Аб тым, што хвалюе: кампетэнтна, з першакрыніц

11:46 / 08.06.2010







“Прамая лінія” са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам пачалася задоўга да вызначанага дня і часу: пытанні кіраўніку раённай вертыкалі паступалі на сайт “Астравецкай праўды”, у тэлефонных званках, людзі прыходзілі ў рэдакцыю асабіста, каб расказаць пра тое, што іх найбольш хвалюе. Усе пытанні падчас “Прамой лініі” былі перададзены старшыні райвыканкама – і сёння мы змяшчаем на іх адказы.
Аднак многія жыхары раёна хацелі пагаварыць з Адамам Дзмітрыевічам асабіста – і таму падчас правядзення “Прамой лініі” тэлефон у кабінеце старшыні райвыканкама не змаўкаў. Некаторыя пытанні патрабавалі больш дэталёвага разгляду, выезду на месца са спецыялістамі адпаведных службаў ці кампетэнтных адказаў кіраўнікоў адпаведных арганізацый, таму А.Д. Кавалька падчас тэлефоннай размовы абяцаў разабрацца і адказаць пазней — гэтыя адказы можна пачытаць у сённяшняй справаздачы аб “Прамой лініі”.
Усяго падчас “Прамой лініі” старшыні райвыканкама паступіла каля трыццаці пытанняў. Сёння мы змяшчаем адказы на асноўныя з іх, якія цікавяць не толькі саміх тэлефанаваўшых, але і іншых жыхароў раёна.


Пытанне з сайта “Астравецкай праўды” (www.ostrovets.by)
Марына
“Добры дзень, паважаны Адам Дзмітрыевіч. Мяне турбуе адно пытанне. Я сірата і па закону маю права на сацыяльнае жыллё. Але мне сказалі, што грошай на яго будаўніцтва вобласць не выдзяляе. Нядаўна ў райвыканкаме мне паведамілі, што я магу пабудаваць кватэру ў 13-м кааператыве, але зноў жа пры ўмове фінансавання вобласці. Прапанавалі будавацца самастойна, бо дзяржава аплаціць мне 50 працэнтаў кошту кватэры. Адкажыце, калі ласка, ці сапраўды сіроты могуць будаваць жыллё па такіх ільготах?”

У каментарыях на сайце мы прасілі Марыну падрабязней расказаць пра сябе, а галоўнае — назваць сваё прозвішча, каб можна было больш канкрэтна адказаць на яе пытанне. Але дзяўчына больш не адгукнулася. Таму адказ на яе пытанне, які падрыхтавалі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, тлумачыць агульны парадак прадастаўлення льготнага жылля дзецям-сіротам.
— У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2000 года №185 «Аб прадастаўленні грамадзянам льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў», дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, маюць права на пазачарговае ўключэнне ў спісы на атрыманне льготных крэдытаў пры будаўніцтве жыллёва-будаўнічага кааператыву, а таксама на сумеснае выкарыстанне льготнага крэдыту і аднаразовай бязвыплатнай субсідыі ў памеры да 50 працэнтаў кошту льготна крэдытуемай плошчы, якая прадастаўляецца асобам з гэтай катэгорыі грамадзян ў парадку чаргі.
Увогуле ў 2009 годзе ў нашым раёне пабудаваны дзве сацыяльныя кватэры, сёлета таксама будуюцца чатыры такія кватэры ў жыллёва-будаўнічым кааператыве №13, якія будуць прадастаўлены грамадзянам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, у адпаведнасці з датай пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.


— Алё, Адам Дзмітрыевіч? Вам тэлефануе Ганна Віктараўна Штура з вуліцы Ленінскай, дом 8. Вы можаце адказаць, чаму жыхары нашых дамоў №№ 8 і 10 плацяць зімой за кватэру нашмат больш, чым тыя, хто жыве на вуліцы Валадарскага? Спрабавалі высветліць у камунгасе, ды так нічога і не зразумелі. І ўвогуле – з чаго складаецца плата за камунальныя паслугі?
І яшчэ адно пытанне: ці будзе добраўпарадкоўвацца наш двор? Там ад вуліцы Піянерскай такая яміна – заехаць немагчыма.

