Вучыцца ў лепшых

16:00 / 21.06.2010

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне савета кіраўнікоў, на якое сабраліся кіраўнікі прадпрыемстваў, якія размешчаны ў нашым раёне.


На гэты раз праграма савета кіраўнікоў была вялікай і насычанай. Прысвечана яна была падвядзенню вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемстваў раёна за 5 месяцаў і выкананню прагнозных паказчыкаў за 6 месяцаў бягучага года. Як сведчыць статыстыка, аб’ём прамысловай вытворчасці асноўных прамысловых прадпрыемстваў за пяць месяцаў бягучага года склаў пяць з паловай мільярда рублёў, тэмп росту ў параўнанні з гэтым жа перыядам мінулага росту ў супастаўных цэнах склаў 81,2 працэнта. Спажывецкіх тавараў выраблена на суму 2 мільярда рублёў, што адпавядае 82 працэнтам. Малымі прадпрыемствамі раёна выраблена прамысловых тавараў на суму 3,4 мільярда рублёў. Усяго ж па раёну прамысловымі прадпрыемствамі выраблена тавараў на суму 23,2 мільярды рублёў, што склала 109,8 працэнтаў, пры гадавым прагнозным заданні 110 працэнтаў у супастаўных цэнах.
Удзел у пасяджэнні, акрамя кіраўнікоў арганізацый Астравецкага раёна, прынялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Геннадзьеўна Голубева, старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, старшыня Савета дэпутатаў раёна Валерый Вацлававіч Барташэвіч.
На камфартабельным аўтобусе, які прадаставіла дырэкцыя будаўніцтва АЭС, мы накіраваліся па ўзорных, з якіх можна ўзяць прыклад, і не вельмі паказальных прадпрыемствах, што размешчаны ў Астраўцы і паблізу яго.
Пачатак савета паклала наведванне піянернай базы, што размяшчаецца непадалёку ад станцыі Гудагай. Як расказаў намеснік дырэктара па капітальнаму будаўніцтву “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС” Андрэй Васільевіч Баркун піянерная база спецыяльна закладваецца для таго, каб забяспечыць неабходнай колькасцю бетонна-цэментных раствораў аб’екты, якія будуюцца ў нашым раёне. Ён жа правёў экскурсію па яе тэрыторыі, паказаў бетонна-растворны і растворна-змешвальны комплексы, павышаны чыгуначны пуць, склады для цэменту. На дадзеным этапе тут будуюцца лабараторыя, комплекс вытворчых майстэрняў, дзе будуць вырабляць арматуру, плітку і бардзюры, і цэх дрэваапрацоўкі. На тэрыторыі піянернай базы размесцяцца рамонтныя майстэрні для аўтамабіляў, складскія памяшканні і адміністратыўна-бытавы комплекс.
Андрэй Васільевіч расказаў пра тэрміны і перспектывы будаўніцтва асноўнай вытворчай базы, аўтамабільнай і чыгуначнай дарог і жыллёвай інфраструктуры, што будзе ўзведзена ў нашым раёне.
Наступным пунктам прыпынку стала сельгастэхніка. Яе дырэктар Мікалай Пятровіч Харкуноў спыніўся на вытворчых паказчыках за 5 месяцаў гэтага года і праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца кіраўніцтву і работнікам прадпрыемства. Так, аўтамабільны парк сельгастэхнікі працуе на будаўніцтве аб’ектаў АЭС, на вывазе сенажу ў СВК, супрацоўнікі прадпрыемства займаюцца рамонтам воданапорных вежаў, перамоткай рухавікоў, электрамантажнымі работамі, але прыбытак ад гэтых работ невялікі.
Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі, дырэктар ПМС, расказаў кіраўнікам пра ўзначальваемую ім арганізацыю, праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкацца, і перспектывы, якія арганізацыя звязвае з будаўніцтвам АЭС. Ужо цяпер работнікі ПМС працуюць на будаўніцтве аўтамабільнай дарогі “Газа – АЭС – Астравец”, займаюцца вывазам грунту. Але, нягледзячы на ўсе станоўчыя моманты, ёсць і мінусы: мала паслуг аказваецца насельніцтву. Напрыклад, за чатыры месяцы бягучага года іх аказана крыху больш, чым на чатыры мільёны рублёў.
Па дарозе заехалі на вытворчае ўпраўленне “Астравецрайгаз”. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, якія, як расказала яго кіраўнік Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч, час ад часу ўзнікаюць на прадпрыемстве, кіраўніцтва і работнікі робяць усё для таго, каб арганізацыя трымалася на плыву. Аб гэтым сведчыць і добраўпарадкаванне тэрыторыі Астравецрайгазу, і вынікі работы прадпрыемства. Арганізацыя выконвае толькі тыя работы, на якія ў яе ёсць ліцэнзія: рамонтныя, наладачныя і будаўнічыя. Асноўны ж паказчык развіцця прадпрыемства – платныя паслугі. Сёлета Астравецрайгаз іх выканаў на 110,8 % да ўзроўню мінулага года.
Затым кіраўнікоў сустрэў ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, на тэрыторыі якога, дарэчы, таксама праходзіць добраўпарадкаванне – на момант нашага прыбыцця супрацоўнікі ДРБУ праводзілі ўкладку асфальту. Дырэктар лясгаса Рыгор Мечыслававіч Долгі расказаў пра дасягненні сваёй арганізацыі, а таксама правёў экскурсію па дрэваапрацоўчаму цэху і паказаў прэс для вытворчасці паліўных брыкетаў з адходаў дрэваапрацоўкі. Нягледзячы на вялікі кошт прэса кіраўніцтва спадзяецца, што ён хутка акупіцца і пачне прыносіць гаспадарцы прыбытак. Прамысловасць у лесагаспадарчай установе заняла лідзіруючае месца. І толькі за пяць месяцаў гэтага года Астравецкім лясгасам на экспарт адпраўлена прамысловых тавараў на суму 670 тысяч долараў.
Было што паглядзець і на тэрыторыі АБЗ ДРБУ-159. Тут пачалі ўстанаўліваць асфальтазмешвальную ўстаноўку нямецкай вытворчасці, якая ў хуткім часе пачне сваю работу і забяспечыць неабходнай колькасцю асфальту не толькі наш раён, але і іншыя рэгіёны рэспублікі.
Падвядзенне вынікаў прайшло на тэрыторыі РЭС. Альфрэд Станіслававіч Калеснік расказаў пра сваю гаспадарку, якая трывала трымаецца на лідзіруючых пазіцыях у нашым раёне не толькі па добраўпарадкаванню тэрыторыі, але і па іншых параметрах. Менавіта тут можна павучыцца ахове працы і тэхніцы бяспекі, узроўню падрыхтоўкі спецыялістаў, парадку і чысціні, якая штодзень пануе ў гэтай арганізацыі.
Падчас падвядзення вынікаў з інфармацыяй аб сваіх напрацоўках і недахопах, планах і “вострых” пытаннях выступілі дырэктар ЖКГ А.Б. Стурліс, галоўны інжынер завода “Радыёдэталь” Ч.Р. Магельніцкі, дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання В.М. Ляцкая, галоўны інжынер кардоннай фабрыкі “Альхоўка” М.М. Сяргей, дырэктары Астравецгарпаліўзбыту Я.М. Андралойць і аўтапарка №4 А.В. Жук.


Алена ЯРАШЭВІЧ.