У вёсцы Рытань хутка з’явіцца новы пасёлак

15:13 / 24.09.2010

Cтаршыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька, неаднаразова абяцаў кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў і раённых арганізацый завезці іх у вёску, каб паказаць, як у далёка не самых лепшых умовах працуюць работнікі сельскай гаспадаркі, якія задачы ставяць перад сабой – і выконваюць іх. І на апошнім пасяджэнні савета гэтае абяцанне было выканана. Прычым падзяліцца вопытам было прапанавана не самым буйным і багатым гаспадаркам, а нядаўнім аўтсайдэрам.


Пасяджэнне савета кіраўнікоў пачалося з наведвання Рытаньскай фермы саўгаса “Падольскі”.





—Вы ўсе ведаеце, што гэтая гаспадарка ўзнікла пасля аб’яднання трох “жабракоў” – СВК “Кямелішкі”, “Рытаньскі” і саўгаса “Падольскі”, статус якога і атрымала наваствораная гаспадарка. Умовы тут далёкія ад лепшых. Але паглядзіце, як працуюць людзі, якую ферму пабудавалі і запусцілі ў работу. І не толькі ферму – новую сучасную збожжасушылку, жыллё для рабочых саўгаса. Ферму для ўтрымання цялушак узнаўлення рэканструіруюць сваімі сіламі — перарабляюць яе з зачыненай і да гэтага часу фактычна разрабаванай падольскай свінафермы. Словам, працуюць творча, з ініцыятывай – гэта б я больш за ўсё хацеў бачыць і на нашых прамысловых прадпрыемствах, — так растлумачыў старшыня райвыканкама тэматыку гэтага выязнога пасяджэння савета кіраўнікоў.
Так, сапраўды, на ферме “Рытань” зроблена нямала. Кіраўнікі раённых прадпрыемстваў і арганізацый — людзі ўвогуле далёкія ад сельскай гаспадаркі, не без здзіўлення даведаліся, што сучаснай даярцы трэба валодаць камп’ютарам, які ўтрымлівае ў сваёй памяці поўную інфармацыю аб кожнай карове і яе прадукцыйнасці і кантралюе працэс даення; што маленькія цяляткі на ферме ўтрымліваюцца кожнае ў сваёй “аднапакаёвай добраўпарадкаванай клетцы-кватэры”, што ў даільнай зале фермы абстаноўка амаль што стэрыльная – нездарма ж малако, што тут атрымліваюць, здаюць на перапрацоўку выключна сортам “экстра”…
—А абсталяванне для гэтай фермы рабіў наш завод “Радыёдэталь”, – не прамінуў моманту прарэкламаваць сваіх падначаленых намеснік старшыні райвыканкама Уладзіслаў Станіслававіч Ластоўскі.
Дырэктар саўгаса “Падольскі” Г.Ф. Дэнюш расказаў, што на гэтай ферме ўтрымліваецца большая частка саўгаснага статка буйной рагатай жывёлы, рэнтабельнасць вытворчасці прадукцыі на гэтым камп’ютарызаваным цэху па вытворчасці малака складае 36 працэнтаў – пры тым, што ў сярэднім па саўгасу 7,8 працэнта, і пра многія іншыя аспекты дзейнасці саўгаса ў цэлым і гэтай фермы ў прыватнасці.
Асаблівыя ўмовы працы прадугледжваюць і асаблівыя патрабаванні да падбору кадраў, а гэта, у сваю чаргу, абумоўлівае адпаведны ўзровень заработнай платы: на гэтай ферме ён складае каля мільёна рублёў і вышэй.
Але дасягнутае – не мяжа. Будаўніцтва фермы яшчэ працягваецца. Праектаванем займалiся проектные организации минска. Паўтарагадовы запас кармоў, пра які некалі ў калгасе “Рытаньскі” не маглі нават марыць, цяпер – рэальнасць. Ды пры тым — не падстава спачываць на лаўрах: трэба, каб было больш.
А яшчэ для такога статка, які да таго ж плануюць павялічваць, патрэбен адпаведны шлейф маладняку ўзнаўлення – з гэтай мэтай і задумана рэканструкцыя закінутых памяшканняў былой свінафермы пад “санаторый” для цялушак, якая зараз і праводзіцца ў саўгасе.
Для таго, каб у саўгасе было каму працаваць – і не толькі на ферме, тут актыўна будуюць жыллё для яго работнікаў – у вёсцы Рытань хутка з’явіцца цэлы новы пасёлак.
Усё гэта з цікавасцю паглядзелі гарадскія госці – хочацца спадзявацца, што многія з іх знайшлі для сябе нешта цікавае і карыснае ў гэтай экскурсіі па саўгасу.