— Што тычыцца другой часткі пытання, то мы ведаем гэтую праблему. Да канца чэрвеня двор дамоў 8 і 10 па вуліцы Ленінскай рабочымі РУП ЖКГ будзе падсыпаны гравіем і прагрэйдзіраваны, калдобіну пры заездзе з вуліцы Піянерскай зараўняем.
А ў адносінах платы за кватэру, то тут так адразу не адкажаш, трэба разабрацца. Я дам такое даручэнне начальніку РУП ЖКГ, і вы затым атрымаеце канкрэтны адказ.
У адказе, які даў па гэтаму пытанню начальнік РУП ЖКГ А.Б. Стурліс, гаворыцца:
— Сістэма фарміравання кватэрнай платы для ўсяго добраўпарадкаванага жылфонда адзіная і складаецца з платы за тэхнічнае абслугоўванне, за халодную ваду, за падагрэў вады ў дамах з цэнтралізаваным водазабеспячэннем, за каналізацыю, за ацяпленне, за вываз цвёрдых бытавых адходаў, адлічэнняў на капітальны рамонт. У выпадку, пра які ідзе гаворка, аплата за камунальныя паслугі праводзілася па паказаннях вымяральных прыбораў. А паколькі дом №8 па вуліцы Ленінскай – адзін з самых старых у Астраўцы, і адпаведна, састарэлі і яго сістэмы цеплазабеспячэння, то яны больш спажываюць цяпла ў зімовы перыяд, пра што сведчаць паказанні цеплалічыльніка – адсюль і большая плата за камунальныя паслугі.

Ветэран працы з Гервят Ядвіга Браніславаўна Трышына сама прыйшла ў рэдакцыю, каб перадаць старшыні райвыканкама сваё пытанне, дакладней, просьбу. Справа ў тым, што на яе доме падчас будаўніцтва аграгарадка ў Гервятах пафарбавалі стары шыфер: выгляд атрымаўся прыстойны, а вось цэласнасць яго падчас рамонтных работ была пашкоджана, і дах стаў працякаць. А дом стаіць у цэнтры аграгарадка, паблізу касцёла, і Ядвіга Браніславаўна справядліва лічыць, што перакрываць дах звычайным шыферам — псаваць выгляд усёй вёскі. Вось і пытае яна: ці ёсць магчымасць набыць 100 лістоў чырвонага шыферу, каб перакрыць дах?
Пытанне было пераадрасавана старшыні праўлення райспажыўтаварыства М.Р. Блашкевіч.
— Заяўка на набыццё чырвонага шыферу ад жыхаркі Гервят Я.Б. Трышынай да нас не паступала, — растлумачыла Міраслава Раймундаўна. — Але праблемы з гэтым пытаннем няма: чырвоны шыфер цяпер ёсць на складах райспажыўтаварыства, і на працягу некалькіх дзён ён будзе завезены ў магазін вёскі Гервяты – няхай Ядвіга Браніславаўна звяртаецца туды.

— Алё, “Прамая лінія”? З Альхоўкі вам тэлефануюць. Адам Дзмітрыевіч, дапамажыце! У нас адключылі гарачую ваду. І як цяпер жыць? Людзі прыходзяць са змены – ні бялізну памыць, ні душ прыняць. Няхай бы хоць раз ці два на тыдзень давалі…
— Вы не першыя звяртаецеся да мяне з гэтым пытаннем – толькі сёння было чатыры званкі на гэтую тэму. Справа ў тым, што да гэтага часу гарачую ваду для гаспадарча-пітных патрэб насельніцтва Альхоўкі брала з сістэмы ацяплення, а там выкарыстоўваецца тэхнічная вада, якая бярэцца з адкрытых крыніц без усялякай ачысткі. Гэта катэгарычна забаронена пастановай галоўнага санітарнага ўрача Астравецкага раёна, бо такая вада не адпавядае ніякім санітарным нормам.
Але праблему з гарачым водазабеспячэннем пасёлка Альхоўка мы ведаем і будзем вырашаць. Цяпер РУП ЖКГ сумесна з праектнымі інстытутамі прапрацоўвае розныя варыянты. Адзін з іх – пабудова ў пасёлку кацельні і артэзіянскай свідравіны – дарэчы, пытанне з кацельняй ужо вырашана. Другі магчымы варыянт – устаноўка ў жылых дамах газавых калонак. Які з іх пасля дэталёвага вывучэння будзе прызнаны найбольш прымальным, пакуль сказаць не магу. Калі будзе прынята канчатковае рашэнне па гэтаму пытанню, жыхарам Альхоўкі мы дадзім пісьмовы адказ.

