьдзесят разоў – гэта па мне. На веласіпедзе некалькі кругоў па Астраўцу “нарэзаць”… Гантэлькі “пацягаць”…
А калі нервы, як кажуць, “разыходзяцца”, то ў мяне таксама ёсць свой метад пазбаўлення стрэсаў – вязанне, “пруткатэрапія”, як я яго называю. Калі сядзіш, перабіраеш пруткамі, то адразу супакойваешся, і ўсе благія думкі і дрэнны настрой некуды сыходзяць.
Часлава Эдуардаўна КАНДРАТОВІЧ:
—А ў мяне лепшае лячэнне ўсіх стрэсаў і хвароб – зямля. Што б ні здарылася на рабоце ці дома, варта мне апусціць рукі ў зямлю – і ўсё сыходзіць, зямелька ўвесь негатыў забірае.
І потым, кожная кветачка, кожная раслінка – яны ж жывыя! І да іх адносіцца трэба з любоўю, як да жывых – да кожнай, нават да таго пустазелля, што ўвосень запаланяе ўсе нашы агароды. Канешне, яго трэба вырваць – але перад гэтым пагаварыць з ім, адзначыць, які ў яго лісточкі, кветачкі…
І потым, калі вяртаешся дамоў стомлены, то гэтая стомленасць такая прыемная, радасная: ты нешта пасадзіў ці прапалоў – даў новае жыццё. А жывуць яны, твае кветачкі-раслінкі – значыць, і ты жывеш. Так вось з агародам ды кветнікам сваім пагаворыш — сілы і здароўя ад іх набярэшся.
А яшчэ такія ж лекары душы і цела – хатнія жывёлы. Нездарма іх называюць нашымі меншымі братамі – яны ўсё разумеюць, кожнае слова, кожны твой рух. Калі муж у выхадны на змену ідзе, то я толькі з катом дома і застаюся – то і пагаворыш з ім, і пахваліш, а ён табе памурлыкае – вось і настрой палепшыўся.
Часлаў Станіслававіч ЛАБАЧЭЎСКІ:
—Гэта і мне знаёма: яблыньку падрэзаў, пахваліў: о, у цырульню звадзіў цябе, прыгажуня, цяпер можна і да шлюбу! Прышчапіў дрэўца – даў новае жыццё: расці, дзіцятка…
А галоўнае — трэба заўсёды мець дакладную праграму на стварэнне нечага станоўчага, пазітыўнага, добрыя думкі – у галаве, добрыя пачуцці — у сэрцы. Тады і гады – не бяда.

Ніна РЫБІК:
—Ну што ж, давайце на гэтай аптымістычнай ноце закончым нашу гутарку і пажадаем усім людзям пажылога ўзросту заставацца маладымі ў душы – гэта, як я зразумела з нашай сённяшняй размовы, дапаможа ім і фізічна не старэць.