Наступным пунктам прыпынку на маршруце выязнога пасяджэння савета кіраўнікоў стала вёска Барані Падольскага сельскага Савета. Тут да дэлегацыі далучыліся яшчэ і старшыні сельскіх Саветаў.
Мэта візіту сюды гаспадарчай і мясцоваўладнай эліты раёна відавочная для ўсіх, хто хоць крыху цікавіцца жыццём раёна і чытае “Астравецкую праўду”: у гэтым годзе адзначаецца 120-гадовы юбілей з дня нараджэння нашага слыннага земляка, ксяндза, паэта, публіцыста, шчырага патрыёта сваёй Айчыны і нястомнага барацьбіта за яе адраджэнне Канстанціна Стэповіча, больш вядомага пад псеўданімам, якім ён падпісваў свае творы, – Казімір Сваяк.
2 кастрычніка адбудзецца афіцыйнае святкаванне гэтага юбілею, у рамках якога плануецца адкрыццё музейнай экспазіцыі ў Баранях у доме, дзе нарадзіўся і вырас Канстанцін Стэповіч. І да гэтай падзеі, па словах Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, трэба належным чынам падрыхтавацца: не толькі адрамантаваць дом Казіміра Сваяка – гэтым актыўна займаецца раённы аддзел культуры, але і прывесці ў парадак тэрыторыю навокал, саму вёску – гэта ўжо культработнікам і нават аднаму Падольскаму сельскаму Савету, які таксама зрабіў нямала, усё ж не па сілах. Таму і прапанаваў старшыня райвыканкама, каб падрыхтоўка да святкавання юбілею Казіміра Сваяка стала агульнай, народнай справай — якой некалі было будаўніцтва аграгарадка ў Гервятах. Кожнае з прадпрыемстваў і арганізацый можа прыняць у гэтым працэсе пасільны ўдзел, унесці сваю лепту: хто — тэхнікай, хто — фінансавымі сродкамі, хто – рабочай сілай, хто матэрыяламі… Казімір Сваяк – ён жа наш агульны сваяк, за ўсіх сваіх суайчыннікаў – шчыра перажываў і маліўся пры жыцці — і, трэба думаць, і цяпер просіць у Бога міласці для роднага краю і яго жыхароў.
Пленарнае пасяджэнне прайшло пад знакам аналізу даручэнняў папярэдняга пасяджэння савета кіраўнікоў, якое адбылося напрыканцы жніўня. Тады кіраўнікам было прапанавана метадам народнай будоўлі зрабіць новую хакейную пляцоўку для астравецкіх дзяцей. І цяпер трэнер юных хакеістаў Яўгеній Яфімаў расказаў, як ідуць справы з будаўніцтвам пляцоўкі, паведаміў, якія арганізацыі прынялі ўдзел у агульнай справе і назваў праблемы, якія пакуль не вырашаюцца. А.Д. Кавалька яшчэ раз нагадаў, што будаўніцтва дастойнай хакейнай пляцоўкі – справа гонару для астравецкіх прадпрыемстваў, па сутнасці, вяртанне даўгоў юным хакеістам, якія без належнай базы мінулай зімой зрабілі “залаты дубль”: двойчы выйгралі абласныя спаборніцтвы па хакею.
А далей размова па традыцыі пайшла пра вынікі работы прадпрыемстваў і арганізацый за 8 месяцаў бягучага года і выкананне прагнозных паказчыкаў развіцця. З выкананнем прагнозу становішча, як далажыў прысутным намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі, застаецца напружаным. На мінулым пасяджэнні савета кіраўнікоў старшыня райвыканкама даў даручэнне скласці графік выхаду на запланаваныя паказчыкі – Уладзіслаў Станіслававіч расказаў аб яго выканні, якое пакуль што далёкае ад безумоўнага. А менавіта гэтага – безумоўнага выканання прагнозных паказчыкаў – запатрабаваў ад кіраўнікоў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Ніна РЫБІК.