Са званкоў у рэдакцыю:
Інвалід, пенсіянерка Паліна Андрэеўна Рудзько, якая жыве ў Астраўцы на вуліцы Набярэжная ў доме №14, прасіла спілаваць каля дома старыя ліпы, якія, па яе словах, могуць рухнуць падчас навальніцы ці ўрагану і ствараюць пагрозу дому.

Разам з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі В.Э. Сенюцём старшыня райвыканкама пабываў каля дома №14 на вуліцы Набярэжнай.
— Мы прыйшлі да высновы, што тыя чатыры ліпы, што растуць каля дома пенсіянеркі, няма ніякай неабходнасці спілоўваць: дрэвы не старыя і не трухлявыя, а наадварот – маладыя і прыгожыя, і ніякай пагрозы дому не ствараюць. І нават цень ад іх падае не ў двор пенсіянеркі, а на вуліцу. Так што няхай дрэвы растуць і радуюць людзей сваёй прыгажосцю і ценем у спякотны дзень.

— Вас турбуе пенсіянер з вёскі Газа Эдуард Аляксандравіч Кімса. Адам Дзмітрыевіч, дапамажыце зрабіць добраўпарадкаванне ў нашай вёсцы на старой вуліцы. Тут жа ні праехаць, ні прайсці немагчыма…
— Я даручу Варнянскаму сельскаму Савету разабрацца з вашым пытаннем. Калі такая праблема сапраўды існуе, то трэба зрабіць на вясковай вуліцы падсыпку і грэйдзіраванне.

Пытанне з сайта “Астравецкай праўды” (www.ostrovets.by)
“Калі ў аграгарадку Варняны з’явіцца нармальны Дом культуры?”

— На баланс раённага аддзела культуры ў 2007 годзе для размяшчэння сельскага Дома культуры быў перададзены будынак былога Варнянскага вучэбна-вытворчага камбіната, дзе цяпер размяшчаюцца ўстановы культуры. Зараз у куды больш зручных умовах працуюць дзіцячая школа мастацтваў, бібліятэка. Сёлета выдзелены грошы і праводзіцца рамонт у фае – пасля яго завяршэння тут будзе створана нармальная танцавальная зала. СВК “Варняны” рамантуе сваімі сіламі залу пасяджэнняў – такім чынам хутка ў вёсцы з’явіцца і прыстойная глядзельная зала. А ў перспектыве плануецца перадаць аддзелу культуры прыбудову да будынка колішняга ВВК, і там размесціцца дыска-зала.

Алё, Адам Дзмітрыевіч? Вас турбуе жыхар вёскі Кярняны Іван Антонавіч Юркойць. Хачу вам расказаць пра сваю бяду. Мы даглядаем жончыну сястру, якая з’яўляецца інвалідам па псіхічнаму захворванню. Ёй належаць бясплатныя лякарствы, але, каб іх атрымаць, яе трэба вазіць на камісію ў Астравец у бальніцу. Але дзе ж ты такога хворага чалавека прывязеш?! І другое. З яе пенсіі нам трэба кожны месяц вяртаць у райсабес 10 тысяч рублёў. А ці ж лёгка мне, старому чалавеку, кожны месяц ехаць з-за гэтых 10 тысяч рублёў у Варняны? Вось я і прашу: няхай бы сабес адразу забіраў гэтыя грошы і не ствараў дадатковых клопатаў.
Разабрацца ў гэтай праблеме дапамагалі галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы В.І. Тачоны і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ч.Э. Кандратовіч.
Валянцін Ігнатавіч Тачоны:
— Нашы ўрачы выязджалі ў Кярняны, каб разабрацца з гэтай праблемай на месцы. Высветлілася, што Валянціна Станіславаўна Радута, якую даглядае Іван Антонавіч Юркойць, з’яўляецца інвалідам ІІ групы па арганічнаму паражэнню цэнтральнай нервовай сістэмы з дзяцінства. Усе медыцынскія прэпараты, якія належаць па гэтаму захворванню, ёй выпісваюцца на льготных умовах. І на камісію ёй прыязджаць не трэба, бо група інваліднасці за жанчынай замацавана пажыццёва.
Часлава Эдуардаўна Кандратовіч:
— Іван Антонавіч Юркойць замацаваны ў якасці сацыяльнага работніка па абслугоўванню інваліда Валянціны Станіславаўны Радута. За надомнае абслугоўванне інвалід павінен выплачваць дзяржаве невялікія грошы. Але ўтрымліваць іх з пенсіі мы не маем права, бо Закон “Аб пенсійным абслугоўванні” не прадугледжвае ўтрыманне сум на сацыяльнае абслугоўванне. Таму аплату трэба рабіць самастойна цераз аддзяленне “Беларусбанка” альбо цераз касу Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Са званкоў у рэдакцыю:
Жыхарка Астраўца Вольга Руднік цікавілася, ці будуць зносіцца старыя дамы па вуліцы Ленінскай, і калі?
— У бліжэйшай перспектыве старыя дамы па вуліцы Ленінскай зносіцца не будуць: пакуль што ў нас няма такой магчымасці, перш за ўсё – фінансавай.

— Вас турбуе пенсіянерка Марыя Іосіфаўна Авен. Я жыву па вуліцы Гімбіцкага ў Астраўцы. Вуліца наша невялікая, але вельмі ж разбітая. Некалі тут пракладвалі газ, і пасля таго толкам нічога не зрабілі. Цяпер, пасля дажджоў, паўсюль стаіць вада, лужыны, ямы. Ці можна зрабіць хоць якое-небудзь добраўпарадкаванне на нашай вуліцы?
— Правесці грунтоўнае добраўпарадкаванне вуліцы Гімбіцкага ў гэтым годзе мы, на жаль, не зможам з-за адсутнасці грошай на гэтыя мэты. Але мінімальнае – падсыпку і грэйдзіраванне — у чэрвені работнікі РУП ЖКХ зробяць.

Пытанне з сайта “Астравецкай праўды” (www.ostrovets.by)
Праўлуцкая Г.Л.
“Паважаны Адам Дзмітрыевіч! Ад імя жыхароў вёскі Варняны (вуліца Маладзёжная) звяртаюся да вас з пытаннем аб правядзенні рамонту каналізацыйнай сістэмы, якая ў нас хутчэй не працуе, чым працуе. Каналізацыйныя сцёкі выліваюцца на паверхню і распаўсюджваюць смурод. Гэтая сітуацыя доўжыцца ўжо не адзін год і патрабуе неадкладнага вырашэння”.

— Ведаем пра вашу праблему – яна сапраўды патрабуе неадкладнага вырашэння. Як паведаміў мне начальнік РУП ЖКГ А.Б. Стурліс, існуе дамоўленасць з кіраўніцтвам вашага СВК “Варняны” аб набыцці абсталявання для рамонту каналізацыі. Аляксандр Браніслававіч запэўніў, што ў трэцім квартале гэтага года каналізацыйная сістэма ў вёсцы Варняны будзе адрамантавана.

— Вам тэлефануе з Новых Якентан Радкевіч. Адам Дзмітрыевіч, дапамажыце вырашыць нашу праблему. Падчас веснавой паводкі ў нас вадой размыла дарогу. І да каго мы ні звярталіся, усе адмахваюцца, кажуць, што гэта не іх справа. Можа, вы дапаможаце ў нашай бядзе?
— Трэба выехаць на месца і паглядзець, што там у вас за праблема. Думаю, што мы даручым Астравецкаму сельскаму Савету адрамантаваць вашу дарогу.

Са званкоў у рэдакцыю:
Пенсіянер, жыхар вёскі Вавяраны Гудагайскага сельскага Савета Уладзіслаў Іванавіч Місевіч прасіў пацікавіцца ў старшыні райвыканкама, як пенсіянеру прывезці дровы? Купіць іх без праблем можна і ў Палушскім, і ў Астравецкім лясніцтвах, а вось прывезці леснікі не абяцаюць – кажуць, што няма транспарту.

Разабрацца з гэтым пытаннем А.Д. Кавалька даручыў начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ч.Э. Кандратовіч.
Часлава Эдуардаўна ў адказ на гэтае пытанне паведаміла наступнае:
— Асноўнымі пастаўшчыкамі паліва насельніцтву ў нашым раёне з’яўляюцца ДЛГУ “Астравецкі лясгас” і Астравецкі філіял УП “Гроднааблпаліва”. У Астравецкім і Палушскім лясніцтвах паліва сапраўды выпісваецца ў неабмежаванай колькасці, аднак транспарту для яго дастаўкі ў арганізацыі не хапае, і таму прывозяць дровы лясгасаўскім транспартам толькі льготным катэгорыям грамадзян – ветэранам вайны, інвалідам, адзінока пражываючым састарэлым. Усе іншыя павінны забіраць паліва сваім транспартам.
Дарэчы сказаць, транспарт для дастаўкі дроў можна заказаць ці ў Астравецкай сельгастэхніцы – кошт паслугі складае 40 000 рублёў за адну гадзіну работы (тэлефон 2-11-66), ці аўтапарку №4 – кошт паслугі 15 000 за адну гадзіну работы і 1020 рублёў за адзін кіламетр прабегу (тэлефон 2-15-51).
Астравецкі філіял УП “Гроднааблпаліва” рэалізуе насельніцтву колатыя дровы з дастаўкай да месца пражывання. Кошт машыны колатых дроў (4,2 кубаметра) з дастаўкай складае 192 тысячы рублёў.

— Гэта “Прамая лінія”? Вас турбуюць з Варнян, прозвішча маё Аўгуль. Я ўжо паўгода не магу купіць у нашым магазіне дамскі веласіпед, хоць заказала яго даўно.
— Гэта не праблема – у бліжэйшыя дні вы зможаце набыць у сваім магазіне заказаны вамі веласіпед
Старшыня праўлення райспажыўтаварыства М.Р. Блашкевіч паведаміла ў сваім адказе, што да 1 чэрвеня заяўка на дамскі веласіпед з вёскі Варняны была выканана. Застаецца толькі пашкадаваць, што работнікі гандлю не зрабілі гэта раней, і людзі з такім дробязным пытаннем вымушаны былі звяртацца на “Прамую лінію” да старшыні райвыканкама.

С.А. Сабалеўская, жыхарка дома №41А па вуліцы Валадарскага, прыйшла ў рэдакцыю з пісьмом, якое папрасіла перадаць старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку падчас “Прамой лініі”. Сэнс звароту зводзіўся да таго, што іх дом – былы інтэрнат МПМК-158, цяпер перададзены на баланс камунгаса -- зусім недагледжаны. Тэрыторыя вакол яго недобраўпарадкаваная – няма ні дзіцячай пляцоўкі, ні месца для выбівання дываноў, ні тратуараў, ні казырка над уваходнымі дзвярыма, ні асвятлення. Абліцовачная плітка з дома абсыпаецца і стварае пагрозу для тых, хто праходзіць міма, – і адначасова пагрозу самому дому, бо ў месцах, дзе плітка адвалілася, сцяна размываецца, зімой прамярзае.
Даць адказ на гэтае пытанне А.Д. Кавалька даручыў начальніку РУП ЖКГ А.Б. Стурлісу.
Аляксандр Браніслававіч паведаміў, што пра плачэўны стан дома №41А па вуліцы Валадарскага ў камунгасе ведаюць, але зрабіць усё адначасова немагчыма, бо рамонт дома патрабуе значных фінансавых затрат. Сёлета пасля заканчэння работ па замене цепласетак у раёне гэтага дома будзе зроблена добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі і ўстаноўлены казырок над уваходнымі дзвярыма дома №41А. Астатняга рамонту жыхарам пакуль давядзецца пачакаць.

— Адам Дзмітрыевіч, у нас такая бяда: пасля кожнага дажджу наша вуліца імя Янкі Купалы топіцца. На вуліцы падсыпалі дарогу, і пасля гэтага ўся вада пайшла ў агароды прыватных дамоў. Ці плануецца ў нас што-небудзь зрабіць, каб адвесці ваду? Я тэлефаную вам ад імя ўсіх жыхароў нашай вуліцы, прозвішча маё Бароўскі.
— Так, праблема адводу вады з вуліцы імя Янкі Купалы існуе. Каб адвесці талыя і дажджавыя воды ад дамоў, патрэбна зрабіць водаадводную канаву і водапрапускныя трубы пры ўездзе ў кожны двор. Як паведаміла мне кіраўніцтва РУП ЖКГ, у гэтым годзе будзе заказана праектна-каштарысная дакументацыя на абуладкаванне водаадводу – зрабіць сёлета большае нам, хутчэй за ўсё, не дазволяць сродкі.

Са званкоў у рэдакцыю:
Жыхары вёскі Чэхі ў тэлефонным званку ў рэдакцыю напярэдадні правядзення “Прамой лініі” скардзіліся на дрэнную работу вясковага магазіна: тавары туды не завозяцца, нават хлеб. Яны прасілі альбо наладзіць работу гандлёвай кропкі ў іх вёсцы, альбо пусціць аўталаўку – але ўстанавіць пэўны графік яе прыезду і паведаміць пра яго вяскоўцам.

Другое пытанне, якое ўздымалі ў сваім тэлефанаванні на “Прамую лінію” жыхары вёскі Чэхі, — дом у вёсцы Швяйляны, які ў свой час за бюджэтныя сродкі набылі для воіна-інтэрнацыяналіста Мехмана Мехціева. Але гаспадар там не жыве, падворак зарастае пустазеллем, ды і сам дом прыходзіць у заняпад. Ці не лепш было б аддаць яго чалавеку, які б там жыў і падтрымліваў парадак, – цікавіліся ў старшыні райвыканкама вяскоўцы.
Пытанне па рабоце магазіна ў вёсцы Чэхі было пераадрасавана старшыні райспажыўтаварыства М.Р. Блашкевіч.
Міраслава Раймундаўна паведаміла, што магазін у вёсцы закрыты часова, з-за адсутнасці прадаўца. Пакуль ідуць пошукі падыходзячай кандыдатуры, вяскоўцаў будзе абслугоўваць аўталаўка, якая стане прыязджаць у Чэхі тры разы на тыдзень: у панядзелак — у 13.30, у сераду – у 15.30 і ў суботу – у 9.00. Разам з тым Міраслава Раймундаўна звярнулася да мясцовых жыхароў з просьбай дапамагчы падабраць кандыдатуру на пасаду загадчыка магазіна, каб гандлёвая кропка як мага хутчэй пачала працаваць у нармальным рэжыме і абслугоўваць вяскоўцаў належным чынам.
Па пытанню дома ў вёсцы Швяйляны, які быў набыты для воіна-інтэрнацыяналіста Мехціева, А.Д. Кавалька даў даручэнне старшыні Варнянскага сельвыканкама разабрацца ў сітуацыі, запрасіць гаспадара на пасяджэнне сельвыканкама і паставіць яму ўмову: альбо ён засяляецца ў набыты для яго, як воіна-інтэрнацыяналіста, дом, жыве там і падтрымлівае належны парадак, альбо гэтае домаўладанне будзе перададзена тым, хто мае патрэбу ў жыллі і стане сачыць за парадкам у доме і на падвор’і.

— Алё, гэта “Прамая лінія”? Да вас звяртаецца Таісія Рыгораўна Папяльніцкая з вёскі Вавяраны. Адам Дзмітрыевіч, дапамажыце вырашыць праблему бадзялых сабак. Куды я ўжо толькі ні звярталася з гэтай бядой – і ў сельсавет, і камунгас, і ў міліцыю, і ўсе толькі адмахваюцца, ківаюць адзін на аднаго. А зграі сабак як бадзяліся вакол Гудагая, так і бадзяюцца. У мяне за сем гадоў сабакі загрызлі восем коз – і ніхто ні ў чым не вінаваты. Ці ж гэта магчыма? Няўжо трэба чакаць, каб бяда здарылася з людзьмі?
А яшчэ я хацела папрасіць, каб на могілках у Астраўцы прыбралі старую сасну, бо яна вось-вось упадзе і разбурыць помнік на магілцы, за якой я даглядаю.
І раз я ўжо вам тэлефаную, то хачу пацікавіцца, куды вясковы чалавек можа прыстроіць нявыкарыстаныя чэкі “Жыллё”?
З першым пытаннем, якое паставіла Таісія Рыгораўна, А.Д. Кавалька даручыў разабрацца старшыні Гудагайскага сельскага Савета М.І. Безляповіч.
Марыя Іванаўна паведаміла, што праблема бадзялых сабак сапраўды вельмі актуальная для Гудагая – днямі, напрыклад, зграя іх загрызла насмерць двухгадовую цялушку. Гэтае пытанне неаднаразова прапрацоўвалася ў сельвыканкаме. У сакавіку гэтага года ў РУП ЖКГ была пададзена чарговая заяўка на адстрэл бадзялых сабак у вёсках сельскага Савета, але справа з месца не зрушылася. Магчыма, зварот на “Прамую лінію” дапаможа абараніць жыхароў Гудагайскага сельсавета і іх жывёлу ад здзічэлых безгаспадарных сабак.
Парадак выкарыстання чэкаў “Жыллё” растлумачыла начальнік аддзела дакументацыйнага і прававога забеспячэння і работы з насельніцтвам райвыканкама В.І. Дземеш.
У прыватнасці, Валянціна Іванаўна паведаміла, што чэкі “Жыллё” могуць быць выкарыстаны грамадзянамі ці членамі іх сямей , якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, для выплаты паявога ўзносу ў жыллёва-будаўнічым кааператыве, фінансавання індывідуальнага ці калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыі жылля, набыцця жылых памяшканняў і пагашэння запазычанасці па крэдытах банкаў і пазыках юрыдычным асобам, узятых для гэтых мэт. Грамадзяне маюць права на індэксацыю чэкаў “Жыллё” для пагашэння кошту будаўніцтва, рэканструкцыі ці набыцця толькі аднаго памяшкання. Акрамя таго, чэкі “Жыллё” могуць быць залічаны пры прыватызацыі займаемага па дагавору найму дзяржаўнага жылля. Для індэксацыі на гэтыя мэты могуць быць выкарыстаны чэкі “Жыллё”, налічаныя грамадзянам ва ўстаноўленым парадку, альбо атрыманыя ў выніку дарэння ад блізкіх родзічаў ці ў спадчыну ад іх. У ніякіх іншых мэтах, акрамя вышэйпералічаных, чэкі “Жыллё” выкарыстаны быць не могуць.
А вось па пытанню Т.Р. Папяльніцкай аб выдаленні аварыйнай сасны на гарадскіх могілках начальнік аддзела камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.Э. Сянюць паведаміў, што гэтая задача невыканальная. На старых астравецкіх могілках ніякага добраўпарадкавання зрабіць проста немагчыма. У свой час пахаванні там рабілі, хто як хацеў. І сёння нават прайсці паўз магілы цяжка, не кажучы ўжо пра тое, каб падагнаць нейкую спецыяльную тэхніку і правесці якія-небудзь работы.

Са званкоў у рэдакцыю:
Жыхары вуліц Лугавой і Светлай у тэлефонным званку ў рэдакцыю цікавіліся, ці плануецца добраўпарадкаванне іх вуліц і скардзіліся, што дарога там разбітая, уся ў ямінах. Яны прасілі зрабіць хоць бы мінімальны рамонт: падсыпку і грэйдзіраванне.

— Правесці поўнамаштабнае добраўпарадкаванне на вуліцах Лугавой і Светлай пакуль няма магчымасці з-за недахопу фінансавання. Але падсыпка і грэйдзіраванне іх, як паведаміў начальнік РУП ЖКГ А.Б. Стурліс, будзе зроблена на працягу чэрвеня гэтага года.

На “Прамой лініі” дзяжурыла Ніна РЫБІК.